Site icon Слушна

Паверыць у сябе

Як знайсці выхад з цяжкага становішча...

Колькі ўжо здаралася ў жыцці сітуацый, калі штосьці ламалася, псавалася, прычым, зразумела ж, у самы не падыходзячы для гэтага момант. І якая першая рэакцыя ў кожнага з нас, асабліва ў жанчын?! Аа-а-а-а-а-а!!! Правільна, паніка. Паніка, стрэс, а як вынік – галаўны боль ды іншыя праблемы са здароўем.

“Вось яно мне трэба?!” – усё часцей і часцей пытаюся я сама ў сябе. Не-а, і блізка не хачу. Але настолькі прывыкла рэагаваць на ўсё вось гэтак. А чаму?! Таму, што ў галаве адразу падсвядома ўсплывае: “Гэта ж трэба рамантаваць. А я не спраўлюся. А добрага спецыяліста яшчэ трэба пашукаць... А-а-а-а-а-а!” Так, заканчваецца практычна заўсёды адным і тым жа.

Але гэта – першасная рэакцыя. Як толькі паніка крыху адпускае, мозг усё ж уключаецца. І пачынае шукаць варыянты. А калі няма каго замовіць... Я зараз пра маленькія гарады, дзе дужа трэба мець у знаёмых, прычым добрых знаёмых, электрыка, сантэхніка, швачку, абутковага майстра, цырульніка, газаўшчыка і шмат каго яшчэ.

Сябры

На шчасце, частка з гэтага спісу ў мяне сапраўды ёсць. А вось з сантэхнікамі – бяда. Апошнім жа часам усе праблемы менавіта з гэтай галіны. І мой галоўны боль. І...

Прыклад? Далёка хадзіць не трэба. Свежанькі, так бы мовіць. Сёлета ў нас у трубе няма гарачай вады. Часам труба тая ў прыбіральні цяплее. Але на пачатку сёмай раніцы, калі збіраюся на працу, і нават зараз (!!!), пакуль пішу гэтыя радкі, яна халодная. І зліццё вады нават на працягу трох-чатырох хвілін выніку не дае. Ну не “выманьваецца” падагрэтая вада з трубы! Даводзіцца па-ранейшаму карыстацца бойлерам старой мадыфікацыі, які адзін (!!!) спажывае па 210 кВт у месяц.

Зразумела, скарджуся ў свой камунгас. Як так? Гады тры вада была – і такіх праблем не мелі! А сёлета што ў хаце дубак, што з вадой засада. І вось дні тры штосьці ў падвале рабілі. Грукалі-стукалі. Пасля чаго, казалі мае сямейнікі, халодная вада перла – гэта штосьці! Не рудая нават, а чорная, з пяском.

І што ў выніку?! А ў выніку яе не “пераварыла” арматура ўнітаза “Керамін”, які ў нас стаіць усяго толькі другі год. І добра, што тое здарылася пры мне ўжо, калі вярнулася ўвечары з працы дахаты. Спынілася побач з прыбіральняй – і раптам чую, што ўнітаз... “размаўляе”. Я да яго – вада не перакрываецца, цячэ пастаянна! Я раз на кнопку – лічыльнік круціць з цяжкасцю. Вада ўсё роўна пералілася. Я другі раз – тая ж сітуацыя. Аа-а-а-а-а!!! Паніка!

Добра, што пры ўсталяванні ўнітаза сантэхнікі замянілі і кран на перакрыццё вады ў ім. Перакрыла. Палезла ў сеціва. Пачытала, што сістэма ад дрэннай вады альбо забіваецца, альбо цалкам наварочваецца.

Звяртаюся да аднаго сантэхніка – маўляў, калі пасля  20.00 дзяжурыш і зможаш пад’ехаць? У нядзелю (а гэта, на хвілінку чацвер). Да другога – трубу традыцыйна не бярэ. Да трэцяга, знаёмага колісь, – той даўно не практыкуе, прабачаецца.

У рэшце рэшт, уключаю галаву, прыгадваю свой дэвіз па жыцці (“Калі няма перад кім паказаць сваю слабасць, трэба быць моцнай!”)... І – наперад! Спецыяльны ліхтарык на лоб, ключ – у зубы... Круцім усё метадам тыку. Здымаем, прамываем, збіраем у адваротным парадку, адкручваем кран... Усё працуе! Ур-р-р-р-р-ра!

І што мы маем?! Вырашаную праблему – раз! Эканомію грошай – два! Павышэнне самаацэнкі – тры! Задавальненне сабой – чатыры! Мора радасці – пяць! І галава не баліць, і самаадчуванне – на дзесяць балаў! А ўсяго толькі трэба было паверыць у сябе... Ці не так?!

Exit mobile version