29.08.2020
29.08.2020

Парушэнні маўлення пасля інсульту і ЧМТ: як дапамагчы аднавіцца блізкаму чалавеку

logo
Хваробы ад А да Я
0 33
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У пацыентаў з арганічным паражэннем галаўнога мозгу часта назіраюцца праблемы з маўленнем – яго частковая ці поўная страта, няправільнае вымаўленне, скажэнне гукаў. Гэтыя маўленчыя парушэнні моцна зніжаюць якасць жыцця пацыента і прымушаюць яго ізалявацца ад людзей.

Ілона КочатаваШто адбываецца з чалавекам, які страціў магчымасць кантраляваць сваё маўленне, і як яму можна дапамагчы, распавядае настаўнік-дэфектолаг ДУ «Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі» Ілона Кочатава.

Прычыны маўленчых парушэнняў

Гэта адбываецца з прычыны парушэння мазгавога кровазвароту, пухліны, нейраінфекцыі, чэрапна-мазгавой траўмы.

Часам парушэнні выяўляюцца пасля правядзення нейрахірургічнай аперацыі. У залежнасці ад таго, у якой зоне быў закрануты маўленчы цэнтр, можа развіцца тое ці іншае маўленчае парушэнне.

На шчасце, гэта абарачальны працэс. Пры своечасова распачатай планамернай рабоце страчаныя функцыі можна аднавіць. Я цяпер якраз працую з такім пацыентам. Ён паступіў пасля інсульту з дыягназам «афазія», наогул не разумеў звернутае да яго маўленне, размаўляў, але лексікон пры гэтым быў вельмі бедным, не мог пісаць, чытаў толькі простыя словы. Прайшло 5 месяцаў пасля пачатку заняткаў – і ён ужо выйшаў на працу, жыве сваім звычайным жыццём.

Формы маўленчых парушэнняў

Парушэнні маўлення пасля інсульту

Самыя распаўсюджаныя маўленчыя парушэнні, з якімі паступаюць пацыенты, – афазія і дызартрыя.

Гэтыя маўленчыя парушэнні маюць 6 розных формаў і могуць быць выяўленыя слаба, умерана альбо моцна.

Так, чалавек з лёгкай ступенню дызартрыі можа блытаць літары ў слове: да прыкладу, замест «кран» казаць «кнар». Разуменне звернутага да яго маўлення, чытанне і пісьмо (гэтыя функцыі наўпрост звязаныя з маўленнем) у яго захоўваюцца.

Чалавек з сэнсарнай афазіяй можа разумець маўленне іншых людзей, але пры гэтым сам ён не ў стане выказаць уласныя думкі. Ён можа паводзіць сябе імпульсіўна, актыўна жэстыкуляваць, яго маўленне падаецца іншым бессэнсоўным патокам слоў. Пры гэтым інтэлект яго цалкам захаваны.

Пацыент з цяжкай формай афазіі (сэнса-маторнай) не разумее звернутага да яго маўлення і сам не можа нічога сказаць. Калі звярнуцца да яго з самай простай інструкцыяй – напрыклад, падняць руку ці паказаць тэлефон, ён не зразумее гэтых слоў.

Як правіла, праблему заўважае ўрач, які вядзе пацыента па яго асноўным захворванні. Звычайна ён запрашае неўролага і лагапеда, і яны ўжо выстаўляюць канчатковы дыягназ.

Лячэнне маўленчых парушэнняў трэба пачынаць як мага раней, літаральна на бальнічным ложку стацыянара. І працягваць пасля выпіскі ў рэабілітацыйнай установе. Гэта дасць больш шанцаў на выздараўленне.

Як праходзіць рэабілітацыя маўленчых парушэнняў

Да прыкладу, у нашай бальніцы з імі працуюць пяць вопытных лагапедаў. Работа грунтуецца на індывідуальным падыходзе, выкарыстоўваюцца розныя рэабілітацыйныя методыкі па аднаўленні маўлення, вялікая колькасць нагляднага матэрыялу, спецыяльныя практыкаванні, тэксты.

Парушэнне маўлення. Наглядны матэрыял.

Пры дызартрыі выкарыстоўваем артыкуляцыйныя, дыхальныя практыкаванні, мімічную гімнастыку, практыкаванні для паляпшэння прасадычнага боку маўлення.

Заняткі доўжацца 30-40 хвілін. Пры лёгкай ступені яны праходзяць праз дзень, пры цяжкай – штодня.

Рэабілітацыя пасля чэрапна-мазгавой траўмы доўжыцца 21 дзень, пасля інсульту – 28 дзён.

За гэты час у пацыента можа пачацца прагрэс, але і пасля выпіскі спыняць заняткі ні ў якім разе нельга. Інакш ёсць рызыка адкату да ранейшага стану.

Лагапед-афазіёлаг – даволі рэдкі спецыяліст. Не ва ўсіх рэгіёнах яго можна знайсці. Тым не менш, трэба шукаць і не здавацца.

Па-першае, можна звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства. Пры наяўнасці сімптомаў тэрапеўт/урач агульнай практыкі дасць накіраванне на рэабілітацыю. Да нас у бальніцу едуць з усёй рэспублікі.

Яшчэ адзін варыянт – звязацца з лагапедам анлайн, напрыклад, па відэасувязі, па скайпе. Пры лёгкай і сярэдняй форме можна працаваць цалкам эфектыўна. Пажадана выходзіць на сувязь з лагапедам два разы на тыдзень. Ён будзе ацэньваць стан, даваць заданні і кантраляваць іх выкананне.

Парушэнне маўлення. Заняткі па скайпе.

Калі зацягнуць з аднаўленнем і звярнуцца да лагапеда, скажам, праз два гады, дык нават пры інтэнсіўнай працы вялікіх паляпшэнняў не будзе. Як ні дзіўна, такія выпадкі бываюць.

Пацыенты з сэнсарнай афазіяй часта падладжваюцца пад сваю хваробу, пачынаюць добра арыентавацца ў бытавой прасторы дома. І пэўныя элементарныя рэчы яны разумеюць, глядзяць тэлевізар разам з сям'ёй, махаюць галавой, калі да іх звяртаюцца з пытаннем. Часта сваякі нават не ведаюць, што іх блізкія людзі захварэлі. Яны не заўважаюць, што чалавек, да прыкладу, перастаў чытаць ці пісаць ад рукі.

Калі ў вас ёсць сумненні наконт блізкага чалавека, папрасіце яго прачытаць фрагмент з кнігі альбо перапісаць яго на паперы. Паглядзіце, ці змянілася маўленне, інтанацыя, тэмп чытання, почырк. Можна раскласці перад чалавекам тры прадметы і папрасіць яго сказаць, дзе тут тэлефон, расчоска альбо яблык. Калі ён не зможа гэтак зрабіць – гэта падстава звярнуцца да ўрача.

Важна памятаць, што сваякі не могуць ацаніць стан пацыента. Такую ацэнку можа даць толькі лагапед. Але сёе-тое яны зрабіць могуць.

Пры рэабілітацыі маўленчых парушэнняў выключна важная падтрымка блізкіх людзей.

Рэкамендацыі для сваякоў пацыентаў з афазіяй і дызартрыяй

Людзі з сэнсарнай афазіяй усё чуюць, але пры гэтым яны не разумеюць навакольных. Калі хочаце ўявіць, як гэта, уявіце, што да вас звяртаецца іншаземец на невядомай мове.

Хтосьці рэагуе спалохам, хтосьці – раздражненнем. Ёсць пэўныя правілы стасункаў з такімі людзьмі, іх трэба ведаць (правілы вы знойдзеце напрыканцы матэрыялу).

Парушэнне маўлення. Правільныя стасункі са сваякамі.

Адна з асноўных рэкамендацый – не ставіцца да дарослага чалавека як да дзіцяці.

Напрыклад, захварэў мужчына 55 гадоў, да інсульту ён працаваў на пасадзе кіраўніка, у яго сям'я, дзеці, статус. Так, ён страціў маўленне, але інтэлект жа ў яго захаваны. І вось сваякі, спрабуючы навучыць яго нанова чытаць і пісаць, даюць яму буквар. Гэта можа справакаваць агрэсію з боку пацыента. І гэта зразумела. Таму наглядны матэрыял павінен быць дастаткова дарослым.

На шчасце, многія сваякі пацыентаў інтуітыўна адразу знаходзяць правільны падыход – не толькі падтрымліваюць блізкага чалавека, але і разам з ім займаюцца: пішуць, лічаць, нават спяваюць песні.

Практыкаванні для самастойных заняткаў ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце. Пры жаданні іх можна знайсці і спампаваць.

На эфектыўнае аднаўленне маўлення ўплывае шмат фактараў. Мае значэнне ачаг паражэння галаўнога мозгу і яго памеры. Таксама важна як мага раней пачаць рэабілітацыю.

Па выніках даследаванняў найлепшая эфектыўнасць дасягаецца пры старце ў першыя 3 месяцы.

Аднаўленне маўлення – вельмі працяглы і працаёмкі працэс, ён не заканчваецца ў рэабілітацыйным аддзяленні. Калі чалавек вяртаецца дадому і прыступае да самастойнай працы, для яго важная падтрымка сваякоў у яго занятках. Яны часта адчуваюць велізарны дыскамфорт, сарамлівасць, недавер, не хочуць, каб хтосьці бачыў іх хваробу. Але гэта памылка.

Я настойваю, каб мае пацыенты не ізалявалі сябе ад грамадства, а абавязкова заставаліся ў сваім звыклым блізкім коле людзей, здольных падтрымаць іх. Па майму вопыту, так пацыенты аднаўляюцца хутчэй.

Парушэнне маўлення. Рэабілітацыя дома.

Яшчэ вельмі важная матывацыя самога пацыента.

Маўленчыя парушэнні – гэта не тое, што «пройдзе само» з часам. Ці хоча чалавек сам прыкладаць намаганні і рухацца да акрыяння? У мяне быў пацыент з сасудзістай паталогіяй. Па прафесіі ён журналіст, маўленне – гэта яго заробак. Таму і матывацыя ў яго была вельмі высокая, займаўся ён з поўнай аддачай. У выніку яму ўдалося вярнуцца ў прафесію.

Тым не менш, нават з нематываваным чалавекам мы працягваем працаваць. Хвалім яго, падтрымліваем, выклікаем станоўчыя эмоцыі. У нашай бальніцы з пацыентамі працуюць яшчэ і псіхолагі – яны аднаўляюць кагнітыўныя функцыі (памяць, увагу, мысленне) і ўсяляюць веру ў сябе.

Што тычыцца ўзросту, дык я магу пагадзіцца са сцвярджэннем, што маладыя людзі, як правіла, узнаўляюцца хутчэй. Але гэта адбываецца не заўсёды. Я магу прывесці прыклад, калі вось ужо пяць гадоў 20-гадовы хлопец спрабуе аднавіцца пасля ДТЗ, але пакуль яшчэ не можа выйсці на працу. А 75-гадовая жанчына, якая страціла маўленне, за 3 месяцы так узнавілася, што цяпер самастойна жыве ў кватэры, адказвае на тэлефанаванні, і сваякі за яе спакойныя.

Парушэнне маўлення.

Памятка

Рэкамендацыі па стасунках з людзьмі з афазіяй:

  • Размаўляйце павольна, кароткімі сказамі, інтанацыйна вылучаючы важныя словы.
  • Пытайцеся, ці разумее вас чалавек.
  • Калі важна забяспечыць разуменне, задавайце простыя пытанні, якія патрабуюць адказу «так/не».
  • Давайце час на адказ, не спяшайцеся і праяўляйце цярпенне.
  • Паказвайце чалавеку, што вы яго разумееце ці не разумееце.
  • Выкарыстоўвайце жэсты, малюнкі, паказвайце на прадметы. Можна выкарыстоўваць для стасункаў самаробныя альбо гатовыя наборы малюнкаў ці знакаў.
  • Часам чалавеку з афазіяй прасцей намаляваць, чым сказаць: майце пры сабе прылады для пісьма.
  • Калі размаўляеце, можна паспрабаваць запісваць на паперы ключавыя словы ў якасці глядзельнай апоры. Аднак улічыце, што часта пры афазіі моцна парушанае і чытанне.
  • Ліквідуйце фактары, якія адцягваюць увагу, і фонавы шум (радыё, ТБ).

 Чаго не варта рабіць:

  • Размаўляць як з дзіцём ці як з чалавекам з парушэннямі слыху альбо інтэлекту.
  • Гаварыць за чалавека, заканчваць за яго сказы.
  • Абмяркоўваць чалавека ў яго прысутнасці, нават калі ён дрэнна разумее маўленне.
  • Праяўляць нецярпенне, патрабаваць маўленчых стасункаў на ранейшым узроўні.
  • Займацца па азбуцы альбо буквары.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 33

Журналіст газеты «Медыцынскі веснік»
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хваробы ад А да Я"