Вось вы што робіце для падняцця «баявога духу»?! 100 грамаў? Ну, магчыма, на кароткі час. А тады ўласная печань, выпучыўшы вочы, скажа вам: «Штоо-о-о-о-о-о?! Ды досыць ужо!» Гэта калі яна яшчэ ў адэкваце… Печань тая… 🙂 А бывае ж такая цярплівая. Якая і не скажа. А тады… Ой, штосьці мяне не туды панесла! Выбачаюся!
Значыць, 100 грамаў пастаянна – не варыянт. Ідзём далей. Самае банальнае. Усе ведаюць. Але не ўсе выкарыстоўваюць. Мо, не вераць ужо. Мо, забыліся. А мо, у такім песімізме, што нічога не хочацца. Не, слова «дэпрэсія» я не называла. Так што – цс-с-с-с-с-! Не будзем клікаць. 🙂
Кнігі. Добрыя папяровыя кнігі. Падкрэсліваю – папяровыя. Не электронныя. Нават калі хто дужа прывык. Паверце мне: не той эфект. Хто яго ведае, у чым тая магія, але папяровыя кнігі сапраўды ёю валодаюць. Вось і давайце прыгадаем, як раней бралі ў рукі безальтэрнатыўную папяровую кнігу – і… Маглі «прыйсці ў прытомнасць», толькі перагарнуўшы апошнюю старонку. І абсалютна ашалелымі вачыма паглядзець на галоднага ката…
А таму ж, як кажуць, і супрацьпаставіць няма чаго. Не інтэрнэт! Кніга! Дзеля рэлаксу гаспадара ці гаспадыні можна і перацярпець. Разок толькі… Не болей. А тады – кусь-кусь! 🙂
Фільмы. Бог ты мой! Якое шчасце, што можна любы фільм паглядзець у любы час, без рэкламы ды іншых раздражняльнікаў. І як жа не падзякаваць інтэрнэту за гэта?! А вы звычайна дзеліце фільмы на сезоны? Альбо можаце не толькі пад Новы год, а і ўвесну ці ўлетку паглядзець старую добрую «Іронію лёсу…»?! Якая за столькі дзесяцігоддзяў асабіста мяне яшчэ ні разу не падвяла. Свой рэлакс (альбо, па-моднаму, свой дзэн) лаўлю заўсёды.
Ці ўсё тая ж «Сірата казанская», якая ўжо амаль дзесяцігоддзе зрабілася нашым любімым фільмам на Стары Новы год. Але і ў іншыя сезоны я гляджу гэты фільм з задавальненнем.
Для тых, хто любіць добрыя казкі (а па-іншаму гэтыя мастацкія фільмы і не назавеш), з сучасных параю «Правінцыялку» і «Навагодняга анёла». Абсалютна выпадкова вылаўленыя ў сеціве, прагледжаныя ці не па 10 разоў. Магу глядзець у любы час і з любога месца. Дзэн! 🙂
Музыка. У кожнага – свая ўлюбёная. Галоўнае, калі вы ў грамадскім месцы, у транспарце ці яшчэ дзе, – не замінаць навакольным сваімі «дзіравымі слыхаўкамі» ці музыкай ад вадзіцеля на ўвесь салон. І хаця я казала раней, што ў мабільнік не ўтыкаю па дарозе… Я па-ранейшаму ў яго не ўтыкаю. Проста ў маршрутцы па дарозе дадому слухаю цяпер музыку, запампаваную ў сацыяльных сетках на ўласных старонках. І ведаеце, апошнім часам трапляюцца ўсё новыя і новыя мелодыі. Абсалютна выпадкова. Калі выходжу за межы свайго плэй-ліста. І так ужо яны кладуцца на душу…
Заняткі фізкультурай і спортам. Вядома ж, цяпер ужо не ў спартзале (больш за 2 не збірацца! 🙂 ). Дома. Калі ёсць час. І калі яго няма. Хаця б ручкамі-ножкамі зранку памахаць. Ну здорава ж! І вось ты ўжо не дзяўбеш носам у транспарце.
А калі ў кагосьці дома велатрэнажор, бегавая дарожка, шведская сценка ды іншае… Эх! Мая даўнішняя мара. 🙂 Пакуль нязбытная. Але я працую над гэтым.
Прагулкі па свежым паветры (індывідуальныя!). Вось, па шчырасці, неяк і пачуваешся спакайней. І ў абедзенны перапынак стараешся прагуляцца. Бо так і цягне на прастору. Асабліва, калі сонца такое яркае…. Рэлакс! Не… Як яго… Дзэн! 🙂
Перасаджванне кветак. Занятак для аматараў! У нас жа ўжо вясна… У сэнсе – яшчэ вясна, ха-ха! Можна і заняцца. Тым больш, што расліны ўсё ж не падманеш. І, па ўсім відаць, на каляндарную вясну некаторыя з іх зрэагавалі. Прынамсі, мае хатнія «гадаванцы».
І я ўжо раз-пораз пазіраю на прыгатаваную глебу, керамзіт, вазоны… І ручкі ўжо чэшуцца. А можа, гэта ад шматлікага выкарыстання антысептыку яны чэшуцца?! Жартую! 🙂
Жарты. І сюды ж – смех. Падыходзіць любы, нават калі ён істэрычны. Але лепей усё ж шчыры. А тут да нашых паслуг – і камедыі, і прыколы з сеціва… Столькі ўсяго! Смейся – не хачу. Вось праз «не хачу» – гэта вышэйшы пілатаж! І ўсё ж у мяне пакуль атрымліваецца крыху істэрычна. Але я і над гэтым працую. 🙂
Вязанне. А таксама вышыванне, маляванне ды іншая прыемная творчасць. Ды тут адзін дотык да пушыстых мякенькіх клубочкаў ці маточкаў так супакойвае! Бы хатняга гадаванца пагладзіў…
100 грамаў, а лепей – 200… А-ха-ха! ГАРБАТЫ! Духмянай гарбаты з травак, пяшчотна любімага дагэтуль ройбушу, карыснага імбіру… І пад цёплы плед. Хаця б на паўгадзіны… Праўда, класна?! 🙂
Вы ўсё гэта ведаеце?! Цудоўна! А выконваеце?! Яшчэ лепей! Трымацца, змагацца, не здавацца… Вось такі наш дэвіз! Ці не так?! І памятаеце?! Усё праходзіць… Пройдзе і гэта…
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!