Ад сценаў Брэсцкай крэпасці да цэнтральнай плошчы горада прабеглі юныя спартсмены з Брэсцкай абласной цэнтральнай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, прафсаюзаў па лёгкай атлетыцы, прадстаўнікі бегавых супольнасцяў Брэста і супрацоўнікі кампаніі Вэлком | A1.
З 12 мая менавіта з Брэста пачала сваю «бегавую» вандроўку па краіне эстафета «Полымя міру», а разам з ёй стартавалі і «Еўрапейскія забегі» #velcombegom. Гэта вялікі дабрачынны праект у дапамогу дзецям-спартсменам з абмежаванымі магчымасцямі. Сёлета ён стаў, па сутнасці, пара-складнікам II Еўрапейскіх гульняў. Агульная сума дабрачыннай дапамогі ад кампаніі VELCOM | А1 складзе рэкордныя 200 000 рублёў. Аднак іх трэба будзе яшчэ «зарабіць». За 50 дзён удзельнікам акцыі трэба прабегчы 200 000 кіламетраў.
Акцыя «Еўрапейскія забегі» пройдзе ў два этапы. З 12 мая і да 20 чэрвеня – першы, адначасова з эстафетай «Полымя міру». Другі – падчас саміх спаборніцтваў II Еўрапейскіх гульняў, з 21 па 30 чэрвеня.
Як заўсёды, далучыцца могуць усе жадаючыя. Для гэтага дастаткова выходзіць на прабежкі з 12 мая па 30 чэрвеня і фіксаваць свой вынік. Падыдуць любыя фітнэс-прыкладанні на смартфоне. Для таго, каб вашы кіламетры былі залічаныя, неабходна падзяліцца вынікам на сваёй старонцы ў сацсетках з хэштэгамі #velcombegom, # A1 і #brightteam.
Дабрачынную дапамогу ў рамках акцыі «Еўрапейскія забегі» атрымаюць Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту і Гомельскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту.
18 мая дабрачынны забег пройдзе ў Гродне. У Віцебскай вобласці старт эстафеты прызначаны на 24 мая, у Магілёўскай – 30 мая, у Гомельскай – 5 чэрвеня, а завершыць праграму масавых бегавых мерапрыемстваў у рамках «Еўрапейскіх забегаў» Вялікі сімвалічны забег. Ён адбудзецца 20 чэрвеня ў Парку Перамогі ў Мінску.