Колькі адбываецца аднаўленне пасля мамапластыкі? Што нельга рабіць перад аперацыяй? Ці адчуваюцца імпланты і ці гэта балюча?
На пытанні Слушна адказваюць у выніковым матэрыяле аб карэкцыі і аднаўленні малочнай залозы нашы эксперты: Яўгенія Шапавал, доктар медыцынскіх навук, загадчыца лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі «Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.М. Аляксандрава» і Алег Стасевіч, пластычны хірург
Што трэба ведаць пра падрыхтоўку да мамапластыкі?
Мамапластыку робяць толькі на фоне поўнага здароўя, у перыяд паміж менструацыямі. Напярэдадні аперацыі (не раней, чым за два тыдні) жанчына павінна прайсці поўнае медыцынскае абследаванне, якое ўключае:
- лабараторныя даследаванні (кроў на гепатыт, ВІЧ, сіфіліс; агульны і біяхімічны аналізы крыві; каагулаграму; агульны аналіз мачы);
- ЭКГ;
- флюараграфію;
- УГД малочных залоз;
- агляд тэрапеўта;
- агляд гінеколага;
- па неабходнасці – кансультацыі іншых спецыялістаў (напрыклад, пры наяўнасці праблем са зрокам – афтальмолага).
Алег Стасевіч:
— Як доўга праходзіць абследаванне, залежыць ад арганізацыі працы канкрэтнай установы аховы здароўя. У цэнтры, дзе я працую, такое абследаванне займае 1 працоўны дзень.
Што нельга рабіць перад аперацыяй?
Каб мінімізаваць рызыку ўскладненняў пасля мамапластыкі, пацыенткам часцей за ўсё рэкамендуюць:
- адмовіцца ад гарманальных кантрацэптываў за два тыдні да аперацыі;
- адмовіцца ад прыёму лекавых сродкаў, якія ўтрымліваюць саліцылаты (нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, самыя вядомыя – аспірын, ібупрафен, дыклафенак);
- спыніць курэнне за тыдзень да аперацыі (нікацін пагаршае ў швоў здольнасць загойвацца і аслабляе арганізм).
Што адбываецца падчас аперацыі?
Як і многія іншыя аперацыі, мамапластыка выконваецца з выкарыстаннем анестэзіі (абязбольвання). Які менавіта метад анестэзіі будзе абраны – агульная альбо мясцовая, залежыць ад стану здароўя жанчыны і асаблівасцей ходу аперацыі.
Магчымыя наступныя варыянты анестэзіі:
- агульная анестэзія;
- камбінацыя мясцовай анестэзіі з седацыяй (стан спакою, падобны да сну);
- мясцовая анестэзія.
Варта адзначыць, што большасць хірургаў аддае перавагу праводзіць мамапластыку з прымяненнем агульнай анестэзіі. Яна камфортна пераносіцца пацыентам, палягчае ўстаноўку імплантатаў і дазваляе спецыялісту сканцэнтравацца на самой аперацыі.
Падчас мамапластыкі ўся паверхня грудзей i месца будучага сячэння апрацоўваюцца антысептыкам, каб пазбегнуць развіцця інфекцыі. Рашэнне аб тым, дзе менавіта хірург будзе праводзіць разрэз тканак, прымаецца з улікам шматлікіх фактараў. Больш падрабязна пра іх вы можаце прачытаць у папярэднім матэрыяле гэтай серыі.
Алег Стасевіч:
— Аперацыя займае 1-1,5 гадзіны, выконваецца пад агульным абязбольваннем, пасля яе пацыентка застаецца пад наглядам медыкаў каля сутак.
Ці магчымыя ўскладненні пасля мамапластыкі?
Гэтая аперацыя, як і многія іншыя, можа мець розныя ўскладненні, у тым ліку:
- гематомы;
- сярому (анамальнае назапашванне сярознай вадкасці, якое часам развіваецца пасля пластычнай аперацыі);
- келоідныя рубцы;
- інфекцыйнае заражэнне раны;
- разрыў альбо зрушэнне імплантата;
- алергію на матэрыял імплантата;
- з'яўленне фіброзных утварэнняў.
Менавіта таму так важна прытрымлівацца ўсіх інструкцый урача да і пасля аперацыі, а таксама адказна ставіцца да ўсіх этапаў аднаўлення пасля мамапластыкі.
Што важна ведаць пра пасляаперацыйнае аднаўленне?
Болевыя адчуванні: у першыя дні пасля аперацыі магчымы боль з-за нацяжэння скуры і пасляаперацыйнага ацёку, аднак, як правіла, ён робіцца слабейшым на працягу тыдня.
Яўгенія Шапавал:
— Жанчыны часам адчуваюць усталяваны імплантат. Аднак, як правіла, гэта не прычыняе ім дыскамфорту.
Меры засцярогі:
- пацыентка абавязкова павінна прайсці курс лячэння антыбіётыкамі на працягу 5-7 дзён;
- неабходна насіць спецыяльную кампрэсійную бялізну на працягу месяца, якая дапаможа захаваць новую форму малочных залоз і паскорыць гаенне і ўтварэнне рубца;
- каб шнар не стаў шырэйшым, неабходна выкарыстоўваць спецыяльны папяровы пластыр у выглядзе палосак, што будуць фіксаваць краі шва;
- пры ўзнікненні сінякоў варта выкарыстоўваць гелі, у якіх ёсць гепарын альбо траксевазін;
- нельга мыць грудзі на працягу тыдня пасля аперацыі, прымаць ванну на працягу трох тыдняў, а таксама наведваць лазню ці сауну на працягу паўгода;
- выключыць фізічныя нагрузкі на 1,5-3 месяцы (у залежнасці ад складанасці аперацыі), пасля чаго павялічваць іх паступова, не падымаючы цяжару вагой больш за 3 кілаграмы;
- кіраваць аўтамабілем не рэкамендуецца на працягу двух тыдняў пасля аператыўнага ўмяшання;
- нельга спаць на жываце першыя 2 тыдні пасля аперацыі;
- не рэкамендуецца доўгае знаходжанне на сонцы, а таксама наведванне салярыя на працягу 6 месяцаў.
Што рабіць пасля зняцця шва?
Калі адбылося адлушчванне скарыначак, пасля папярэдняй кансультацыі з урачом для таго, каб разгладзіць рубец, рэкамендуецца выкарыстоўваць гель «Кантрактубекс» (да 3 раз у дзень). Таксама можна прыкладваць сіліконавую пласціну для хутчэйшага ўтварэння рубца. Каб прадухіліць з'яўленне фіброзна-капсулярных утварэнняў, можна рабіць лёгкі самамасаж з ужываннем ўвільгатняльных сродкаў.
Метады аднаўлення саска
Калі цягам аперацыі быў перасаджаны кавалак скуры, пацыентцы неабходна задумацца аб аднаўленні саска, каб вярнуць малочнай залозе натуральны выгляд. Зрабіць гэта можна наступнымі спосабамі:
- выкарыстоўваць штучны сасок з поліўрэтану, які мацуецца да малочнай залозы пры дапамозе прысоскі;
- аднавіць сасок з дапамогай пластычнай аперацыі;
- узнавіць сасок пры дапамозе татуажу.
Рэканструкцыя саска праводзіцца не раней, чым праз 2 месяцы пасля аперацыі.
Дарэчы, у Беларусі дзейнічае дабрачынная арганізацыя Belief, удзельнікамі якой з'яўляюцца прафесійныя майстры перманентнага макіяжу. У рамках бестэрміновай акцыі яны бясплатна ўзнаўляюць сасок пры дапамозе татуажа анкапацыенткам, якія зрабілі мамапластыку.