Пагалоска пра тое, што на лясной рэчцы Малы Перакоп з’явіўся сквапны Рыбак разнеслася па малых і вялікіх азёрах, рэках і нават ставах. Сведкам аказаўся і Уладзік, які разам з дзедам Рыгорам у суботу прыйшоў з новай вудаю парыбаліць.
Перш чым прычапіць чарвяка на кручок бацька вырашыў праверыць кемлівасць унука, загадаўшы яму загадку: «Серабрыстай стужкай змяя выпаўзае. Паўзе па лагчынах ды ў мора ўпадае». Што гэта такое?
—Дзед, не пужай мяне!
— Ды я і не думаў цябе пужаць!
— Я думаю гэта — удаў.
— Жартаўнік! Ты проста разважай над кожным словам і ўяві тую загадкавую карцінку.
— Я пажартаваў.
— Ручэй?
— Дакладна – рака.
— Ааа! Так, так!
— Тады яшчэ адну паспрабуй адгадаць, мой камп’ютарны геній: «Хоць не шавец – нажніцы мае. Шчацінкі дзве ў зубах трымае. Жыве ў рачулцы небарак, нібы павук, вусаты…?»
— Ну, дзед, і складаныя ж у цябе загадкі! Толькі для малых дзяцей.
— Рак! Канешне ж рак. У каго яшчэ ёсць клешні, як нажніцы, калі ўхопіць за руку – бывай здаровы! Наўрад ці выслабанішся без ранення. Вунь мой сябра Лёшка неяк спаймаў рака пад карчом на мелкаводдзі гэтае ж рачулкі, дык той так ухапіў яго за руку, што два пальцы загаіцца два месяцы не маглі.
— Не ведаў, што ты не толькі камп’ютарнае дзіця, а яшчэ і жыццёвым досведам валодаеш.
— А тое!
І разам засмяяліся.
Прыйшлі яны гадзінаю, калі сонца перакацілася далёка за поўдзень.
Прычынай была атрыманая Уладзікам тройка, таму была такая сямейная дамова: атрымаеш не ніжэй за «добра» — пойдзеш на рэчку на ўвесь дзень.
Але хлопчык не выканаў абяцання і зарабіў толькі палову выхаднога дня, напярэдадні не давучыў верш, і атрымаў тое, што атрымаў.
Таму нават хатні кот Маркіз і той смяяўся з яго. Уладзік толькі маўчаў і бездакорна з самай раніцы дапамагаў маме прыбрацца ў кватэры.
Рыбак той сядзеў з вудай на беразе, пад лазовым кустом, і ўвесь дзень, і нанач заставаўся. Ён завязваў адзін мех, распачынаў новы, браў усё, што пападалася на кручок. Не грэбаваў і малой рыбай.
Чулі яны, як жыхароў лясной ракі ахапіла трывога.
— Так ён усіх нас пераловіць, — абураўся невялікі Шчупачок. – Адны жабы застануцца. Трэба нешта рабіць.
Недалёка, у адной глыбокай каламутнай яміне жыў чорны, тлусты, галаваты, стары і паважаны ўсімі Сом. Сабраліся рыбы і паплылі да яго раіцца. Прыплылі і пачалі скардзіцца на незнаёмага і сквапнага Рыбака.
Сом пашавяліў сваімі доўгімі і чуйнымі вусамі, адказаў:
— Прагнасць — вялікая загана. Трэба яе напачатку лячыць. Вось ты, шчупак, як думаеш? Прафілактычным шляхам паспрабуем, так?
— Так!
— Тады папярэдзь яго зменшыць апетыт.
— А вы, — ён звярнуўся да соцен Плотак-краснапёрак, што касяком абкружылі Сома, — плывіце да самага таго берага, дружна абступіце паплавок яго і ў адзін голас: «Калі не спыніш знішчэнне малькоў, сілай прымусім назаўсёды пакінуць рэчку!»
Пачулі незадаволенасць учынкам прагнага госця жыхары суседняга возера – Сазаны ды Ляшчы, Карпы ды Ліні, Мянтузы ды Язі, Судакі ды Вугры. Нават Белы Амур з Фарэллю выказалі салідарнасць. Акружылі паплавок Рыбака і ў адно імгненне паказаліся на паверхні вады.
Адзін моцны голас гучаў так, што ўсё наваколле дрыжэла: «Калі не спыніш знішчэнне малькоў…»
І ў адно імгненне зніклі пад вадой. Рыбака ажно перасмыкнула: яго здзіўлены ад візіту нечаканых жыхароў твар скрывіўся, а вочы вылезлі на лоб. Яго пачало трэсці, нібы хвост пліскі, што бегала ўзад-уперад па беразе. Капялюш яго белы споўз на карак, але вудзільна з рук не выпусціў.
Калі прайшоў страх, Рыбак нахабна і злосна рассмяяўся: колькі хачу, столькі і лавіць буду! Вунь колькі вас! Мільёны!
— Не хочаш мірным шляхам — сілком вытурым адсюль, — казаў залацісты Карп.
— Мы табе не дадзім пакою, — прыгразіў Шчупак.
Рыбак зняў з нагі свой гумовы бот і як замахнецца.
— Прэч адсюль, пакуля яшчэ добры!
Сумны вярнуўся Шчупак.
Пачасаў свой пакаты і шырокі лоб флегматык Сом, паварушыў доўгімі вусамі. І загадаў, каб Шчупак надвячоркам зноў клікнуў на агульны сход усіх рыб — вялікіх і малых.
Калі вячэрняе стомленае Сонца садзілася за далягляд і ад яго чырвані ружавела разняволенае наваколле, жыхары лясной рэчкі і суседніх азёр падплылі да альховага куста. Барвовыя водсветы лашчылі вадзяное люстэрка ракі, і рыбам не хацелася парушаць прыродную ідылію.
Сом вырашыў дзейнічаць катэгарычна: аперацыю па выратаванні падводнай фаўны ўзяў у свае рукі.
Ён асцярожна падплыў і рэзка, але моцна абхапіў губамі грузіла і далікатна тузануў.
Рыбак падсёк, пацягнуў, але — марна: лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. «Вялікая рыбіна ўзялася, заглынула-такі свежую прынаду», — падумаў ён, і на твары намалявалася хітрая ўсмешка, а сэрца ад радасці забілася яшчэ мацней.
— Пакуль вы там будзеце валтузіцца пра сваю будучыню я нацягаю яшчэ адзін мех. Толькі ўжо вялікай рыбы!
Рыбак спусціўся з абрыву бліжэй да вады, пачаў памалу падцягваць.
Убачыўшы вялізнага Сома, ён нахіліўся, каб падхапіць яго падсачакам і выкінуць на бераг. І ў гэты міг тысячы, а можа і мільёны розных рыб з’явілася на паверхні вады.
Вугор таксама не забыўся на крыўдзіцеля і адразу ўскочыў на вудзільна і павіс. У гэты момант дужы Сом штосілы рвануў за вуду.
— Што за насланнё? Гады скачуць, рыбы танчаць, — бубніў сабе пад нос перапужаны Рыбак.
Ён не ўтрымаўся на нагах і плюхнуўся ў ваду.
— О-о-ёй! Што ж гэта такое?
— Хапайце яго! — закрычаў сваім глухім басам Сом.
Рыбы дружна накінуліся на Рыбака. Учапіліся хто за ногі, хто за рукі, а Вугор з Ракам — за вушы і пацягнулі на самы вір ракі.
— Даражэнькія рыбкі, самыя смач…, прабачце, самыя прыгожыя ў свеце жыхары падводнага царства! Даю цвёрдае слова, што больш ніколі не буду сваволіць! Адпусціце! Даруйце, калі ласка, што непачцівым быў з вамі, — пачаў прасіцца небарака.
—Ты ж зноў маніш! На цабе ж ніякае прафілактычнае лячэнне не падзейнічала. Ты наўмысна ідзеш супраць матухны прыроды.
— Не, на гэты раз не маню!
— Мы хочам цябе правучыць, каб дзясятаму заказаў! Лёгка пакараць, аставіўшы на ноч прывязаным да тае самай вольхі. Няхай цябе ноччу Русалкі да знямогі заказычуць, — рыбы рассмяяліся.
— Можа тады і мы заспакоімся.
— Ой, не-е! Мяне дома жонка і дзеці зачакаліся.
— А мы сваіх дзетак па тваёй сквапнасці так і не дачакаемся! А яны ж былі такімі прагнымі да жыцця, як ты занадта ўжо пражэрлівы на ўсё дармавое.
У гэты момант Вугор як пакруціць парушальніка за вуха, той заенчыў як дзіця.
— Ой, не буду больш знішчаць малькоў! Буду лавіць у меру. Злітуйцеся, мае харошыя рыбкі!
І рыбы паверылі прагнаму Рыбаку.
Адпусцілі. Ён плёхаўся яшчэ некаторы час, але добра змораны выпаўз на мель.
За ўсім гэтым казачным дзействам назіралі і Уладзік з Дзедам. І калі яны падлічылі сваю шчаслівую здабычу, якая налічвалася дзясяткам вялікіх серабрыстых плотак-краснапёрак і трыма тоўстымі акунямі: збіраліся дахаты, мокры Рыбак сядзеў на беразе і перапуджанымі вачыма глядзеў на адплываючых вясёлых рыб і знікаючы на паваротцы свой белы капялюш.
— Здорава вылечылі! — Уладзік падняў угору вялікі палец правай рукі і паматаў русявай галавою.
Усміхаючыся ў свае сівыя дагледжаныя востраканечныя вусы, Дзед таксама адказаў тым жа жэстам.
З таго часу прагнага Рыбака больш ніхто ніколі так і не бачыў на лясной рэчцы. Праўда аднойчы Вугор заўважыў яго на суседнім возеры. Ён лавіў з лодкі і толькі вялікую рыбу. І ў меру.
А ты, мой дружа, які ўрок вынес з гэтае казкі?
Таксама чытайце: