На пытанні пра захворванні СКТ і метады абследавання працягваюць адказваць Алена Адаменка, дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук, і Ірына Савановіч, галоўны пазаштатны дзіцячы гастраэнтэролаг, дацэнт 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук.
Паталагічны рэфлюкс
Чаму на языку пастаянна белы налёт, пасля прыёму ежы металічны прысмак у роце, сыходзяць крывёй дзясны? Чым гэта выклікана? Андрэй
Алена Адаменка: Названыя сімптомы могуць быць звязаныя з паталагічным рэфлюксам – регулярным закідам у стрававод кіслага змесціва страўніка, а таксама з паталогіямі поласці рота і насаглоткі. Неабходная кансультацыя оталарынголага, стаматолага і гастраэнтэролага.
Каля паўгода таму ў мяне з'явіўся пякучы боль у жываце злева пад рэбрамі. Каланаскапія паказала, што кішэчнік у норме. Вынікі ФГДС: мікозы стрававода 1 ступені, недастатковасць кардыё, эрытэматозная гастрапатыя. Біяпсія без паталогій, хелікабактэр не выяўлена. УГД органаў брушной поласці без паталогій, толькі паліп у жоўцевым пузыры. Лекі ад пачуцця палення не дапамагаюць. Зрабіла рэнтгенаскапію страўніка з барыем: кілы не выяўлена, але ў заключэнні напісана: гастра-эзафагальны рэфлюкс і дуадэнагастральны рэфлюкс. Калі слізістая на ФГДС не запалёная візуальна, адкуль гэта паленне? Якія яшчэ можна зрабіць абследаванні, каб выявіць прычыну? Наталля
Алена Адаменка: Апісаныя сімптомы могуць быць звязаныя з паталагічным рэфлюксам або эазінафільным эзафагітам. Таксама яны могуць быць справакаваныя стрэсавай сітуацыяй. Неабходна выканаць гастраскапію з біяпсіяй стрававода і рН-метрыю (вымярэнне кіслотнасці ў страваводзе).
Як адрозніць кашаль пры бранхіце і ВРВІ ад кашлю пры ГЭРБ (рэфлюксная хвароба)? Ці можа пацыент зрабіць гэта без дапамогі ўрача? Ці можа пры ГЭРБ знікнуць голас? Ці могуць паліпы ў страваводзе перарасці ў рак? Наталля
Алена Адаменка: Самастойна адрозніць кашаль пры бранхіце і ВРВІ ад кашлю пры ГЭРБ складана, тут неабходныя дадатковыя даследаванні і дапамога ўрача. Пры ГЭРБ голас можа знікаць, гэта так званая пазастрававодная праява ГЭРБ. Тэарэтычна паліпы могуць перарасці ў анкапаталогію, але рэдка, усё залежыць ад віду паліпа.
Чаму ў Беларусі вельмі рэдка робяць ФГДС пад медыкаментозным сном? Многія пакутуюць ад моцнага ванітавальнага рэфлексу.
Алена Адаменка: Ацэньваючы карысць і шкоду ад анестэзіі (дэзарыентацыя ў прасторы, галаўны боль, невялікае памутненне свядомасці, алергічная рэакцыя), большасць урачоў схіляюцца да думкі, што ФГДС лепш выконваць без наркозу. Пераноснасць анестэзіі залежыць ад розных фактараў: узросту, наяўнасці залежнасцяў, хранічных захворванняў, таму яе выкарыстоўваюць з асцярогай.
Летась рабіў каланаскапію, нічога не знайшлі, праўда, біяпсію не бралі. Зараз зноў млоснасць, пачуццё цяжару, жывот баліць з правага боку. Глытаў зонд, вынік: гастрыт, дуадэніт і рэфлюкс. Біяхімія, агульны аналіз – у норме, прыхаваная кроў – адмоўна, кальпратэктын – 78. Урач раіць рабіць зноў каланаскапію. Ці трэба яе паўтараць? Працэдура для мяне вельмі балючая.
Алена Адаменка: Калі ўрач настойвае, значыць, на тое ў яго ёсць аб'ектыўныя прычыны. Зараз правядзенне каланаскапіі магчымае і з анестэзіяй, у гэтым выпадку яна будзе без болю.
Хвароба Крона, гастрапатыя, бульбапатыя
Хлопчыку 6 гадоў, усе аналізы ў норме, але перыядычна з'яўляецца непрыемны пах з рота, падобны на мачу. Таксама часам турбуе жывот, пры націсканні з'яўляецца булькатанне, але не баліць. Зубы ўсе залечаныя, з ежай таксама пах не звязаны. Ці могуць гэта быць праблемы са страўнікам і як праверыць дзіця? Аксана
Ірына Савановіч: Калі пах з рота нагадвае ацэтон, дык неабходна праверыць узровень цукру ў крыві і мачы, а таксама ацэтону ў мачы.Пры парушэннях трэба пракансультавацца з педыятрам і эндакрынолагам.
Вынік аналізу ASCA Igg моцна перавышае норму. Ці гаворыць гэта на 100% пра наяўнасць хваробы Крона? Каланаскапія і іншыя аналізы ў норме. Як і дзе ў Беларусі дыягнаставаць тонкі кішэчнік для выключэння хваробы Крона? Раман
Ірына Савановіч і Алена Адаменка: Перавышэнне дадзенага аналізу не заўсёды кажа пра запаленчыя захворванні кішэчніка. Для выключэння хваробы Крона неабходны агляд гастраэнтэролага, з аналізам скаргаў, гісторыі захворвання, аб'ектыўным аглядам. Тонкі кішэчнік можа быць агледжаны пры дапамозе энтэраскапіі, капсульнай эндаскапіі, энтэраграфіі. Паказанні да іх вызначае ўрач. Энтэраскапія – гэта метад візуальнага абследавання тонкай кішкі пры дапамозе эндаскопа. Энтэраграфія мае на ўвазе выкарыстанне камп'ютарнай тамаграфіі і рэнтгенкантраснага рэчыва. Эндаскапічная капсула – прылада разавага ўжывання з убудаванай фотакамерай, пасля заглынання і выканання абследавання выходзіць з арганізма натуральным шляхам. Такія даследаванні можна прайсці ў клінічных бальніцах, рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах (РНПЦ), медцэнтрах.
Пры эндаскапічным даследаванні ў заключэнні: эрытэматозная антральная гастрапатыя 2 ступені запалення. Эрытэматозная бульбапатыя 1 ступені. Часта баліць жывот і ванітавальныя пазывы. З чаго пачаць лячэнне і што яшчэ трэба праверыць?
Алена Адаменка: У гэтым выпадку для дыягностыкі захворвання і прыняцця рашэння аб лячэнні неабходна ведаць вынік гісталагічнага даследавання слізістай страўніка (біяпсіі). Паспрабуйце прыняць антацыд, магчыма, боль пройдзе.