Site icon Слушна

Праект старажытнабеларускага сакральнага мастацтва адкрылі ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

Выстаўка " 33 ступені"

У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага напярэдадні Вялікага посту адбылося адкрыццё выставачнага праекта старажытнабеларускага сакральнага мастацтва «33 ступені». Праект арганізаваны Музеем гісторыі Мінска і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

33 ступені 3

Выстаўка знаёміць наведвальнікаў з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі сакральнага мастацтва, прысвечанымі евангельскім падзеям Крыжовага шляху Езуса Хрыста і святу Вялікадня.

У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя творы іканапісу і скульптуры, створаныя ў XVII–XIХ стст. на тэрыторыі Беларусі.

Пасля закрыцця шматлікіх храмаў у 1960–1970-х гадах гэтыя творы былі выратаваны ад раскрадання і знішчэння.

Намаганнямі мастацтвазнаўцаў у ходзе навуковых экспедыцый помнікі сакральнага мастацтва беражліва збіраліся ў калекцыю Музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук БССР.

— Ідэя выстаўкі заключаецца ў тым, каб паказаць важныя падзеі ў жыцці беларусаў, якія мы можам параўнаць з сусветнай гісторыяй, — адзначыў на адкрыцці праекта загадчык аддзела Старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Барыс Лазука. — Трыццаць тры ступені як 33 гады жыцця Хрыста — гэта своеасаблівая алегорыя, якая адлюстроўвае і ступені ў жыццё кожнага чалавека ад нараджэння да канца жыцця. Як прайсці гэты жыццёвы шлях — гэта задача, якую даводзіцца вырашаць усім людзям.

На выстаўцы прадстаўлены розныя віды драўляных крыжоў праваслаўнай і каталіцкай канфесій з розных рэгіёнаў Беларусі.

Традыцыя ставіць драўляныя крыжы сыходзіць углыб часоў. Крыжы былі візуальным увасабленнем малітвы, а таксама падзякай за ацаленне, выратаванне ад гібелі.

Пазней распаўсюдзіліся драўляныя (выносныя) крыжы: як разьбяныя, так і ўпрыгожаныя тэмперным роспісам. Такія крыжы ўяўляюць сабой сапраўдны твор мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены таксама цудоўныя ўзоры драўляных «галгоф».

 

Выдатным узорам сакральнага мастацтва Беларусі з'яўляецца плашчаніца Ісуса Хрыста, прывезеная з Брэсцкай вобласці. Дэталёва адноўленая літаральна па нітачках плашчаніца займае сваё ганаровае месца на выстаўцы як неад'емная частка храмавага богаслужэння.

Выстаўку ўпрыгожаць узоры беларускага іканапісу і алтарныя палотны, якія паказваюць выяву Ісуса Хрыста і падзеі Евангелля. Асаблівасці беларускай школы з яе прыцягненнем да фальклорнай інтэрпрэтацыі класічных сюжэтаў даюць магчымасць адчуць нацыянальнае ўспрыманне сакральнага мастацтва.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама творы народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага на біблейскую тэматыку. Гэта работы, прысвечаныя евангельскім падзеям з жыцця Ісуса Хрыста, пераасэнсаваныя мастаком і напоўненыя глыбокім філасофскім зместам.

Прадстаўленыя на выстаўцы работы, быццам з нябыту вяртаюцца да нас, даючы магчымасць усвядоміць значэнне духоўнай спадчыны для сучаснасці, вызначыць культурную ідэнтычнасць і ажывіць гістарычную памяць.

Ва ўрачыстым адкрыцці выстаўкі ўзяў ўдзел прадстаўнік агульнарасійскага грамадскага руху «Расійскі клуб праваслаўных мецэнатаў» Аляксандр Копелеў.

Завяршылася мерапрыемства выступленнем творчай групы «Цімпан» пад кіраўніцтвам хормайстра і музычнага кіраўніка Вольгі Крывашэевай. Выстаўка працягне сваю працу на працягу ўсёй Чатырохдзесятніцы і першых тыдняў пасля сустрэчы Светлага Хрыстовага Уваскрэсення.

Аўсяны кісель і раўгеня. Як выглядаў посны стол беларусаў у старажытныя часы?

Exit mobile version