27 лютага (18-00) у прасторы ZAL#2 (Палац мастацтва) адбылося адкрыццё выставачнага праекта «Saudade», удзел у якім узялі 8 знакамітых беларускіх мастакоў. Работы кожнага аўтара — своеасаблівая споведзь і рэакцыя на непазбежныя працэссы жыцця.
Саудаде (ад парт. Saudade) – супярэчлівы складаны эмацыйны стан, які спалучае ў сабе светлы смутак, меланхолію, настальгію па страчаным, нуду па няздзейсным, пачуццё ўразлівасці і часовасці шчасця. Гэты тэрмін распаўсюджаны ў партугальскай культуры і з'яўляецца сузіральным. Саудадэ не ўтрымлівае негатыўнага падтэксту, а нараджае рамантызаваныя, летуценныя пачуцці.
У беларускай прасторы не існуе аналогіі вызначэння Саудадзе, але водгаласамі гэтага адчування з'яўляюцца тэмы, якія разважаюць аб адыходзячым часе, настальгічных успамінах і смутку. Яно звязана, як правіла, з эстэтыкай застылага, практычна метафізічнага пейзажу. Напрыклад, такі стан адлюстроўваецца ў серыі работ Уладзіміра Зінкевіча «Час туманоў», ствараючы пачуццё глыбокай меланхоліі, спакою і пустэчы. Таксама ў пейзажным жывапісе Сяргея Пісарэнкі праз тонкае лірычнае ўспрыманне апавядаецца аб адзіноце і суму, аб тым, чаго немагчыма дасягнуць у сучаснасці.
Да дзіцячых і настальгічных успамінаў у сваёй творчасці адсылаюць нас работы Наталлі Шапавалавай і Тамары Стасевіч. Аўтары зусім не рамантызуюць, а наадварот паказваюць нам унікальнасць гэтых перыядаў, іх спецыфічную і прыемную меланхолію і цеплыню.
У фатаграфіі такія аўтары, як Міхаіл Кулажэнка, Ганна Мельнікава, Віктар Сянькоў і Ірына Пыліна трансфармуюць розныя формы рэальнасці, ствараючы прастору страты і немагчымасці судакранання з неіснуючай прыродай часу. Адбываецца фотафіксацыя ірэальнага адчування і ўспамін асяроддзя, якое абстрагуецца і даходзіць да поўнага адмаўлення.
Асобная частка экспазіцыі прысвечана серыі работ Мішы Дайліда «Ноч — гэта не маё», якая абагульняе адчуванне экзістэнцыйнай тугі, якая мяжуе з манатоннай штодзённасцю.
Такім чынам, праект Saudade адлюстроўвае мастацкія пошукі ў беларускім мастацтве праз глыбокі лірызм і паэтычнасць, грунтуючыся на спробе вяртання і надзеі на тое, над чым чалавек не мае кантролю. Саудадэ дазваляе ўсвядоміць і прызнаць, што ўсё навокал змяняецца і перамены непазбежныя.
Сімволіка вобразаў Сяргея Балянка. Новы праект мастака прэзентавалі ў Галерэі Л.Шчамялёва