Site icon Слушна

Прамянёвая тэрапія гінекалагічнага раку: чым дапаможа і як аднавіцца пасля апраменьвання

Прамянёвая тэрапія: як прымяняецца пры гінекалагічным раку

Як працуе апраменьванне? Ці робіцца пацыент радыеактыўным пасля лячэння? Якія прэпараты ўзмацняюць эфект прамянёвай тэрапіі? Якія працэдуры і прадукты дапамогуць паменшыць пабочныя эфекты апраменьвання?

Распавядае Ірына Аляксандраўна Касенка, урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. Працяг. Пачатак тут.

Ірына Касенка, урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава:

Адзін з найбольш эфектыўных метадаў лячэння гінекалагічнага раку – прамянёвая тэрапія, па-простаму – апраменьванне. Гэты метад пачалі выкарыстоўваць больш за 100 гадоў таму, і ён знайшоў шырокае прымяненне менавіта ў анкагінекалогіі. Чаму? Бо апраменьванне эфектыўна разбурае плоскаклетачны рак, а пухліны шыйкі маткі, похвы і вульвы маюць менавіта такую будову.

Сёння прамянёвая тэрапія ўжываецца ў самастойным варыянце ці як дадатак да аперацыі або хіміятэрапіі ў 70-80% анкагінекалагічных пацыентаў.

Як апраменьванне спраўляецца з пухлінай?

Вы, безумоўна, чулі выраз «пранікальная» радыяцыя. Гэта можа быць гама-, бэта-, альфа-прамяні, тармазны пучок электронаў, пратонаў, нейтронаў і да т.п. У радыегінекалогіі выкарыстоўваюць, як правіла, гама-тэрапію і тармазную энергію электронаў.

Радыяцыя пранікае ў пухліну і прыгнятае дзяленне яе клетак, у выніку яны не могуць узнаўляцца і гінуць, а на іх месцы вырастае злучальная тканка. Так гіне рак.

Аднак траўмуюцца і нармальныя тканкі, якія трапілі ў зону пранікнення прамянёў. Але «фокус» у тым, што яны могуць аднаўляцца, паколькі падпарадкоўваюцца рэгулятарным сістэмам арганізма, а пухліна – не.

Перш чым прымяніць апраменьванне, праводзяць спецыяльнае дадатковае абследаванне жанчыны з дапамогай сучаснай тэхнікі. Гэта называецца «перадпрамянёвай падрыхтоўкай», якая вырашае задачы вымярэння органаў і тканак, выбару неабходнага аб'ёму тканак, якія будуць апраменьвацца, абароны здаровых тканак ад шкоднага ўздзеяння апраменьвання, разлік дозаў і выбар рытму лячэння.

Анатамічная будова жаночых палавых органаў такая, што да іх можна «падабрацца» рознымі шляхамі. Пры дыстанцыйным апраменьванні крыніца радыяцыі размяшчаецца па-за целам чалавека, вонкава. Сеансы гэтага апраменьвання пацыенткі называюць «прамянямі» і пасля пары «прамянёў» працягваюць лячэнне без страху, бо сеанс кароткі (2-5 хвілін) і не балючы.

Пры ўнутраполасцевым апраменьванні радыеактыўныя крыніцы размяшчаюцца ўнутры цела – у поласці маткі і похвы. Гэтыя сеансы жанчыны называюць «укладкамі». Працягласць сеансу: ад 8 хвілін да 12 гадзін у залежнасці ад канкрэтнай клінічнай сітуацыі.

Часам у радыегінекалогіі ўжываюць аплікацыі радыеактыўных крыніц: дадатак радыенуклідаў да пухліны слізістай похвы, шыйкі маткі ці ўнутрытканкавае апраменьванне: увядзенне радыенуклідаў у выглядзе іголак унутр тканак.

Дзякуючы прымяненню розных спосабаў апраменьвання да пухліны маткі падводзяць патрэбную дозу выпраменьвання. Спосаб называюць спалучальнай прамянёвай тэрапіяй.

Чым дапамагаюць лекавыя прэпараты?

Поспех прамянёвай тэрапіі звязаны з наяўнасцю сучасных радыетэрапеўтычных апаратаў. Павінна вас запэўніць, што тэхніка сёння зусім не тая, што была 30-40 гадоў таму. Тэхналогія працэсу прадуманая да дробязяў, у краіне працуе дасведчаны персанал. Таму заклікаю жанчын, якія маюць рак шыйкі маткі, похвы або вульвы, не баяцца гэтага метаду. Прамянёвая тэрапія ў самастойным варыянце можа цалкам вылечыць рак гэтых органаў.

Некаторыя супрацьпухлінныя прэпараты (5-фторурацыл і цысплатын) робяць ракавыя клеткі больш адчувальнымі да апраменьвання. Іх называюць радыесенсібілізатарамі і прымяняюць адначасова з прамянёвай тэрапіяй.

Радыепратэктары – гэта прэпараты, якія абараняюць здаровыя клеткі ад выпраменьвання. Яны стымулююць «рамонт» нармальных клетак. Зараз такім прэпаратам з'яўляецца аміфастын. І яшчэ некалькі прэпаратаў знаходзяцца ў стадыі вывучэння.

Як знізіць пабочныя эфекты апраменьвання?

Агульная прамянёвая рэакцыя. Рэдка пасля апраменьвання пацыенткі могуць адчуць слабасць, раздражняльнасць, галавакружэнне, зніжэнне артэрыяльнага ціску. Такая рэакцыя з'яўляецца на пачатку апраменьвання і праходзіць самастойна за некалькі дзён пры правільных паводзінах.

Вось базавыя парады:

  • Паколькі апраменьваецца вобласць жывата, арганізм пакутуе і можа капрызіць, бы падчас цяжарнасці пры таксікозе: не падабацца ежа, пахі і інш. Не гвалтуйце сябе. Напрыклад, замяніце непажаданую ежу іншым раўнацэнным прадуктам.
  • Варта піць да 2 л вадкасці ў дзень: морс, сокі, зялёны чай, адвары, настоі, вада.
  • Для павышэння ўзроўню гемаглабіну карысна піць свежавыціснуты сок з гародніны і садавіны чырвонага колеру: буракі, морква, гранат – усяго пароўну, па 1/2 шклянкі ў дзень нашча (калі арганізм пераносіць сокі). Пры гэтым бурачны перад ужываннем варта адстойваць у халадзільніку 2-3 гадзіны. Ён можа захоўвацца там да 3-х сутак.
  • Важныя прагулкі і рух у памяшканні.

Што рабіць пры запорах і паносах?

Пры апраменьванні маткі бывае запаленне мачавога пузыра, урэтры, тоўстай і тонкай кішок. Яно выяўляецца ў выглядзе рэзяў, болю пры мочаспусканні, паносам, запорамі, болем у жываце. Пры сучаснай тэхніцы апраменьвання гэтыя сімптомы, як правіла, бываюць слаба выяўленымі. Тым не менш, іх з'яўленне варта абмеркаваць з урачом. Я настойліва вам раю: не думайце пра магчымыя рэакцыі, нават калі яны з'явіліся ў вашай суседкі па палаце, думайце пра карысць лячэння, якое забівае рак.

  • Пры запорах піце як мінімум 8 шклянак (па 250 мл) вадкасці ў дзень, уключайце ў меню фруктовыя сокі і кампот з чарнасліву. Некаторым пацыенткам пры запорах дапамагае прыём гарачых вадкасцяў, гарбаты ці кавы. Аднак улічвайце, што чай і кава валодаюць мачагонным дзеяннем, таму на кожны выпіты кубак кавы ці гарбаты пажадана прыняць дадатковую шклянку вады.
  • Будзьце актыўнымі. Падчас лячэння рухацца неабходна, але нельга ператамляцца. Вы можаце шпацыраваць, займацца ёгай і нетраўматычнымі відамі спорту. Калі вы не можаце хадзіць, папрасіце вашага ўрача паказаць практыкаванні, якія можна рабіць лежачы або седзячы.

  • Ешце больш прадуктаў, багатых на клятчатку: хлеба з мукі грубага памолу з вотруб'ем, сухафруктаў, бабоў, фасолі, сырой гародніны, свежай садавіны і арэхаў.
  • Калі ў вас не было стулу два дні запар, паведаміце ўрачу. Ён можа парэкамендаваць вам слабільны сродак або клізму. Аднак не выкарыстоўвайце ніякіх метадаў без дазволу ўрача!
  • Пры паносе ешце 5-6 разоў у дзень маленькімі порцыямі. Ужывайце больш прадуктаў, багатых на натрый або калій: бананаў, апельсінаў, абрыкосавага ці персікавага нектару, варанай бульбы ці бульбянога пюрэ. Піце маленькімі глыткамі да 8-12 шклянак вадкасці пакаёвай тэмпературы (лепш вады) у дзень. Перад ужываннем газаваных напояў дайце вуглякісламу газу выйсці. Паведаміце ўрачу, калі панос суправаджаецца болем, спазмамі або крывацёкам з задняга праходу. Пасля наведвання прыбіральні выцірайце вобласць задняга праходу з асцярожнасцю, лепей за ўсё дзіцячымі вільготнымі сурвэткамі. Пракансультуйцеся з урачом адносна неабходнасці перайсці на вадкую дыету: такім чынам вы зможаце даць кішэчніку адпачыць і аднавіцца. Вадкая дыета прызначаецца на тэрмін не больш за 5 дзён.

Я – радыеактыўны?!

Нярэдка пацыенты пасля апраменьвання пытаюцца, ці не зрабіліся яны самі «радыеактыўнымі» і ці бяспечныя для сваіх блізкіх. Спяшаюся вас запэўніць, што пацыентка, якая праходзіць курс прамянёвага лячэння, бяспечная для навакольных і не з'яўляецца крыніцай выпраменьвання.

Выключэнне складаюць толькі пацыенткі, якім прымяняюць брахітэрапію пры лячэнні раку вонкавых палавых органаў і похвы, калі крыніца выпраменьвання імплантуецца непасрэдна ў пухліну на доўгі час.

Гэтая методыка выкарыстоўваецца рэдка. Аднак і ў гэтым выпадку апраменьванне распаўсюджваецца на адлегласць не больш за 1 см.

https://bel.24health.by/zhanochy-rak-yak-narmalizavac-floru-kishechnika-paslya-apramenvannya/

 

Exit mobile version