Site icon Слушна

Прамінанне як метад лячэння ў беларусаў мінулага

Прамінанне (пралазіны, працягванне, прадзяванне) чалавека або хатняй жывёлы праз рознага кшталту адтуліны, шчыліны, праломы і дзіркі — магічны рытуал, які ў беларусаў мінулага сімвалізаваў акт нараджэння (адраджэння) і служыў для пазбаўлення ад хвароб і павелічэння жыццёвай энергіі.

Дзяўчынкі — да бярозы, хлопчыкі — да дуба

У шматлікіх абрадах згадваюцца пралазіны хворага праз расшчэплены ствол дрэва, дупло, адтуліну паміж двума дрэвамі, якія растуць з аднаго кораня, паміж каранямі дрэва, якія выходзяць вонкі, праз вобад бочкі ды інш. Хворы нібыта заставаўся па той бок адтуліны, а на гэтым з’яўляўся яго здаровы двайнік. Часта такое ўжывалася і для прафілактыкі, напрыклад, пры ўзнікненні масавых хвароб або мору.

Жанчына ў дупле. Лечение деревьями в Беларуси

Ва ўсходніх і заходніх славян паўсюдна была распаўсюджана падобная практыка. Асабліва часта працягвалі дзяцей, якія пакутвалі на рахіт і бессань, слабых, хворых на эпілепсію. Як правіла, бацькі, стоячы па абодва бакі ад дрэва, тройчы перадавалі адно аднаму дзіця праз адтуліну. Пры гэтым на дрэве пакідалі кашулю дзіцяці, а таксама сачылі за тым, ці зарасце дрэва пасля гэтага. Калі яно зарастала, чакалі акрыяння.

Шырока распаўсюджаным сродкам лячэння хвароб лічылі працягванне хворага праз дупло святога дрэва.

Пры дзіцячых хваробах дзяўчынак вадзілі лячыць да бяроз, а хлопчыкаў — да дубоў. Многія дрэвы лячылі ўсіх.

Лекавыя ліпы, бярозы ды хвоі

У пачатку 20 стагоддзя вельмі папулярнымі лічыліся тры “лекавыя” ліпы каля вёскі Капланцы на тэрыторыі цяперашняга Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

Непадалёк знаходзяцца Святое возера і Святы ручай, над вытокам якога калісьці стаяла каплічка.

Па пэўных датах каля ліп адбываліся фэсты з кірмашамі. Адна з ліп згарэла ад удару маланкі, а астатнія дзве яшчэ доўга працягвалі “лячыць” людзей. Хвораму трэба было пралезці праз адтуліну ў дрэве, потым разарваць на сабе тую частку адзення, якая датыкалася хворага месца. Шматкі старой вопраткі пакідалі каля дрэў і апраналі новае адзенне.

У некаторых месцах на хворага надзявалі сарочку так, каб ён, калі пралазіў праз дупло, пакідаў яе ў дрэве. Пры гэтым існавала табу: старое адзенне ні ў якім разе нельга было падбіраць, інакш хвароба магла перайсці на таго, хто яго ўзяў.

Каля вёскі Заазер’е Бялыніцкага раёна Магілёўшчыны на скрыжаванні трох дарог яшчэ не так даўно стаяў каменны крыж і раслі дзве бярозы. Сюды хадзілі “ачышчацца”. Вопратку вешалі на галінкі бяроз і на каленях тройчы прапаўзалі паміж крыжам і бярозамі. Пасля апраналіся ў чыстае адзенне, прынесенае з сабой.

У Крупскім раёне Мінскай вобласці на тэрыторыі Выдрыцкага сельсавета, паміж вёскамі Гумны і Вялікае Горадна, каля лясной дарогі знаходзіцца “лекавая” хвоя са скразным дуплом. Патрапіць туды можна па трасе М 1. Каля Барысава трэба павярнуць на вёску Вялікая Ухалода і прасёлкамі даехаць да вёскі Гумны. Сасна знаходзіцца пры лясной дарозе перад развілкай на шляху ў вёску Вялікае Горадна.

У народзе лічылася, што калі тройчы пралезці праз дупло гэтай хвоі, то не застанецца ніякіх хвароб. Пры набліжэнні да хвоі трэба было зняць верхняе адзенне і ісці далей моўчкі. Каля дрэва неабходна было прагаварыць малітву і потым тройчы пралезці праз дупло з захаду на ўсход, затым распрануцца дагала і сказаць: ”як я скідаю з сябе гэтыя майны, так хай з мяне сыдуць усе хваробы”. Потым пакінуць на дрэве старое адзенне, апрануцца ў новае і моўчкі сыйсці. Па павер’ях, аголенасць мусіла абараніць чалавека ад уплыву дэманічных сіл.

Больш за ўсё абрад працягвання здзяйснялі з дзецьмі. Каб засцерагчы дзіця ад сурокаў, маці працягвала яго паміж сваіх ног. Таксама пры суроках дзіця тры разы працягвалі праз хамут кабылы, а потым надзявалі на яе. Пасля нараджэння дзіцяці для таго, каб яно не было хвараблівым, перадавалі дзіця праз акно з дому на вуліцу і назад. А каб народжанаму ў безмесяцовыя дні дзіцяці не пагражала бясплоднасць, то перад хрышчэннем яго не выносілі праз дзверы, а гэтак жа перадавалі кумам праз акно. Ад пярэпалаху дзіцёнка працягвалі праз мужчынскія нагавіцы.

Як праз рэшата вада

З лекавай мэтай пралазілі праз дзіркі ў валунах. Каля вёскі Горкі ў Дзятлаўскім раёне Гродзеншчыны на вяршыні гары ляжыць велізарная камлыга, якая некалі расчапілася, і ў яе сярэдзіне ўтварыўся праход. Каб пазбавіцца ад якой-небудзь хваробы, трэба тройчы пралезці праз гэты праход.

Выкарыстоўвалі і такі метад народнай медыцыны як праліванне вадкасці скрозь адтуліну раздвоенага дрэва ці ўтвораную паміж каранямі дрэва, або праз дзірку ад сука ў дошцы. Ад вар’яцтва пілі ваду пралітую праз шчыліну ад раздвоенага і потым зноў зрослага ў іншым месцы дрэва. Такая вада нібыта дапамагала і ад укусаў змяі.

Праз адтуліны ў камянях пралівалі ваду, і пасля такога дзеяння яна станавілася лекавай. На ўзгорку паміж вёскамі Ператок і Дубнікі ў Любанскім раёне Мінскай вобласці ляжыць невялікі камень з мноствам невялікіх паглыбленняў і адтулін.

У народзе гэты камень завуць Божы Камень, Святы Камень або Божы Слядок. Здаўна да каменя хадзілі на маладзік, а потым — на свята Юр’я. Раней лічылі, што ісці да каменя трэба босым і па дарозе ні з кім не размаўляць. Каменю ахвяравалі яйкі, садавіну і гародніну, сыр, масла, самаробнае палатно і ручнікі, а таксама грошы.

Паломнікі неслі з сабой ваду, пралівалі яе праз адтуліны каменя і збіралі ў посуд. Па павер’ях, пралітая такім чынам вада дапамагала вылечыць рэўматызм, запаленні і розныя застарэлыя хваробы.

З лекавымі мэтамі ваду пралівалі і праз адтуліны каменных сякерак. Так рабілі і з каменнымі ці глінянымі праселкамі — грузікамі для верацяна. Такія з’ёмныя праселкі з’явіліся яшчэ ў эпоху неаліта і выйшлі з ужытку ў часы позняга сярэднявечча. Але нават у 20 стагоддзі выпадкова знойдзеная праселка выкарыстоўвалася як знахарскі сродак і называлі яе “памачнік”.

Вадой, якая працякала праз ручку дзвярэй і дзвярныя петлі, нашы продкі здымалі сурокі і другія негатыўныя з’явы. Гэты рытуал выконвалі ў асноўным на поўню або на маладзік.

Праліванне вады рабілі і праз розныя гаспадарчыя рэчы — рэшата, замкі, дзвярныя петлі, шчыпцы для вуголля ды інш. Так, ваду пралітую праз рэшата, надзялялі гаючымі ўласцівасцямі і выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне.

На Палессі з лячэбнымі ці прафілактычнымі мэтамі палівалі вадой праз рэшата дзіцёнка, ад сполаху абмывалі дзіця вадой, прапушчанай папярэдне праз перавернутае рэшата, і давалі потым папіць яе. Пры эпідэміі або мору такім жа спосабам палівалі вуліцу.

 

Як даўней на Беларусі засцерагалі дзіця ад хвароб

Exit mobile version