Site icon Слушна

«Паважаныя пасажыры!», альбо Адзін вандроўны вечар

Праехаўшыся раніцай сярод людзей без масак, вырашыла занатаваць уражанні ад вяртання дахаты ўвечары. Маршрут той жа, толькі ў адваротным парадку. Мінус аўтобус – ад офіса да метро «Каменная Горка» звычайна іду пешшу. Без маскі. Дыхаю свежым паветрам і размінаюся. Значыць, 21-га кастрычніка, серада, вечар. Захварэлых на каранвірус па афіцыйных звестках – 733 (!).

Маскі супраць каранавіруса. Насіць ці не.

… Прайшоўшыся шпаркім крокам па шырокіх ходніках, дзе лёгка трымаць сацыяльную дыстанцыю, за некалькі дзясяткаў метраў дастаю з пакеціка маску і надзяваю. У ёй і ўваходжу ў даволі шчыльны натоўп, які курсіруе ад станцыі метро да прыпынку грамадскага транспарту і назад.

Вагон метро. Састаў стары. Штосьці мне апошнім часам не дужа часта новы трапляецца. Хаця раніцай серады ехала менавіта ў ім. Звыклыя аб’явы на беларускай і ангельскай мовах. А далей… Што гэта?!

Я лаўлю, праўда, толькі заканчэнне сказа (па-руску): «… надзеньце маскі і аднаразовыя пальчаткі». Цікава… Новая аб’ява?! Толькі чаму па-руску і гэтак ціха?!

Насупраць мяне ў паўпустым вагоне сядзіць дзяўчо гадоў 10-11. Зняўшы заплечнік, зручна ўладкоўваецца на сядзенні, пускае пузыры з жуйкі і «ўтыкае» ў мабільны.

Але тут таксама ўздымае галаву, ловіць заканчэнне сказа і… Я не веру ўласным вачам! Лезе ў заплечнік, дастае аднаразовую маску (далібог, не бачыла, з пакеціка ці не), надзявае. Праўда, нос застаецца адкрытым… І пры кожным лопанні пузыроў з жуйкі маска з’язджае ўсё ніжэй.

Аднак жа! Што мы кажам пра бескарыснасць аб’яў звычайна?! А вось жа яна, карысць у дзеянні! Дастукацца такім чынам да пакалення зумераў альбо альфа?! Ну, гэта ж круцяк! Альбо… Яшчэ адзін доказ, што сярод любога пакалення людзі трапляюцца вельмі розныя, а не падобныя адно да аднаго на ўсе 100%...

Наступны прыпынак. Традыйнае пра «дзверы зачыняюцца» і «наступную станцыю». Але цяпер я чую пачатак новай абвесткі па-руску: «Паважаныя пасажыры!» Далей – сваімі словамі, бо баюся, што працытую недакладна… 🙂 Напачатку – пра важнасць захавання, па магчымасці, сацыяльнай дыстанцыі паміж пасажырамі. А затым… Чух-чух-чух-чух… Уу-у-у-у-у… Цягнік набірае хуткасць, і нічога больш нельга пачуць. 🙁

Самае цікавае, што раніцай у нашым цягніку такіх аб’яў не было. А ўвечары – калі ласка, пры крананні з кожнай станцыі. Уранку чацвярга зноўку ніякіх дадатковых аб’яў не было.

Ну што тут сказаць?! Брава аўтарам-распрацоўшчыкам! Абсалютна шчыра! Цудоўная задумка! Вось толькі б яшчэ дапрацаваць выкананне. А менавіта:

  1. Перакласці на беларускую мову (магу зрабіць! 🙂 ).
  2. Запісаць гучней і выразней. Нашмат гучней, бо ўсё заглушаецца.
  3. Праверыць дынамікі ва ўсіх вагонах усіх саставаў. Насамрэч гэта важна, паверце!

Бо, напрыклад, раніцай серады, калі я ехала ў новым саставе, літаральна над галавой аб’яўлялі прыпынкі так гучна, што мімаволі хацелася заткнуць вушы. А тут такая важная і своечасовая інфармацыя губляецца ў шуме…

А што ж тая дзяўчынка, якая таксама пачула «хвост» аб’явы?! Ехала яна даволі доўга. І я раз-пораз кідала на яе позіркі. Пускаць пузыры з жуйкі яна так і не перастала. 🙂 Як і «ўтыкаць» у тэлефон. Затое праз пару-тройку станцый нарэшце падцягнула маску на нос і замацавала гнуткай палоскай так, як трэба.

… Выходжу на станцыі метро «Магілёўская» і кірую на прыпынак, дзе спыняецца мая маршрутка. У роздуме, ці зноўку абысці тую машыну, што стаіць, бо вадзіцель абсалютна вадзіць не ўмее, вытрасае з цябе па дарозе ўсе духі... 🙁 І далей чакаць мікрааўтобус нашага аўтапарка, які штосьці таксама асабліва не кіруе да прыпынку. Быццам і становіцца на адлегласці, але трэба, як вятрак, махаць рукамі. Альбо ўсё ж напарнік у таго вадзіцеля ёсць.

Здалёк заўважаю, што за рулём маршруткі, што ўжо стаіць, – кіроўца ў масцы. Той надзеў?! Але гэты быццам вышэйшы ростам. Падыходжу. Напарнік. Ура, паехалі! Значыць, у гэтай маршрутцы ў масцы я не адна. Яшчэ кіроўца. А ў астатніх пасажыраў, відавочна, дзевяць жыццяў. Зайздрошчу…

А ў метро, паводле назіранняў вечара і раніцы, быццам людзей у масках паболела. Крыху. І, зноў-такі, у адной з сацыяльных сетак ужо настойліва перапошчваюць грамадскія заклікі хадзіць у масках – дзеля сябе саміх ды іншых. А на сайтах навінаў усё часцей з’яўляюцца матэрыялы, у якіх на аснове замежных даследванняў быццам пацвярджаецца хаця не 100%-ая, але відавочная масачная карысць! А вы носіце маску?! 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version