У сеціве гуляе шмат жартаў падобнага зместу. Маўляў, сустрэў у краме аднакласніка. Ён другі бізнес займеў, а мае навіны – роўна хаджу па плітачках на асфальце, не наступаючы на швы. У стагоддзе нарцысізму і сацыяльных сетак, дзе кожны навыперадкі выхваляецца сваімі дасягненнямі, тэма мужчынскай канкурэнцыі і ўдачлівасці робіцца асабліва вострай.
Ці не становіцца абавязковае жаданне поспеху яшчэ адным цяжарам і міфам на шляху да шчасця для мужчыны?
Пра гэта мы пагаварылі з пастаяннымі экспертамі рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны». У выніку вывучэння тэмы і гутаркі вымаляваліся прыкметы мужчыны-няўдачніка і яго больш паспяховага сатаварыша. А якія пункты здаюцца абавязковымі вам?
5 прыкметаў няўдачніка
- Адчувае, што жыццё не атрымалася. У першую чаргу важная ацэнка свайго жыцця самім мужчынам і тое, што ён адчувае, думаючы пра яго. Не заўсёды яго ўяўленні могуць супадаць з тым, як чалавек выглядае для іншых і наколькі паспяховым лічыцца ў грамадстве.
- Ные, але нічога не робіць. Зразумела, што ўмовы жыцця і для старту той жа кар'еры ва ўсіх розныя. Але псіхалогія няўдачніка – скардзіцца на жыццё, знаходзячы новыя і новыя прычыны нічога ў ім не мяняць. А яшчэ лепей – наогул адмовіцца ад рэальнасці, збегшы ад праблем у віртуальны свет, алкаголь ці наркотыкі.
- Крытыкуе іншых. Каб неяк узвысіць сябе на фоне іншых, няўдачнік лічыць за лепшае не здзяйсняць памылку самому. Лепей вышукваць хібы ў іншых.
- Не ўмее планаваць бюджэт. Як кажа наш эксперт Аляксандр Тыманюк, нельга лічыць сябе белым воблачкам, калі ты ўнітаз. Можна чытаць сабе афірмацыі пра тое, што ты паспяховы чалавек, але без канкрэтных дзеянняў, заснаваных на цвярозым разліку сваіх сіл і магчымасцяў, далёка не паедзеш. Апошні айфон не азначае паспяховасць, калі мужчына жыве ў інтэрнаце і есць вермішэль хуткага прыгатавання.
- Не мае свайго меркавання. Ёсць шмат цудоўных парадаў пра тое, што трэба прыслухацца да сваіх жаданняў, адстойваць свае перакананні. Але справа ў тым, што некаторыя мужчыны лічаць за лепшае не мець іх зусім. Пра прычыны можна казаць шмат. Напрыклад, такая сітуацыя, верагодна, брала свой пачатак яшчэ ў дзяцінстве, калі хлопчык выхоўваўся толькі мамамі-бабулямі-выхавальніцамі і ў іх асяроддзі заахвочваліся пэўныя паводзіны. За нязгоду дзіця, напрыклад, каралі.
5 прыкметаў паспяховага мужчыны
- Імкнецца да росту, у тым ліку асобаснага.
- Гатовы да цяжкасцяў і рызыкі. Няўдалыя перыяды, памылкі і падзенні здараюцца ў кожнага. Цалкам натуральна адчуваць з гэтай нагоды роспач. Часам нават карысна даць сабе час пасумаваць і набрацца сіл. Але паспяховага мужчыну адрознівае здольнасць падымацца пасля кожнай няўдачы. І працягваць дзейнічаць.
У няўдачах вінаваціць сябе. Калі няўдачніку ўсё і заўсёды не так, і не атрымалася ўсё ў яго менавіта таму, што цётка Глафіра разліла на лесвіцы малако, ён паслізнуўся і не паспеў на сустрэчу, дык паспяховы чалавек пытаецца перш за ўсё з сябе: «Што мне трэба дапрацаваць у сабе, каб выправіць сітуацыю?». Дарэчы, псіхолагі адзначаюць, што паспяховыя мужчыны, якія прывыклі дасягаць сваіх мэтаў самі, часцей адрозніваюцца і эмацыянальнай сталасцю.
- Умее планаваць бюджэт. А яшчэ: вучыцца не крытыкаваць, а павышаць свой узровень, маючы стасункі з яшчэ больш паспяховымі, на яго думку, людзьмі.
- Задаволены сваім жыццём.
Удачлівы па агульнапрынятых мерках мужчына можа адчуваць сябе поўным лузерам. У той час як той, хто жыве значна больш простым жыццём, здольны атрымліваць ад яго задавальненне. Мерка ўдачлівасці ў кожнага свая. Важна ж іншае – не проста слепа прытрымлівацца стандартаў, а навучыцца прыслухоўвацца да ўласнай інтуіцыі.
Працяг гутаркі – на відэа.
Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач.