У рынку Беларусі два галоўныя складнікі – якасць і бяспека. Любы тавар, айчынны альбо імпартны, павінен бескампрамісна адпавядаць гэтым патрабаванням, каб патрапіць на вітрыны і прылаўкі нашых крамаў. У краіне створана і эфектыўна функцыянуе сістэма кантрольна-нагляднай дзейнасці за якасцю і бяспекай рынку, якая ўключае ў сябе інспекцыі Дзяржстандарту, падраздзяленні міністэрстваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання, міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Разам з тым, галоўным цэнзарам і кантралёрам быў і застаецца актыўны і дасведчаны пакупнік – мы з вамі.
Як у Беларусі працуе механізм нагляду за бяспекай унутранага рынку, а таксама што павінен ведаць шараговы спажывец, каб абараніць сябе ад рызыкі купіць няякасны тавар, – у нашым матэрыяле.
Вытворца не заўсёды правы
На тэрыторыі ЕўрАзЭС, паўнапраўным удзельнікам якога з'яўляецца Беларусь, устаноўленыя адзіныя патрабаванні да якасці і бяспекі ўсёй увозімай і рэалізуемай прадукцыі, абавязковыя да выканання. Гэтыя патрабаванні рэгулююцца 43 тэхнічнымі рэгламентамі, яшчэ 5 у бліжэйшы час уступяць у сілу, 12 дакументаў знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі. Гэтага дастаткова, каб практычна цалкам забяспечыць кантроль за абаротам тавараў на спажывецкім рынку.
Па словах намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Барташэвіча, каля траціны ўсіх парушэнняў, што выяўляюцца, звязаныя з адсутнасцю альбо неабгрунтаванай выдачай дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці патрабаванням тэхрэгламентаў. У гэтым выпадку тавар апрыёры расцэньваецца, як патэнцыяльна небяспечны.
Так, за першае паўгоддзе 2020-га было канфіскавана са звароту каля 1,5 тысячы найменняў прадукцыі, якая не адпавядае патрабаванням якасці і бяспекі, забаронены ўвоз у краіну 900 найменняў тавараў, анулявана больш за 600 дакументаў аб пацверджанні адпаведнасці.
Чым яшчэ грашаць нядобрасумленныя вытворцы і прадаўцы, прапаноўваючы да продажу няякасны тавар, і якія парушэнні найбольш часта фіксуюцца кантралюючымі органамі?
- Маніпуляцыі з маркіроўкай: яна альбо адсутнічае на тавары, альбо не чытаемая, альбо не ўтрымлівае ўсёй неабходнай інфармацыі. Таксама яна можа быць непраўдзівая ці неадназначная. Напрыклад, 55% зафіксаваных у першым паўгоддзі парушэнняў у дачыненні да прадуктаў харчавання звязаныя менавіта з маркіроўкай. Намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўнага нагляду за тэхнічнымі рэгламентамі і метралагічнага кантролю Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Вольга Мажэйка таксама звярнула ўвагу, што ёсць 6 харчовых дабавак, якія патрабуюць, каб інфармацыя пра іх была нанесеная на ўпакоўку, паколькі яны аказваюць уплыў на ўвагу і актыўнасць дзяцей. Верагодна, асцерагаючыся зніжэння аб'ёмаў продажаў, некаторыя вытворцы ўсімі спосабамі спрабуюць гэтую інфармацыю на маркіроўку не выносіць. Такія выпадкі таксама фіксуюцца.
- Якасць і бяспечнасць тавару.
У дачыненні да харчовых прадуктаў гэта:
- у першую чаргу продаж тавараў з тэрмінам прыдатнасці, які скончыўся;
- парушэнні, выяўленыя па мікрабіялагічных паказчыках (перавышэнне дапушчальнага ўтрымання цвілі і дрожджаў, сінтэтычных фарбавальнікаў і харчовых дабавак, выяўленне недапушчальных у пэўнай масе прадукту бактэрый групы кішэчных палачак, а таксама ўстанаўліваюцца адзінкавыя выпадкі наяўнасці патагеннай мікрафлоры ў прадуктах харчавання;
- выкарыстанне пры вырабе харчовай прадукцыі маслатлушчавай сыравіны з утрыманнем звыш нормы трансізамераў тлустых кіслотаў. Як правіла, гэта адносіцца да мучных і кандытарскіх вырабаў.
У дачыненні да нехарчовай групы тавараў:
- невыкананне патрабаванняў бяспекі. Напрыклад, у таварах лёгкай прамысловасці неадпаведнасць нормам гіграскапічнасці і паветрапранікальнасці (важнейшыя паказчыкі, якія забяспечваюць не толькі камфортнае нашэнне, але таксама аказваюць уплыў на самаадчуванне і здароўе);
- прымяненне недапушчальных сінтэтычных матэрыялаў у бялізне для дзяцей да 1 года;
- у закрытым абутку для дзяцей выкарыстанне штучнай падшэўкі, што недапушчальна для ўсіх полаўзроставых груп;
- наяўнасць адкрытай пятачнай часткі ў абутку для дзяцей да 3-х гадоў;
- адсутнасць у вучнёўскіх заплечніках святлоадбівальных элементаў, перавышэнне дапушчальнай масы вырабу і інш.
Любая прадукцыя з выяўленымі парушэннямі забараняецца да абароту, тавар канфіскоўваецца, анулююцца дакументы адпаведнасці.
«Чорны спіс»
Звяртаем увагу нашых чытачоў на тое, што ў Беларусі створаны рэестр небяспечнай прадукцыі і забароненых да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі краіны тавараў.
У ім ужо змяшчаецца каля 2800 найменняў тавараў, спіс увесь час абнаўляецца. Пералік забароненых тавараў уключае тэхнічныя вырабы (свяцільні, кабелі, лямпы, бытавую тэхніку, гірлянды і інш.), прадукты харчавання, тавары лёгкай прамысловасці, у тым ліку для дзяцей і падлеткаў, цацкі, друкаваную прадукцыю, мэблю і многае іншае.
Дадзены рэсурс знаходзіцца ў адкрытым доступе. І ўсе зацікаўленыя могуць выкарыстоўваць яго, каб пазбегнуць пакупкі забароненых з-за грубых парушэнняў патрабаванняў бяспекі тавараў, альбо адрэагаваць, калі такі тавар будзе заўважаны ў продажы.
Зараз у рамках еўразійскага саюза рэалізуецца пілотны праект па стварэнні адзінай базы небяспечных прадуктаў. Па словах Дзмітрыя Барташэвіча, Беларусь – самы актыўны ўдзельнік гэтага працэсу. Ёсць надзея, што ў хуткім часе з'явіцца паўнавартасная сістэма, якая дасць магчымасць праз долі секунды пасля ўвядзення інфармацыі рабіць яе даступнай і спажыўцам, і наглядным органам усіх краін-удзельніц ЕўрАзЭС, што дазволіць нашмат больш эфектыўна абараняць рынак ад небяспечных тавараў.
Важна ведаць!
Мы неаднаразова давалі для нашых чытачоў інфармацыю, якую неабходна ведаць, выпраўляючыся за пакупкамі, каб не атрымаць расчараванне замест якаснага тавару. Нягледзячы на тое, што рынак у Беларусі ў цэлым застаецца бяспечным, быць напагатове ніколі не пашкодзіць.
Асвяжыце ў памяці карысную інфармацыю:
- як выбраць якасную школьную форму для дзіцяці, мы пісалі тут і тут;
- у гэтым матэрыяле можна прачытаць, як не памыліцца пры выбары вучнёўскага заплечніка;
- а тут мы сабралі ўсё самае важнае пра бяспеку друкаванай прадукцыі;
- дзіцячыя цацкі таксама трэба купляць, ведаючы нюансы;
- набліжаецца сезон бахчавых, пераканайцеся, што вы ўмееце правільна выбіраць кавуны і дыні;
- скарбніца карыснай інфармацыі пра выбар якасных і бяспечных прадуктаў харчавання – тут.
https://bel.24health.by/yaki-posud-lepsh-ne-kuplyac-razbiraemsya-u-yakasci-yago-materyyalau/