Народная мудрасць сцвярджае: калі надыходзіць пасяўная, мы адбіраем насенне і рыхтуем глебу. Бацькі, якія жадаюць мець здаровых дзяцей, паклапоцяцца аб якасці «насення» і паспрабуюць падрыхтаваць глебу загадзя...
Роды – натуральны фізіялагічны працэс, але разам з тым ён пужае, асабліва тых, хто нараджае першы раз. Вытлумачальна жаданне цяжарнай жанчыны бачыць побач з сабой роднага чалавека ў такі важны момант. Нават сцены радзільнага дома ўспрымаюцца па-іншаму, здаюцца не такімі чужымі. Падрыхтоўка цяжарных да родаў сумесна з партнёрам мае больш чым векавую гісторыю.
Партнёрам у родах часцей за ўсё выступае муж, радзей мама ці сяброўка, гэта значыць людзі, якім жанчына давярае, з якімі ёй спакойна. З мужам альбо мамай на партнёрскія роды парадзіх прымаюць усе радзільныя ўстановы рэспублікі, а вось наконт сябровак і іншых блізкіх людзей можна ўдакладніць у абранай вамі медустанове.
Такім чынам, калі вы прынялі рашэнне нараджаць разам, напрыклад, з мужам, што для гэтага трэба?
У вас павінны быць вельмі даверлівыя адносіны. Вы сапраўды ведаеце, што вы – каманда.
Якім парам можна рэкамендаваць партнёрскія роды?
- Калі муж і жонка адкрыта дзеляцца сваімі перажываннямі.
- Калі не сорамна хварэць і дрэнна выглядаць пры другой палове.
- Калі ў іх не прынята захоўваць адзін ад аднаго сакрэты.
- Калі ў пары няма забароненых тэм.
- Калі муж не схільны паддавацца паніцы і паводзіць сябе разумна ў крытычных сітуацыях.
- Калі мужчына ўмее доўга чакаць і быць на другіх ролях.
- Калі муж і жонка гатовыя ўсю адказнасць і клопат пра малога дзяліць папалам.
Муж павінен прайсці спецыяльныя курсы па падрыхтоўцы да партнёрскіх родаў.
Гэта абавязковая ўмова для партнёрскіх родаў. Па выніках заняткаў выдаецца сертыфікат, які спатрэбіцца пры заключэнні дагавора на партнёрскія роды і пры паступленні ў прыёмнае аддзяленне. На занятках вы даведаецеся шмат карыснай інфармацыі.
Калі муж пасля праходжання курсаў зразумеў, што не гатовы псіхалагічна суправаджаць жонку ў радавое аддзяленне, настойваць не варта. Асуджаць таксама не спяшаецеся. Гэта не значыць, што ён будзе дрэнным бацькам. Зусім не! Проста не кожны мужчына здольны сузіраць з'яўленне на свет новага жыцця. А калі раптам жонцы стане дрэнна ў радзільнай зале? Ён адцягне медыцынскі персанал ад больш важных спраў. Увага і сілы персаналу будуць размеркаваны не так, як планавалася першапачаткова. Парадзіха будзе нервавацца, а ёй трэба сканцэнтравацца на родах, на правільнай тэхніцы дыхання і г. д.
Хоць такія выпадкі рэдкія: сёння будучыя бацькі прыходзяць падрыхтаванымі пасля курсаў, і многія моманты, звязаныя са станам жанчыны, ім зразумелыя. Яны не проста гледачы, а сапраўдныя памочнікі.
Муж павінен быць здаровы, пра што будзе пазначана ў даведцы ад тэрапеўта, якая прадастаўляецца ў радзільню.
Дакументы, якія спатрэбяцца мужу:
- пашпарт;
- сертыфікат аб праходжанні курсаў па падрыхтоўцы да партнёрскіх родаў;
- даведка ад тэрапеўта (тэрмін дзеяння 10 дзён);
- дагавор на партнёрскія роды, які заключаецца папярэдне (прыкладна ў тэрміне 37 тыдняў цяжарнасці жонкі) з той установай, дзе вырашылі нараджаць.
Якія плюсы прысутнасці партнёра на родах?
- Прысутнасць партнёра абмяжоўвае неадэкватныя паводзіны парадзіхі.
- Абмяжоўвае некарэктныя паводзіны медработнікаў.
- Павялічвае актыўнасць жанчыны ў родах.
- Павышае яе здольнасць да рэлаксацыі і самаабязбольванню.
Пры гэтым партнёр можа паводзіць сябе актыўна – дапамагаць жанчыне змяніць становішча, зрабіць масаж, кіраваць дыханнем, палягчаць кантакты парадзіхі з медперсаналам, ужываць некаторыя з атрыманых на курсах навыкаў. Альбо можа проста знаходзіцца побач, назіраючы за тым, што адбываецца, – нават такі варыянт аказвае станоўчы ўплыў на жанчыну.
Як казаў урач-акушэр Мішэль Адэн:
Галоўнае, каб прысутнасць чалавека, якога жанчына хоча бачыць побач з сабой падчас родаў, была да таго часу, пакуль ён не перашкаджае, не задае лішніх пытанняў і выходзіць з радзільнай залы, калі яго пра гэта просяць».
Часта на курсах мне задаюць адно і тое ж пытанне: як вы асабіста ставіцеся да партнёрскіх родаў? Станоўча! Я часта сустракаю пары, якія «нараджалі» разам. Дык вось: дастаткова бачыць іх светлыя твары, адчуваць гонар за іх і разумець, што ў гэтай сям'і наладжана партнёрскае ўзаемадзеянне! Бо гэты вопыт будзе спрыяць большаму эмацыйнаму кантакту з малым і бацькоў паміж сабой.
Аднак кожная сямейная пара вырашае пытанне аб сумесных родах самастойна.
Жадаю правільных і мудрых рашэнняў!