Site icon Слушна

Перспектывы і курс на этнаграфічнасць. Як у Мінску праходзіць «Восеньскі салон-2023»? Фотафакт

Восеньскі салон 4

У Мінску стартаваў дзявяты «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам». Мэта праекта — фарміраванне арт-рынку Беларусі, папулярызацыя мастацтва і знаёмства гледачоў з работамі маладых мастакоў краіны. Штогод ён падсілкоўвае свежымі ідэямі атмасферу новага беларускага мастацтва, якому трэба будзе стаць будучыняй нацыянальнай культуры.

Выстаўка работ маладых мастакоў заслужыла рэпутацыю галоўнай культурнай падзеі восені ў сталіцы. Штогод людзі чакаюць «Восеньскі салон», каб натхніцца работамі і культурнай атмасферай.

Осенній салон

Для таго,  каб агульная экспазіцыя не нагадвала дыван, колькасць аўтараў павінна была быць каля 200 і каля 500 работ. Заяўкі на ўдзел зрабілі больш за тысячу чалавек, а прайшоў адбор толькі кожны пяты. Раней пад кожнай работай аўтар пісаў кошт, а сёлета, каб яе пазнаць, трэба адсканаваць QR-код, які размешчаны на таблічцы каля выставачных аб’ектаў.

Усе работы скампанаваныя такім чынам, каб аб'яднаць іх у тэматычныя блокі. На першым паверсе галоўнай залы — графіка, якая стварае свой фантастычны свет. Тут выдзяляюцца работы «Дом агню», «Дом ветру» і «Дом каменя» Дар'і Петрусевіч-Кавальчук, і яны па тэхніцы выканання падобныя на творы Валерыя Славука.

— Сёлета на выстаўцы вельмі шмат работ звязана з нацыянальнай, этнаграфічнай, сямейнай тэматыкай, — адзначае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Маладыя людзі сталі паглыбляцца ў тое, каб вывучаць саміх сябе. Прычым яны вывучаюць сябе вельмі далікатна: праз старыя фотаздымкі бабуль, моманты, звязаныя з сямейнымі гісторыямі. Вельмі акуратна іх падаюць, як нейкі ўспамін, які накладваецца на сённяшні дзень. І менавіта гэтае жаданне спазнаць, што ёсць я ў гэтай краіне і што ёсць гэтая краіна ўва мне, напэўна, адрознівае вельмі многія работы на гэтай выстаўцы.

Кіраўнік праекта Аляксандр Зінкевіч адзначае, што за дзевяць гадоў існавання «Восеньскага салона» прафесійна выраслі і атрымалі прызнанне гледачоў такія аўтары, як Алеся Скорабагатая, Усевалад Швайба, Юлія Мацура, Дзмітрый Васільеў, Наталля Ліпская, Кей Шы і многія іншыя. У цяперашнім сезоне вельмі насычаная культурная праграма: лекцыі, кінапрагляды пад адкрытым небам, экскурсіі, майстар-класы і нават адбудзецца «Ноч Восеньскага салона», якая аб'яднае музыку, адукацыйныя праекты і сустрэчы з мастакамі.

Па традыцыі, банк дае маладым аўтарам не толькі магчымасць стаць удзельнікамі найбуйнейшай у краіне выставачнай ініцыятывы,  стаць часткай працэсу актыўна нацыянальнага арт-рынку, але і набыць пазнавальнасць, атрымаць прапановы аб супрацоўніцтве ад дызайнераў і калекцыянераў, — тлумачыць Аляксандр Зінкевіч. — Наш выставачны праект па-сапраўднаму ўнікальны для Беларусі яшчэ і таму, што аўдыторыя гледачоў кожны раз перавышае 20 тысяч наведвальнікаў, а актыўнасць мастакоў вельмі высокая – для ўдзелу ў Салоне штогод падаецца больш за 1000 заявак! Сёлета на выстаўцы вы ўбачыце лепшыя адабраныя работы двухсот дзесяці аўтараў. Спадзяемся, яны не пакінуць вас абыякавымі, як не пакінулі і нас.

Паднімаючыся на другі паверх, немагчыма не заўважыць «Марскую каралеву» Усевалада Швайбы. Яна стварае ўражанне застылай карцінкі з дзяцінства, калі па тэлевізары паказвалі  мультфільм пра сон з ператварэннем форм і сэнсаў.

На салоне знайшлося месца і работам Алесі Скарабагатай, якія ў чарговы раз здзіўляюць рэалізмам і ўвагай да дэталяў.

Увагу да сваіх работ умее прыцягнуць Анастасія Чадзій і, на думку мастацтвазнаўцаў, гэта гісторыя, якая будзе развівацца, таму што мастачка выкарыстоўвае ў сваіх серыях розныя тэхнікі.

У самай маленькай зале на ўваходзе вісіць манументальная работа Марыі Сыракваш «Маўчанне». Нягледзячы на тое, што яна выканана вуглём на паперы, мастацкі твор нясе сваю асаблівую энергію.

Выстаўка будзе працаваць па 8 кастрычніка. Арганізатары абяцаюць парадаваць гараджан кінапраглядамі пад адкрытым небам, майстар-класамі, лекцыямі. Праект аб'яднае музыку, адукацыйныя праекты і сустрэчы з мастакамі. Не забывайце, пераможцаў салона мы выбіраем самі. Іх імёны будуць абвешчаныя ў кастрычніку.

https://bel.24health.by/shto-paglyadzec-na-vosenskim-salone-2022/

Exit mobile version