Site icon Слушна

Пантэон легендарных асоб. Выстаўку Уладзіміра Стэльмашонка адкрылі ў НММ

Стэльмашонак

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Уладзімір Стэльмашонак. Сыны зямлі беларускай» з фондаў музея, прымеркаванай да 95-годдзя з дня нараджэння народнага мастака.

Уладзімір Стэльмашонак унёс значны ўклад у станаўленне і развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва, ён пражыў доўгае творчае жыццё, за якое паспеў многае: вёў шырокую грамадскую і творчую дзейнасць, на працягу 40 гадоў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пісаў карціны, ствараў манументальныя роспісы, па яго эскізах аформлены станцыі мінскага метрапалітэна.

Адкрыццё выстаўкі Уладзіміра Стэльмашонка

— Уладзімір Іванавіч сапраўды ўмеў стварыць уражанне маштабам сваёй асобы. — падкрэсліла на адкрыцці праекта Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Што такое нацыянальны герой, што такое нацыянальная традыцыя, што такое ўвогуле гісторыя і што такое любоў да сваёй радзімы? Бо амаль 10 год Уладзімір Іванавіч вучыўся ў Ленінградзе. Пасля фактычна трох навучальных устаноў ён мог цалкам застацца ў Расіі, але вярнуўся ў Беларусь. Сёння, углядаючыся ў яго работы, мы гаворым, што гэта класіка. Але ж быў час, калі яго абвінавачвалі ў фармалізме, калі не разумелі яго творчасць, не маглі яго прачытаць. А ён стварыў сапраўдны пантэон легендарных асоб на фоне беларускіх ручнікоў.

Вобраз роднай Беларусі праходзіць чырвонай ніткай праз усю творчасць Уладзіміра Стэльмашонка. Неаднаразова мастак звяртаецца да слаўных старонак гісторыі. Майстар стварае галерэю запамінальных партрэтаў выдатных людзей – гістарычных асоб, сваіх сучаснікаў.

У калекцыі Беларускага саюза мастакоў ёсць шмат работ Уладзіміра Стэльмашонка. Усе яны апрануты ў рамы, якія ствараў сам мастак. Унікальныя драўляныя рамы з узрушаючым нацыянальным арнаментам.

У 1950-я гады жывапісныя творы маладога мастака выкананы яшчэ ў традыцыйнай рэалістычнай манеры. Росквіт творчасці Уладзіміра Іванавіча прыпаў на 1960–1990-я гады, калі пасля заканчэння Ленінградскага інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры ім. І. Рэпіна ён вярнуўся ў Мінск. Усім вядомы яго выдатны партрэт Якуба Коласа (1967), які стаў хрэстаматыйным, партрэты Рыгора Шырмы (1968), дзеда Талаша (1985), Максіма Гарэцкага (1983), Ірыны Назімавай (1992) і інш..

Нягледзячы на стылістычнае адзінства, кожны твор мае сваё яскрава індывідуальнае рашэнне, носіць аўтарскі почырк майстра.

Уладзімір Іванавіч быў чалавек прыгожы, эмацыйны, стройны. Ён у 60-ыя гады стварыў сапраўдны пераварот у мастацтве. Менавіта такім успамінае аўтара народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. Мастак заўсёды быў вясёлым, кампанейскім чалавекам і выдатным арганізатарам – не выпадкова ён двойчы быў старшынёй Саюза мастакоў, а затым стаў дэпутатам таго самага легендарнага з'езда Народных дэпутатаў  яшчэ ў часы перабудовы.

Дыяпазон творчасці мастака вялікі. Гэта не толькі станковы і манументальны жывапіс, графіка, але і сцэнаграфія, дэкаратыўна-афарміцельскае мастацтва. Работы майстра добра знаёмы кожнаму мінчаніну: яго вітраж не адзін год прыцягвае ўвагу наведвальнікаў Дома мод, цудоўная мазаіка ўпрыгожвае станцыі метро «Маскоўская» і «Плошча Перамогі».

А работа Уладзіміра Стэльмашонка вітраж «Мінск і мінчане» змешчаны на адным з будынкаў нямецкага горада Патсдам. З усіх жанраў выяўленчага мастацтва мастак аддаваў перавагу партрэту.

Чалавек-легенда. Новы мастацкі праект Уладзіміра Акулава адкрылі ў Мінску

Exit mobile version