Site icon Слушна

Пошук адказаў на вострыя пытанні. Рэцэнзія на паэму «Нарач» Максіма Танка

Нарач

Кожны пясняр спявае гімны сваёй Радзіме. Гэта можа быць не толькі краіна агулам, а і малы куток, дзе прайшлі важныя гады творцы. Так, Янка Купала ўспамінае Вязынку,  Алесь Адамовіч — Глушу, так і Максім Танк ў творах звяртаецца да Вілейшчыны і блізкіх нарачанскіх берагоў.

Нарач возера, якое знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Дзякуючы багатым флоры і фаўне яно стала карміцелькай жыхароў наваколля. Тое, што корміць чалавека і робіцца самым каштоўным і цэнтральным у яго жыцці.  Возера заўсёды належала рыбакам і мясцоваму насельніцтву, пакуль не прыйшоў 1932 год.

У гэты перыяд Мядзел ужо 11 год знаходзіўся ў складзе Польшчы, куды ўвайшоў згодна Рыжскай дамове. Нарач з’яўлялася самым вялікім возерам краіны і польскі ўрад вырашыў падвысіць выкарыстанне водных рэсурсаў.

Уладамі ў 1932 годзе быў прыняты закон, паводле  якога нацыяналізаваліся рэкі і азёры. У прыватнасці, возера Нарач перайшло да Дырэкцыі дзяржаўных лясоў.  Рыбакі не ў першым пакаленні атрымалі абвестку, што Нарач здаецца ў арэнду памешчыку Яблонскаму. Гэта азначала, што звыклая лоўля рыбы на возеры забаранялася.

Максім Танк

Ад цяпер мясцовае насельніцтва павінна было наймацца да памешчыка Яблонскага, каб займацца рыбнай лоўляй, ды атрымліваць за гэту працу грошы. Звыклым да вольнай працы на сябе жыхарам Нарачаншчыны гэта не спадабалася.

1935 год паклаў пачатак хваляванням нарачанскіх рыбакоў, якія, негледзячы на забарону польскага ўрада, адправіліся лавіць рыбу. У паліцыі, якая абараняла правы памешчыка, не атрымалася схапіць нікога, што дазволіла выступленню разгарнуцца.

У тым жа годзе Максім Танк, уражаны падзеямі на малой радзіме, знаходзячыся  ў Вільні пачаў пісаць паэму «Нарач».  Надрукаваць твор аўтар не мог праз дзяржаўную цэнзуру, прыходзілася выкрэсліваць найбольш встрыя моманты.

Максім Танк. Цікавыя факты з жыцця беларускага класіка

Першая публікацыя адбылася ў літаратурна-навуковым часопісе «Калосьсе» —  тагачасную асноўную літаратурную трыбуну у Заходняй Беларусі. Польскія ўлады былі супраць публікацыі, таму некаторыя нумары выдання з урыўкамі паэмы Максіма Танка былі канфіскаваны.

Цікавыя беларускія творы

Толькі ў 1940 годзе, падчас знаходжання ў Вілейцы, у паэта атрымалася цалкам завяршыць працу над паэмай, якая заняла асаблівае месца ў яго творчасці.

«Нарач» – першы буйны твор аўтара. Менавіта на гэтых старонках ішоў пошук дэталяў і вобразаў, пачуццяў, паэт вучыўся маляваць пейзажы, пісаць дыялогі і трымацца высокай рамантыкі.

Неабходна адзначыць, што Максім Танк не ставіў перад сабой задачы дакладна перараспавесці гісторыю Нарачанскага выступлення, хутчэй гэта толькі падстава, вобраз, які адлюстроўвае ўвесь народ, які не скараецца лёсу і не баіцца стаяць за праўду.

Здаецца, што акрамя рыбакоў, іх сямей, паліцыі ёсць яшчэ адзін герой, якому не далі слова. Само возера сваімі хвалямі і існаваннем адыгрывае сваю ролю ў падзеях. Яно не спакойнае і поўнае рыбы. Той самай, якая і стала прычынай непаразумення.

Нарач у творы паэта адгукаецца на боль народа. Здаецца, што народ і водная стыхія адно цэлае, што стаяць яны на адным баку супраць польскага ўрада ў асобе памешчыка. Як таленавіты аўтар, Танк адчуў усе настроі панскай Польшчы і адлюстраваў іх у сваім творы.

У паэме «Нарач» Максім Танк з майстэрствам дасведчанага паэта і запалам малодога творцы змог паказаць усю моц і народнасць заходнебеларускай барацьбы за свае традыцыі і правы. Нарачанскае выступленне скончылася ў 1939 годзе, рыбакам вярнулі права лавіць рыбу ў возеры.

Exit mobile version