Слушна яшчэ раз нагадвае пра сімптомы захворвання, а таксама меры прафілактыкі інфекцыі.
Сімптомы каранавіруса
Самымі частымі сімптомамі каранавіруса з'яўляюцца павышэнне тэмпературы цела (часцей да 38-39°С), стамляльнасць і сухі кашаль (часам макрота выдзяляецца ў невялікай колькасці).
У некаторых выпадках хворы чалавек адчувае пачуццё сціскання ў грудной клетцы, задышку. Часам да пералічаных сімптомаў далучаецца мышачны і галаўны боль.
Захворванне можа таксама дэбютаваць з'яўленнем вадкага стулу, млоснасцю, ванітамі і зніжэннем апетыту.
Наколькі цяжка працякае захворванне
Эксперты адзначаюць, што ў большасці выпадкаў (81-85%) інфекцыя працякае ў лёгкай форме. Медыцынская дапамога неабходная 10-14% пацыентаў. У інтэнсіўнай тэрапіі маюць патрэбу 5-6%. Як правіла, гэта ўзроставыя пацыенты са спадарожнымі паталогіямі (цукровы дыябет, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмічная хвароба сэрца, анкалагічныя хваробы і інш.).
Гэта найбольш цяжкая катэгорыя пацыентаў. Менавіта таму сталым людзям неабходна максімальна абмежаваць кантакты са сваякамі, у якіх ёсць прыкметы вірусных інфекцый, не выходзіць лішні раз у аптэку або краму, не наведваць без вострай неабходнасці паліклініку.
Павышаная тэмпература, кашаль і абцяжаранае дыханне – сур'ёзная падстава для неспакою і звароту па медыцынскую дапамогу.
Шляхі перадачы каранавіруснай інфекцыі
Асноўны шлях перадачы інфекцыі – паветрана-кропельны. Захворванне распаўсюджваецца пры блізкім кантакце з хворым.
Менавіта таму спецыялісты рэкамендуюць пры неабходнасці выконваць рэспіраторны этыкет, а таксама не грэбаваць правіламі гігіены (калі няма магчымасці памыць рукі, варта скарыстацца спіртазмяшчальным антысептычным сродкам).
Як абараніцца ад заражэння
- сачыце за тым, каб рукі былі чыстымі. Іх неабходна мыць з мылам на працягу не менш за 20 секунд або апрацоўваць антысептычным растворам;
- не дакранайцеся лішні раз нямытымі рукамі да твару, не чапайце вочы, нос, рот. Так вірусныя часціцы могуць трапіць у арганізм чалавека;
- не наведвайце шматлюдныя месцы. Калі такой магчымасці няма, старайцеся трымацца на адлегласці не менш за метр ад людзей, у якіх ёсць прыкметы рэспіраторнага захворвання;
- захоўвайце рэспіраторны этыкет. Пры кашлі або чханні прыкрывайце твар сурвэткай альбо сагнутым локцем;
- калі адчуваеце, што захварэлі, заставайцеся дома. Пры павышэнні тэмпературы, з'яўленні кашлю і абцяжараным дыханні выклікайце ўрача і выконвайце ўсе ўказанні спецыялістаў.
Рэжым самаізаляцыі
Калі вы вярнуліся з краінаў, эпідэміялагічна неспрыяльных па каранавірусе, на працягу 14 дзён пасля прыбыцця выконвайце рэжым самаізаляцыі. Пры любых прыкметах інфекцыі, якія з'явіліся на працягу гэтага перыяду (напрыклад, павысілася тэмпература, з'явіўся кашаль), трэба выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама праінфармаваць медперсанал, у якіх краінах знаходзіліся, паведаміць дату свайго вяртання.
Ці трэба насіць маску?
Эксперты тлумачаць, што ў сілу сваёй структуры марлевая павязка не можа ў поўнай меры «затрымаць» вірус. Акрамя таго, калі насіць яе працяглы час, часта не мяняць (кожныя дзве гадзіны), яна зробіцца вільготнай, на ёй могуць з'явіцца мікробы.
Разам з тым, насіць маску трэба тым, хто хворы або даглядае інфіцыраваных людзей. Маска павінна закрываць рот і нос, шчыльна прылягаць да скуры. Як толькі маска зробіцца вільготнай, яе варта змяніць.
Ці можна захварэць на каранавірус паўторна?
Згодна з інфармацыяй экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі фарміруецца імунітэт. Наколькі ён будзе стойкім, пакажуць далейшыя даследаванні.