Site icon Слушна

Правільны догляд далікатнай скуры вакол вачэй

Правільны догляд далікатнай скуры вакол вачэй

Самая пяшчотная і тонкая скура на твары – вакол вачэй. Яе таўшчыня складае прыкладна палову міліметра. У гэтай вобласці практычна няма падскурнага тлушчу, а пласт дэрмы вельмі тонкі, і любое ўздзеянне (міміка, шкодныя звычкі, няправільны догляд) прыводзіць да хуткай страты пругкасці.

Менавіта ў гэтай вобласці з'яўляюцца першыя праявы старэння скуры. Невялікія маршчынкі, мяшкі і цёмныя кругі пад вачыма могуць сапсаваць знешні выгляд жанчын ужо ў маладым узросце.

Сакрэтамі правільнага догляду далікатнай скуры вакол вачэй з журналістам Слушна падзялілася ўрач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.

Прычыны з'яўлення маршчынаў

Юлія Баранава

Акрамя ўнутраных асаблівасцяў будовы скуры вакол вачэй, на яе стан і знешні выгляд уплыў аказваюць такія знешнія фактары, як:

  • недасыпанне. Добры здаровы сон – галоўны памочнік для захавання прыгожай і маладой скуры. Прычым не толькі вакол вачэй. Спаць рэкамендуецца не менш за 8 гадзін;
  • дэфіцыт кіслароду. Нягледзячы на штодзённую загружанасць, трэба хаця б гадзіну ў дзень шпацыраваць на свежым паветры. Эфект ад такіх прагулак будзе бачны практычна адразу;
  • шкодныя звычкі. Яны самым негатыўным чынам адбіваюцца на стане скуры, а тонкая і далікатная скура вакол вачэй пакутуе ад уздзеяння тытуню і тытунёвага дыму, празмернага ўжывання алкаголю ў першую чаргу;
  • няправільны догляд. Забыліся змыць касметыку, ігнаруеце спецыяльныя доглядавыя сродкі альбо зусім не выкарыстоўваеце іх? Першыя маршчынкі не прымусяць сябе чакаць;

– Справа ў тым, што рэгенерацыя клетак скуры адбываецца ўначы. Калі не здымаць касметыку на ноч, поры скуры закаркоўваюцца і гэта самым негатыўным чынам уплывае на яе стан.

  • няправільнае харчаванне. Нашай скуры, як і ўсяму арганізму ў цэлым, неабходна правільнае, рацыянальнае харчаванне, дастатковая колькасць вітамінаў і мінералаў.

– У першую чаргу, каб пазбегнуць залішняй сухасці скуры, трэба піць дастатковую колькасць вады (у сярэднім, да 2 літраў у дзень). Карысныя таксама прадукты, што ўтрымліваюць вітамін Е, які ўвільгатняе, танізуе, падцягвае і змагаецца з узроставымі змяненнямі скуры.

Як правільна даглядаць скуру вакол вачэй

Пачынаць актыўна даглядаць скуру вакол вачэй спецыялісты рэкамендуюць з 25-гадовага ўзросту. Галоўнае правіла – рэгулярнасць. Штодзённы ранішні і вячэрні догляд уключае тры асноўныя этапы: ачышчэнне, увільгатненне і сілкаванне.

Дадаткова папесціць скуру вакол вачэй можна з дапамогай масак і патчаў, якія актыўна сілкуюць і ўвільгатняюць, здымаюць азызласць і прыбіраюць цёмныя кругі. Іх можна выкарыстоўваць да трох разоў на тыдзень. Галоўнае – не карыстацца такімі сродкамі на ноч.

  • Дэмакіяж

Нельга церці і расцягваць скуру, змываць касметыку варта далікатнымі рухамі, выбіраць спецыяльныя сродкі з пазнакай, што яны падыходзяць для вачэй.

Ватовы дыск са сродкам для дэмакіяжу варта прыкласці да заплюшчанага вока і патрымаць яго некалькі секунд. Затым лёгкімі рухамі змыць макіяж. Рухацца неабходна па так званых масажных лініях: ад цэнтра твару ўздоўж росту брыва, потым ад вонкавага кутка вока да ўнутранага. Туш змываецца ўздоўж росту павекаў – ад каранёў да кончыкаў.

  • Крэм

Крэм неабходна наносіць на далікатную скуру вакол вачэй двойчы на ​​дзень – раніцай і ўвечары. Пры выбары сродку варта звяртаць увагу не толькі на састаў (абавязковы SPF-фактар), але і ўзроставы крытэрый. У залежнасці ад узросту, скуру вакол вачэй турбуюць розныя праблемы, на рашэнне якіх і будзе накіраванае дзеянне таго ці іншага крэму.

– Існуе шэраг знешніх праяў, якія не залежаць ад узросту: цёмныя кругі, мяшкі і ацёкі. У гэтым выпадку пры выбары крэму перавагу варта аддаць сродку, які прызначаны для барацьбы менавіта з гэтымі праявамі. У цэлым, крэмы для павекаў увільгатняюць і сілкуюць далікатную скуру, ухіляюць існуючыя недасканаласці, здымаюць сляды стомленасці. Наносіць яго трэба па нерухомаму павеку па мяжы касцявога краю арбіты. Калі вы ўжо бачыце праблемы, на адзін крэм спадзявацца не варта, існуе вялікая колькасць касметалагічных працэдур. І чым раней мы пачынаем барацьбу з узроставымі зменамі ў гэтай зоне, тым лепей.

Пры выбары касметычных сродкаў для догляду скуры вакол вачэй звяртайце ўвагу, каб у іх саставе не было мінеральных алеяў, агрэсіўных аддушак, моцных кансервантаў, фарбавальнікаў і вялікай колькасці кіслаты. Пажадана, каб у крэме прысутнічалі такія інгрэдыенты, як антыаксіданты (вітаміны С і Е), гіялуронавая кіслата, вітамін В3 і пептыды.

  • Маска

Інтэнсіўна ўвільгатняе, сілкуе і аднаўляе скуру. Дарэчы, яе можна прыгатаваць і самастойна.

Добрым эфектам валодаюць маскі з яблычнага пюрэ, дробна расцёртай зеляніны пятрушкі і сырой бульбы.

  • Патчы

Адзін з самых папулярных сродкаў для догляду скуры.

Патчы адносяцца да сродкаў імгненнага дзеяння, але касметолагі не рэкамендуюць карыстацца імі пастаянна.

  • Сыроватка

Дапамагае хутка аднавіць скуру, вяртае ёй мяккасць, паляпшае колер.

У склад прадукту, як правіла, уваходзяць інгрэдыенты, якія накіраваныя на вырашэнне адной канкрэтнай праблемы – напрыклад, разгладжванне маршчынаў альбо пазбаўленне ад цёмных кругоў.

Сыроватку можна выкарыстоўваць як самастойны сродак, так і перад нанясеннем крэму. Пару кропель сыроваткі варта размеркаваць ад унутранага кутка вока да знешняга. Наносіць яе трэба далікатнымі рухамі. Для большага эфекту сыроватку варта выкарыстоўваць курсамі. Напрыклад, кожныя два месяцы на працягу двух тыдняў.

Як правільна наносіць крэм вакол вачэй

Наносіць сродкі для догляду скуры вакол вачэй варта выключна па краі арбітальнай косці: ад унутранай часткі надброўнай дугі да вонкавай, затым па ніжняй частцы арбітальнай косці да цэнтра. Рухі павінны быць лёгкімі, кропкавымі, без празмернага ціску на гэтую вобласць.

– Нельга выкарыстоўваць шмат сродкаў. Крэм можа патрапіць на слізістую вока. З-за гэтага раніцай вас «пацешаць» мяшкі пад вачыма. Досыць кроплі доглядавага сродку памерам з зярнятка рысу.

Крэм наносіцца на чыстую скуру як мінімум за 15 хвілін да сну ўвечары і за 15 хвілін перад тым, як нанесці макіяж раніцай.

– Сродак не варта наносіць на рухомае павека: пры мірганні ён самастойна размяркуецца на ўсю вобласць вакол вачэй. Да таго ж, некаторыя актыўныя інгрэдыенты крэму пры нанясенні на рухомае павека могуць патрапіць на слізістую вока і выклікаць не самыя прыемныя адчуванні (напрыклад, смыленне).

Exit mobile version