Днямі скончылася галасаванне і былі падведзены вынікі «Крэатыўнага конкурсу для ўсіх».
Нагадаем, што конкурс стартаваў на 26-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Ахова здароўя Беларусі-2019» на стэндзе газеты «Медыцынскі веснік», 24health.by і teenage.by. Любы жадаючы мог сфатаграфавацца ў медыцынскай вопратцы і з пацешнымі таблічкамі. Па выніках галасавання, якое праходзіла на партале нашага партнера Здаровыя людзі (24health.by) з 21 па 26 сакавіка, быў вызначаны пераможца ў намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый».
У гонцы за ўзнагароду лідзіруючае месца заняла Яна Аўчыннікава, якая набрала 245 галасоў. З 47 здымкаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, фота Святланы Агароднікавай (159 галасоў) і Вольгі Бацюковай (72 галасы) таксама не засталіся без глядацкай увагі. Аднак з вялікім адрывам Яна ўсё ж такі змагла ўтрымаць сваё першае месца.
Дзяўчына працуе ўрачом лабараторнай дыягностыкі ў Мінскім клінічным кансультатыўна-дыягнастычным цэнтры. Маладая, актыўная і жыццярадасная, Яна Аўчыннікава заўсёды ставіць перад сабой толькі рэальныя для дасягнення мэты. Так атрымалася і на гэты раз, калі Яна падключыла ўсіх сваякоў і знаёмых, каб яны падтрымалі яе ў галасаванні.
Вялікі дзякуй усім удзельнікам і тым, хто не спужаўся фотаўспышкі! Ну, а пераможцы – нашы віншаванні і абяцаныя падарункі!