Site icon Слушна

Што трэба ведаць пра цукровы дыябет. Прафілактыка, харчаванне і рызыкі

Цукровы дыябет 14.11.2022

Цукровы дыябет – сур'ёзная паталогія, для якой характэрнае хранічнае парушэнне абмену рэчываў у арганізме. Каварства хваробы ў тым, што яна можа досыць доўга нічым сябе не выдаваць, знаходзячыся працяглы час у дрымотным стане.

Нярэдкія выпадкі, калі западозрыць, што ў чалавека развіўся цукровы дыябет, можа нават не эндакрынолаг, а, напрыклад, акуліст пры аглядзе вочнага дна.

цукровы дыябет 3

Існуе шэраг прыкметаў, характэрных для цукровага дыябету: моцная смага, частае мочаспусканне, моцнае пачуццё голаду, хуткая страта вагі, рэзкае пагаршэнне зроку, павышаная стамляльнасць і агульная слабасць, здранцвенне і паколванне ніжніх і верхніх канечнасцяў, пашкоджанні скуры, якія доўга загойваюцца, сверб скуры. Наяўнасць гэтых сімптомаў – сур'ёзная падстава звярнуцца да ўрача.

Пра тое, што такое цукровы дыябет і як не прапусціць захворванне, як захаваць здароўе вачэй пры такой паталогіі і чаму пры цукровым дыябеце важны самакантроль, а таксама што трэба ведаць, калі захварэў на COVID-19, чытайце ў нашым дайджэсце карысных артыкулаў інфармацыйнага партала Слушна.

Як не прапусціць цукровы дыябет

Самымі распаўсюджанымі тыпамі захворвання з'яўляюцца цукровы дыябет 1-га і 2-га тыпаў. Цукровы дыябет 1-га тыпу з'яўляецца аўтаімунным захворваннем, ён характэрны для дзяцей і асобаў маладога ўзросту. Дыябет 2-га тыпу дыягнастуецца пераважна ў людзей ва ўзросце, старэйшым за 50 гадоў, і колькасць такіх пацыентаў расце з года ў год.

Узровень глюкозы можа змяняцца кожныя пяць хвілін, што абцяжарвае дыягностыку. Таму найбольш інфарматыўным метадам з'яўляецца аналіз крыві на глікіраваны гемаглабін (HвА1с). Ён адлюстроўвае ўзровень глікеміі (ўзроўню цукру ў крыві) на працягу апошніх двух-трох месяцаў.

Які ўзровень глюкозы ў крыві сведчыць пра тое, што чалавек хворы на цукровы дыябет? У каго рызыка развіцця захворвання вышэйшая? Якія яшчэ існуюць метады лабараторнага пацверджання дыягназу? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці тут.

Самакантроль – залог поспеху

Лячэнне цукровага дыябету сёння мае на ўвазе навучанне навыкам самакантролю. Толькі той чалавек, які залучаны ў сістэму кіравання сваім захворваннем, здольны прымаць найбольш верныя рашэнні, якія тычацца эфектыўнага вядзення свайго дыябету.

Кантроль узроўню глюкозы мае вялікае значэнне ў папярэджанні ўскладненняў цукровага дыябету. На жаль, немагчыма аднойчы і назаўсёды падабраць схему прыёму прэпаратаў, якія зніжаюць цукар, альбо дозы інсуліну. Усё гэта мае патрэбу ў пастаяннай карэкцыі, бо жыццё поўнае нечаканасцяў і непрадбачаных сітуацый, якія могуць уплываць на ўзровень глікеміі.

Падрабязна пра тое, чаму гэтак важны самакантроль, у чым ён заключаецца і як правільна выкарыстоўваць глюкометр, можна прачытаць тут.

Кантраляваць узровень цукру ў крыві важна, нават калі вы здаровыя. Калі ж паказчыкі перавышаюць норму, а тым больш дыягнаставаны цукровы дыябет, сачыць за ўзроўнем глюкозы жыццёва неабходна.

Харчаванне пры цукровым дыябеце

Прыкладна 95% людзей з цукровым дыябетам 2-га тыпу маюць лішнюю масу цела альбо атлусценне. Эфектыўнасць лячэння заключаецца ў тым ліку і ў змене ладу жыцця. Напрыклад, зніжэнне масы цела на 10 кг на працягу 3-6 месяцаў прыводзіць да паляпшэння метабалічных параметраў (глюкоза, артэрыяльны ціск, узровень ліпідаў). Як гэтага дасягнуць?

Аснова – памяншэнне каларыйнасці і памеру порцый, разнастайнасць рацыёну, баланс вугляводаў, бялкоў і тлушчаў, а таксама захаванне рэжыму харчавання. Парадамі, як правільна арганізаваць сваё харчаванне, калі дыягнаставаны цукровы дыябет 2-га тыпу, падзялілася наш эксперт.

Дыябетычная рэтынапатыя – часты спадарожнік цукровага дыябету

Цукровы дыябет можа прыводзіць да з'яўлення змяненняў на сятчатцы вока – дыябетычнай рэтынапатыі. Асноўныя прыкметы захворвання – пагаршэнне зроку як зблізку, так і ўдалячынь (прычым акулярамі скарэктаваць праблему не атрымліваецца), з'яўленне адной альбо некалькіх цёмных плямаў у цэнтральнай зоне альбо скрыўленне ліній адлюстравання. Пры прагрэсаванні хваробы прагноз неспрыяльны – чалавека чакае поўная страта зроку.

Як развіваецца дыябетычная рэтынапатыя? Што пры гэтым адбываецца з сятчаткай? Якія метады лячэння існуюць? Пра гэта чытайце ў інтэрв'ю з нашым экспертам. А ў гэтым матэрыяле спецыяліст падзялілася парадамі, як захаваць здароўе вачэй людзям з цукровым дыябетам ва ўмовах жыцця анлайн, у якіх выпадках можна справіцца ўласнымі сіламі, а калі абавязкова трэба звяртацца па медыцынскую дапамогу.

Цукровы дыябет і COVID-19

Для людзей з цукровым дыябетам характэрнае больш цяжкае цячэнне каранавіруснай інфекцыі і высокая верагоднасць развіцця ўскладненняў.

Каб пазбегнуць інфікавання COVID-19, людзям з цукровым дыябетам неабходна прытрымлівацца тых жа агульных мераў прафілактыкі, што і астатнім. Разам з тым, існуе шэраг асаблівасцяў, якія неабходна выконваць пры цукровым дыябеце. Падрабязна пра гэта, а таксама пра тое, што рабіць, калі з'явіліся сімптомы каранавіруснай інфекцыі, можна даведацца тут.

Exit mobile version