Ці часта ў паўсядзённым жыцці мы становімся сведкамі магіі? Калі мастацтва часам называюць магіяй, ці можна магію лічыць мастацтвам? На тыдні ў Мінску прайшоў IV Міжнародны ілюзійны фестываль «Minsk-Magic–2021», дзе карэспандэнт «СЛУШНА» знайшла адказ.
Фестываль на некалькі дзён паяднаў фокуснікаў ды ілюзіяністаў з усяго свету. Артысты пазнаёмілі гледачоў з камічнай, сцэнічнай і ментальнай магіяй, правялі майстар-класы і прадэманстравалі навінкі рэквізіту.
Знакамітыя імёны
Паказваць фокусы — незвычайнае майстэрства: у аснове яго — спрытнасць рук, эмацыйны фактар і сіла інтэлекту. Глядач тут — нібыта закладнік гіпнозу. Але калі прозвішчы мастакоў, рэжысёраў, музыкантаў звычайна на слыху, дык пра айчынных ілюзіяністаў так не скажаш.
Што да прафесійных фокуснікаў, дык самыя знакамітыя ў краіне — Пётр Стасевіч, Аляксандр Бурачэўскі, Канстанцін Лоск. Гэта дыпламаваныя прафесіяналы.
У шэрагу найвядомейшых — імя Юрыя Мазуркевіча. Артыст скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. З’яўляецца адзіным фокуснікам у Беларусі, які атрымаў вышэйшую адукацыю ў сваёй краіне.
Усе астатнія беларускія артысты вучыліся ў Эстрадна-цыркавым вучылішчы ў Кіеве.
Зараз у нашай краіне фокуснікаў не рыхтуюць наогул.
Фестывальны рух
Фэстывалі фокуснікаў праходзяць па ўсім свеце. Беларускія артысты наведваюць мерапрыемствы ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, удзельнічаюць у Новасібірскім форуме. Фестывальны рух фокуснікаў набірае абароты. Да прыкладу, Піцерскі форум за сем гадоў свайго існавання ўзляцеў настолькі, што ў 2024 годзе ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца маштабны фестываль, які артысты-фокуснікі паміж сабой называюць Алімпійскімі гульнямі.
Па меркаванні Юрыя Мазуркевіча, славянская фокусная суполка адстае ад той жа карэйскай ці італьянскай школы. Няма базы, навучальных устаноў. Аднак, дзякуючы актыўнай камунікацыі, у артыстаў узмацняецца жаданне працягваць фокусны рух і прыцягваць да яго маладых фокуснікаў.
Тэндэнцыі ў мастацтве фокуса
Сёння практычна ўсе фокуснікі выкарыстоўваюць элементы ментальнай магіі. Што гэта такое? Гэта фокусы, пабудаваныя не на спрыце рук, не на спецыяльным рэквізіце, а на «звышздольнасцях» чалавечага арганізма: чытанні думак, угадванні, прадказаннях.
Сёння ментальная магія запатрабаваная. Калі ўвага гледача сфакусіраваная на спрыце рук, тут усё зразумела – артыст натрэніраваўся, а вось калі фокуснік адгадвае задуманае гледачом – гэта незвычайна, патрабуе асэнсавання.
Як правіла, для ментальнай магіі не патрабуецца спецыяльны рэквізіт.
Прафесіяналізм у масы
Крытыкі, гледачы ды і самі аўтары розных мастацкіх твораў часам дастаткова скептычна ставяцца да ўспрыняцца іх творчасці. Для фокуснікаў жа – гэта поспех і матывацыя. Таму што менавіта ад массавай зацікаўленасці залежыць іх далейшы прафесійны лёс.
Вельмі важна, што ў краіне ладзяцца такія мерапрыемствы, як «Minsk-Magiс–2021». Гэта дазваляе разглядаць фокусы і магічныя прадстаўленні як прафесійнае майстэрства.