З 7 чэрвеня па 7 ліпеня нашыя продкі хадзілі па лясах, палях і збіралі лячэбныя травы (зёлкі), каб забяспечыць сябе лекамі на наступны год. Лічылася, што найбольшай сілай яны валодаюць менавіта ў дні летняга сонцастаяння. Але ёсць яшчэ шмат святаў у ліпені, якія падказваюць, калі зёлкі збіраць можна. А збіралі даўней не толькі травы і ягады, але і дзіўныя часткі дрэў з адтулінамі, якія нагадваюць вока, – для зняцця сурокаў.
Як лячыліся нашыя бабулі і дзядулі, журналісту Слушна распавёў дырэктар унікальнага музея СШ №3 г. Міёры, што на Віцебшчыне, краязнаўца Вітольд Ермалёнак.
«Лячэбныя» абярэгі
ТОП-17 гаючых траў
У этнаграфічным музеі сабраная вялікая калекцыя раслін, якія выкарыстоўваліся для лячэння.
Святаяннік
— На Беларусі святаяннікам называюць «зверобой». Лекары мінулага сцвярджалі, што зёлка лечыць «ад 99 хваробаў». Яго заварваюць і п’юць пры страўнікава-кішэчнах захворваннях, хваробах печані, крыві, скуры.
Чарніцы
Зараз якраз сезон чарніц. Нашы продкі нарыхтоўвалі іх цэлымі бочкамі. Чаму?
— Іх ужывалі пры хваробах страўніка, кішэчніка і пры паносах. Вялікая эфектыўнасць ад прыёму свежых ягад чарніц пры падагры, рэўматызме, пры парушаным абмене рэчываў.
Брусніцы
— Брусніцы нашыя продкі выкарыстоўвалі пры катары страўніка з недастатковай страўнікавай кіслотнасцю, пры паносах, рэўматызме, падагры.
Журавіны
— 25% нашага раёна займаюць балоты, дзе растуць гэтыя ягады. У народнай медыцыне журавіны ўжываюць пры гіпертаніі і паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку. Ягады дзейнічаюць вельмі мачагонна і, як лічаць, без шкоды для нырак, нават пры вялікіх дозах. Нашыя продкі на зіму проста залівалі ягады вадой у цэбрах, і на працягу амаль 10 месяцаў яны былі як свежыя.
Падбел
— Продкі скарыстоўвалі лісце падбелу разам з кветкамі пры кашлі, бранхіце, адсутнасці апетыту. Здробненае свежае лісце дапамагае пры запаленні венаў ног. Сумессю лісця падбелу і крапівы мыюць галаву пры выпадзенні валасоў.
Дзівасіл
— У народзе лічаць, што «дзевяць чароўных сіл» расліны паляпшаюць стан здароўя пры многіх захворваннях. 3 даўніх часоў дзівасіл вядомы як сродак лячэння ліхаманкі, запалення верхніх дыхальных шляхоў, ужываецца для паляпшэння стрававання і абмену рэчываў. Настой з дзівасілу засцерагае ад гастрыту, язвы.
Скрыпень
— Скрыпень здаўна ўжываюць у якасці заспакаяльнага сродку, як валяр'яну, пры гастрыце з падвышанай кіслотнасцю, язвавай хваробе. Парашком з лісця пасыпаюць абмарожаныя месцы. Расліну таксама ўжываюць у ежу (маладыя каранёвыя парасткі адварваюць).
Чыстацел
— У Беларусі яго яшчэ называюць «падтыннік», ці «ластаўчына трава». Чыстацел выкарыстоўвалі для лячэння мазалёў, захворванняў скуры, печані. Падтыннік яшчэ называюць бародаўнікам, жоўтамалочнікам, рудзянцом, бо сокам гэтай расліны з поспехам выводзяць бародаўкі, мазалі, лечаць пухліны.
Бяссмертнік
— Бяссмертнік, цмен, або сухацвет. Народныя назвы гэтай зёлкі – кацялапкі, сухазелле. Цмен дапамагае пры неўралгіі, захворваннях печані, нырак.
Крапіва
— Крапіву спрадвеку нашыя продкі шанавалі, бо часта яна ратавала ад смерці. Калі вясною сялянам не хапала хлеба, дык крапіва з лебядою ўжываліся ў ежу. Пасля зімы жыгучка дапамагала ад авітамінозу. Гэтая зёлка павялічвае колькасць гемаглабіну пры лячэнні малакроўя, добра загойвае раны.
Разак
— Ёсць у музеі трава «крываўнік» (руск. «тысячелистник»). У нашых мясцінах за ёй замацавалася назва «серпарэз», або «парэзнік». Яе назвалі так таму, што жанчыны, якія жалі жыта сярпом, часта мелі парэзы. Менавіта серпарэз хутка спыняў кроў і загойваў раны.
Чабор
— Чабор ратуе ад кашлю, лечыць бранхіт і іншыя прастудныя захворванні. Карысная расліна пры захворваннях суставаў, мышцаў, нервовай сістэмы.
Палын
— Трава расліны лічылася вельмі гаючай і ўжывалася пры захворваннях нырак, як супрацьяддзе пры атручваннях. Гэтай травой лечаць пры захворваннях суставаў, бранхіяльнай астме, язве страўніка, выкарыстоўваюць для ўмацавання валасоў.
Рамонак
— Рамонкі валодаюць супрацьзапаленчым, супрацьалергічным дзеяннем. Каб надаць валасам залацістае адценне, пры мыцці нашыя продкі заўсёды выкарыстоўвалі рамонкі.
Трыпутнік
— Трыпутнікам падарожнікі абкладвалі ногі, падэшвы, каб суняць стомленасць, залячыць мазалі і раны. У мінулыя часы чароўныя ўласцівасці зёлкі скарыстоўвалі пры захворваннях лёгкіх, страўніка, вачэй і вушэй. Увесну пры авітамінозе маладыя лісточкі трыпутніку можна дадаваць у салаты.
Верас
— Вялікую карысць для здароўя мае не толькі верасовы мёд, але і сам верас. Яго ўжываюць пры бяссонніцы ды іншых нервовых захворваннях. Лечаць верасам печань, ныркі, а яшчэ заварваюць траву і п'юць, як чай.
Піжма
— Піжма з моцным камфорным пахам. Напой з яе кветак (20 г на 1 л вады) прымаюць у народзе пры болю ў страўніку, пры паносах, як гарачкапаніжальны, патагонны сродак і той, што добра ўплывае на кішэчнік. Магчыма, што піжма ў шэрагу выпадкаў дзейнічае, дзякуючы ўтрыманню ў ёй горкіх рэчываў. Аднак ужываюць расліну галоўным чынам як глістагонны сродак супраць аскарыдаў, а таксама як сродак супраць блыхі, мухі.