Site icon Слушна

Пасцельныя клапы. Расказваем, як ад іх пазбавіцца

Уничтожение клопов в Минске и Минской области

Што рабіць, калі ў кватэры з’явіліся пасцельныя клапы? Па якіх прыкметах можна зразумець, як даўно гэта адбылося? Як выглядаюць укусы клапоў? Ці можна за адзін раз пасля дэзінфекцыі поўнасцю пазбыцца гэтых паразітаў? Колькі нельга знаходзіцца ў памяшканні пасля апрацоўкі?

Спыталі ў энтамолага УП «Цэнтр прафілактычнай дэзінфекцыі» Алены Цярлецкай і біёлага, навуковага супрацоўніка кампанii «Экасепт» Валерыі Качан.

Як выглядае пасцельны клоп?

Пасцельны клоп

Пасцельная клоп – бяскрылае насякомае ад 3 да 5 мм даўжынёй. У галоднага клапа цела светлае, белаватае або светла-рудое, пасля насычэння крывёю ён цямнее, часам ажно да чорнага колеру. Раздушаныя сытыя клапы пакідаюць на ложку бурыя плямы, якія часта з’яўляюцца першай прыкметай таго, што завяліся паразіты, распавяла Алена Цярлецкая.

Клапы асабліва актыўныя з 3 да 6 гадзін раніцы. Насякомыя вельмі рухомыя і дужа хутка перамяшчаюцца. Дзякуючы гэтаму яны за лічаныя хвіліны могуць дабрацца з любога кутка кватэры да ложка. Час насычэння ў іх – 20-25 хвілін.

Алена Цярлецкая: У клапоў вельмі добра развітыя органы нюху, дзякуючы чаму яны здольныя выяўляць сваю ахвяру (крыніцу ежы) на значнай адлегласці. Сілкуюцца 1 раз на 5-10 дзён. Сытае насякомае ператраўляе ежу ўжо ў гняздзе.Падчас аднаго кармлення клоп спажывае аб’ём крыві, які ўдвая пераўзыходзіць яго ўласную масу цела, таму лічынкі клапоў растуць вельмі хутка, а дарослыя самкі адкладаюць яйкі амаль кожны дзень. Лічынкі выводзяцца на 5-6 дзень і дасягаюць дарослых памераў прыкладна праз месяц. Прычым кусаюцца як дарослыя асобіны клапоў, так і іх лічынкі.

Як вызначыць, адкуль з’явіліся клапы?

Вызначыць крыніцу заражэння клапамі – задача не з лёгкіх, кажа Алена Цярлецкая. Клапы здольныя патрапіць у хату з багажом пасля паездкі, а таксама з мэбляй, адзеннем, ад суседзяў, праз плінтус, уваходныя дзверы, вокны, разеткі, выключальнікі, вентыляцыйныя шахты і г.д. У цёплы час могуць перапаўзаць у кватэры па вонкавых сценах будынкаў.

Разам з тым, дадала Валерыя Качан, часцей за ўсё клапоў у дом заносіць сам чалавек.

Валерыя Качан: Бывае, людзі вяртаюцца з адпачынку або камандзіроўкі і прывозяць клапоў нават з дарагіх гатэляў. Яшчэ адзін важны фактар ​​– гэта купля патрыманай мэблі ці рэчаў. Заражаная канапа або крэсла гарантавана стане крыніцай праблемы.У нашай практыцы гэта адна з самых частых прычын, па якой клапы з’яўляюцца ў звычайных сем’ях. Апрача гэтага, насякомыя актыўна мігруюць паміж кватэрамі ў шматкватэрных дамах. Мы назіралі выпадкі, калі ўсяго за месяц заражаліся адразу 3-4 кватэры па адным стаяку.

Як зразумець, што дома завяліся клапы?

Гнёзды клапоў можна выявіць у шчылінах, у адтулінах сцен, каля дзвярных і аконных рам, у мэблі, пад дыванамі, за карцінамі і люстэркамі, у складках і швах матрацаў, іншых рэчах хатняга ўжытку.

Алена Цярлецкая: Адна з прыкмет, што ў доме завяліся клапы, – з’яўленне раніцай укусаў на целе, якія адрозніваюцца ад укусаў іншых насякомых.Клапы для насычэння смокчуць кроў паслядоўна з некалькіх ран. Таму іх укус на целе чалавека выглядае як невялікі ланцужок, які складаецца з 2-5 чырвоных кропак. Больш за тое, раздушаныя і сытыя клапы пакідаюць на ложку бурыя плямы.

У сваю чаргу, патлумачыла Валерыя Качан, зразумець, як даўно адбылося заражэнне, можна толькі па ўскосных прыкметах. Калі ў кватэры знаходзяцца адзінкавыя асобіны, гэта азначае, што калонія зусім маладая, ёй не больш за месяц. А вось наяўнасць яек, лічынак розных стадый і скінутых хітынавых абалонак сведчыць пра тое, што насякомыя жывуць тут ужо як мінімум 1-2 месяцы.

Як пазбыцца няпрошаных “гасцей”?

Пры выяўленні пасцельных клапоў варта адразу звярнуцца да спецыялістаў, якія займаюцца правядзеннем вынішчальных дэзінсекцыйных мерапрыемстваў. Самастойна гэта зрабіць складана.

Перад апрацоўкай, адзначыла Алена Цярлецкая, кватэру трэба старанна падрыхтаваць. Абавязкова зняць і згарнуць усе насценныя дываны. Дываны на падлозе таксама неабходна згарнуць, адсунуць ад сцен мэблю, якая перасоўваецца. Неабходна паклапаціцца пра лекі і прадукты харчавання. Усё скласці ў кантэйнеры са шчыльнымі вечкамі або схаваць у халадзільнік. Прыбраць посуд у кухонныя шафкі. Ад выпадковага патраплення вільгаці рэкамендуецца загарнуць бытавую тэхніку (тэлевізар, ноўтбук і г.д.) ахоўнай плёнкай або тканінай.

З ложка зняць пасцельную бялізну, а матрац падняць і прыхінуць да сценкі. Канапу вызваліць ад рэчаў (калі там штось захоўваецца) і па магчымасці паставіць яе на бок. Карціны, люстэркі (пры іх наяўнасці) зняць са сцен і павярнуць іх зваротным бокам. Апрацоўка праводзіцца пры адсутнасці людзей і хатніх жывёл. Пасля правядзення дэзінсекцыйных мерапрыемстваў (знішчэння насякомых) у кватэры нельга знаходзіцца як мінімум 6 гадзін.

Алена Цярлецкая: Апрацоўка адзення ад клапоў неабходная, калі вы былі ў памяшканні з насякомымі, а рэчы знаходзіліся побач з заражанай мэбляй, ложкам або пасцельнымі рэчамі. Клапы рэдка жывуць у вопратцы пастаянна, але могуць часова хавацца ў складках, кішэнях, швах, капюшонах – асабліва калі тканіна пахне чалавекам.Акрамя таго, яны здольныя хутка адкласці яйкі на паверхні тканіны. Такім чынам, пасцельныя клапы могуць быць перанесеныя ў іншыя памяшканні разам з рэчамі.

Другая апрацоўка памяшкання праводзіцца праз 10-14 дзён. Справа ў тым, што сродкі дэзінсекцыі, якімі праводзіцца апрацоўка, не дзейнічаюць на яйкі клапоў, і праз 5-6 дзён з іх могуць з’явіцца новыя лічынкі, якія таксама сілкуюцца крывёй чалавека, як і дарослыя клапы. Для таго каб яны не паспелі вырасці, ператварыцца ў дарослых клапоў і адкласці патомства, неабходна правесці другую апрацоўку кватэры. Пры вялікай заражанасці жылога памяшкання пасцельнымі клапамі можа спатрэбіцца павелічэнне колькасці апрацовак для дасягнення поўнага эфекту.

Паводле Валерыі Качан, апрацоўка кватэры звычайна займае ад 30 хвілін да 1 гадзіны. Дакладны час залежыць ад плошчы жытла, колькасці мэблі і ступені заражэння. Сапраўды, у большасці выпадкаў патрабуецца некалькі апрацовак. Аднак калі жыхары звярнуліся да спецыялістаў своечасова і насякомыя не паспелі распладзіцца, дастаткова і аднаразовай апрацоўкі.

Валерыя Качан: Па вяртанні жыхары мусяць добра праветрыць памяшканне. Праз некалькі гадзін можна правесці лёгкую вільготную прыборку тых паверхняў, з якімі людзі часта кантактуюць (ручкі дзвярэй, сталы, стальніцы, сядзенне ўнітаза).А вось генеральную прыборку адразу праводзіць не варта – інсектыцыдны бар’ер у цяжкадаступных месцах павінен захавацца, каб знішчыць насякомых, якія выжылі.

Больш за ўсё зваротаў паступае з Мінска і Мінскага раёна (27,18 % і 9,74 % адпаведна), а таксама з Гомельскай вобласці (16,14 %).

Гэта тлумачыцца высокай шчыльнасцю насельніцтва ў вялікіх гарадах – чым больш людзей пражывае ў рэгіёне, тым вышэйшыя шанцы з’яўлення і распаўсюджвання клапоў, падсумавала Валерыя Качан.

Exit mobile version