У наш час рэдкі мужчына не задумваецца пра тое, ці не адгадаваць яму бараду ці хаця б брутальнае шчацінне. Вобраз барадатага мача, апранутага так, як быццам узяў раніцай з шафы першую рэч, якая трапілася пад руку, усё яшчэ ў модзе.
Галоўная «фішка» ламберсэксуалаў (ад англ. Lumberjack – лесаруб, дрывасек) – падкрэсленая мужнасць. Аднак паказная нядбайнасць – падманка. Каб барада глядзелася сапраўды стыльна і сэксуальна, за ёй патрэбны дбайны догляд. Не кажучы ўжо пра тое, што да вобраза ламберсэксуала часцяком прыкладаецца падоўжаная стыльная стрыжка і татуіроўкі.
Догляд барады
Памятка для ламберсэксуала. Усе сакрэты прыгожага шчаціння і барады ад майстра
Прафесійныя стылісты сцвярджаюць: барада можа схаваць недахопы твару і надаць мужчыну больш прывабны выгляд.
Дастаткова прыгадаць такіх вядомых акцёраў, як Джэйсан Мамаа («Аквамэн» з яго удзелам зараз штурмуе сусветны кінапракат), Х'ю Джэкман, Раян Гослінг, з больш блізкіх да нас да гэтага вобраза можна прыпісаць Данілу Казлоўскага, спевакоў Джыгана, Цімаці, з беларусаў на розум прыходзяць тэлевядучы Яўген Перлін, спявак Герман Цітоў (кожны можа працягнуць гэты спіс па сваім меркаванні, напэўна, у вашым офісе ёсць пара-тройка барадатых калег).
Культура догляду сябе
Раян Гослінг
Надзея Камінская займаецца мужчынскімі стрыжкамі і галеннем ужо 11 гадоў. Сёння дзяўчына – тэхнолаг Prostar.by, цырульнік-мадэльер, майстар 6 разраду, пераможца чэмпіянату Беларусі Ружа Вятроў 2007 года.
– Лічу, што галенне – досыць інтымны працэс. Ты ўмешваешся ў інтымную зону кліента, дакранаешся да яго. Таму трэба стварыць атмасферу спакою, цішыні, поўнага рэлаксу, каб чалавек мог расслабіцца і адпачыць. Важна ўсё: якая музыка грае на заднім плане, які пах у кабінеце, чым пахнуць ручнікі. Важна, каб майстар і кліент супадалі энергетычна, інакш галенне не можа быць удалым. Калі ўсё сыходзіцца, мужчыны вылятаюць пасля працэдуры, як на крылах. За гэтыя паўгадзіны яны дазваляюць сабе запаволіцца, нікуды не спяшацца, удзяліць час сабе, а бывае, нават і паспаць.
Каму не трэба гадаваць бараду?
- Калі вы ці ваша сям'я не гатовыя прыняць сябе ў новым вобразе.
- Калі вы не гатовыя пастаянна даглядаць бараду. Догляд барады – не толькі наведванне майстра. Мноства працэдур давядзецца рабіць дома самастойна. Гэта абавязковы момант дня (раніцай і ўвечары), такі ж, як і чыстка зубоў.
Тры галоўныя парады па догляду барады
Калі папярэднія пункты вас не напалохалі, тады рыхтуйцеся запісваць. Такім чынам, што ж дапаможа вашай барадзе выглядаць ідэальна?
- Рэгулярнае наведванне майстра.
- Неабходны інструментарый. Ён павінен быць у вас у хатнім карыстанні. Акрамя візітаў да майстра, падтрымліваць контур барады трэба і самастойна.
- Правільна падабраная касметыка.
– Барада як губка. Яна чапляе на сябе часцінкі пылінак, бруду, рэшткі ежы, пахі. Твар трэба мыць раніцай і перад сном. Схема дзеянняў такая: спачатку памыць твар пенкай або гелем для мыцця (нейтральнымі, без утрымання спірту), потым вымыць бараду спецыяльным шампунем, для доўгай барады абавязкова выкарыстоўваць і кандыцыянер, каб распрастаць валасінкі, затым увільготніць скуру адмысловым маслам і расчасаць бараду.
Калі барада не расце
Калі вам больш за 25 гадоў і барада ў вас так і не расце, дык час задумацца пра іншы імідж: брутальным барадачом вам ужо не стаць. А вось у 20-гадовых хлопцаў ёсць яшчэ ўсе шанцы на густую бараду пры выкананні некалькіх простых рэкамендацый.
- Рабіце скраб твару. Валасінкі пад скурай ёсць, часцяком яны проста «спяць». Каб аднавіць кровазварот, апрацоўвайце скуру твару звычайным скрабам (не жорсткім). Яго можна купіць у любой касметычнай краме. Праводзіць такую працэдуру трэба адзін-два разы на месяц.
- Падчас прыёму душа масажуйце мачалкай распараныя шчокі кругавымі рухамі.
- Галіце нават лёгкі пушок. Падчас галення верхні слой скуры здымаецца, кісларод паступае ў тканкі, гэта таксама спрыяе «абуджэнню» валасінак.
Стыльная барада многае кажа пра яе ўладальніка. Мужчына, здольны рэгулярна і метадычна выконваць усе працэдуры для падтрымання расліннасці на твары ў дагледжаным стане, здольны на дасягненне любых доўгатэрміновых мэтаў.
Фота. Відэа – Генадзь Сукач.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by