На пачатку ліпеня ў тэатры-батлейцы аграсядзібы «Стулы» ў в. Стойлы на Брэстчыне адбыўся перадпрэм’ерны паказ спектакля «Мацей» пра лёс аднарукага ганчара Мацея Пячонкі.
Вёска Стойлы на Брэстчыне вядомая тым, што жыў тут народны майстра Мікола Тарасюк, які пакінуў па сабе драўляны народ, выразаны сваімі рукамі, і музей «Успаміны Бацькаўшчыны».
У 2014 годзе у суседняй з Тарасюком хатай пасяліліся Ларыса і Аляксандр Быцко. Яны стварылі ў Стойлах культурніцкую прастору «Стулы», а ў ёй — батлейку.
Стойлы адразу пабагацелі на славутасцяў! Цяпер маленькая вёсачка на самым краёчку Белавежскай пушчы мае свой тэатр і ажно дваух заслужаных артыстаў.
– Заслужаныя артысты вёскі Стойлы Ларыса і Аляксандр Быцко! – гучыць пасля чарговага паказу спектакля, і ўдзячныя гледачы гучнымі апладысментамі штораз пацвярджаюць: званне, сапраўды, заслужанае.
Батлеечныя ж спектаклі зрабіліся найяскравейшай адметнасцю аграсядзібы «Стулы» – да нядаўняга часу іх у рэпертуары было сем.
Класічнная батлейка «Цар-Ірад», «Палеская батлейка» (спектакль на заходне-палескім дыялекце), «Прытулак памяці» (спектакль пра Міколу Тарасюка і лёс знікаючых вёсак), «Самі з вусамі» (экалагічны спектакль пра Белавежскую пушчу ), «Спрэчка звяроў» (інтэрактыўны спектакль пра жывёл Белавежжа), «Прыгоды ў абрадавым коле» (спектакль пра дванаццаць асноўных свят абрадавага кола Беларусі) і яшчэ інтэрактыўны забаўляльны спектакль «Як служыў жа я ў пана»…
І вось у ліпені адбыўся перадпрым’ерны паказ яшчэ аднаго спектакля – «Мацей» . Прысвечаны ён Мацею Пячонку (1932—1999), аднарукаму ганчару з вёскі Гарадная на Століншчыне.
Пяцьсот гадоў круціцца ў Гарадной ганчарнае кола і жывуць там патомныя ганчары. У адной з такіх сем’яў і нарадзіўся Мацей. У сем гадоў ён захварэў і пасля хваробы яго правая рука на ўсё жыццё засталася нерухомай. Аднак хлопчык меў мару – быць ганчаром, таму настойліва і ўпарта вучыўся і гліну адной рукой капаць, і з ганчарным колам упраўляцца.
– Вось пра гэты нязломны дух, пра магчымасць чалавека падняцца над абставінамі мы і хацелі расказаць, — дзеліцца аўтар ідэі спектакля Ларыса Быцко.
Спектакль атрымаўся незвычайным! Дзея ў ім адбываецца без слоў. Гучаць музыка, і на ганчарным коле з’яўляюцца гліняныя зоркі і месяц. За імі – рыбы, птушкі, жывёлы – нібы з рук Творцы нараджаецца Сусвет . Пасля з’яўляецца чалавек, а ў чалавека – дом, жонка і дзеці.
Вось іх сын – рукі даверліва раскінуты насустрач свету, дапытлівы позірк скіраваны ў неба… Раптам гліняны хопчык, у якім гледачы пазнаюць Мацея, падае – і ўстае ўжо з адной рукой.
Ганчарнае кола круціцца і круціцца. Хлопчык пачынае настойліва рабіць тое, што любіць. А любіць ён ляпіць з гліны. Спачатку ў яго атрымліваюцца крывыя гаршкі, але раз за разам расце майстэрства аднарукага ганчара. Расце і ён сам. Вось ужо яго збанкі і міскі – не горшыя чым у іншых! А вось ужо поруч з нашым героем з’яўляецца жонка і дзеці…
Так і было: Мацей Пячонка стаў ганчаром, жыў са свайго рамяства. Меў сям’ю, дзяцей. Сучаснай мовай кажучы, адбыўся як прафесіянал і чалавек.
Падчас спектакля дэманстраваліся кадры з дакументальнага фільма пра Гарадную і працу ганчароў, а таксама фрагмент прыжыццёвага фільма пра самога Мацея Пячонку – гэта надзвычай узмацняе ўспрыяцце жыццёвай гісторыі.
Заварожвае эстэтыка спектакля. Гліняныя цацкі-лялькі, традыцыйная скрыня для батлейкі – і раптам на дзвярах батлейкі бачым чорны квадрат.
– Хацелася наша, беларускае, падняць на ўзровень сусветнага. Як зрабіць гэта візуальна? Мне падалося – праз супрэматызм. У 1919 годзе Казімір Малевіч па запрашэнню Марка Шагала прыехаў у Віцебск, выкладаў у мастацкай вучэльні і разам яны заснавалі сусветна вядомую школу «УНОВІС», – расказвае мастак-пастаноўшчык спектакля, выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна кераміст Валеры Марчук. – Чорны квадрат, чырвоны круг у ролі ганчарнага кола – яскравыя адсылкі да гэтага сусветна вядомага накірунка ў мастацтве. Лічу, што гэта візуальнае рашэнне дапамагло данесці да гледача думку пра найвялікшую каштоўнасць, якую маюць нашыя людзі: цярплівасць і ўпартасць, з якімі пераадольваюцца жыццёвыя нягоды і скараюцца любыя вяршыні.
Спектакль атрымаўся сімвалічным: калі маеш мэту, сілу волі і прагу жыцця — ганчарнае кола не спыняе свой бег, пустэча чорнага квадрата запаўняецца жыццём.
– Выдатна, што ўзнавілі памяць пра Мацея Пячонку – ўнікальнага гараднянскага ганчара. Унікальнага напэўна ўвогуле ў гісторыі ганчарства. Сёння ўжо мала хто пра яго памятае. Бачыла, як ён працуе адной рукой. Гэта было на Конкурсе ганчароў πГліняны звон» ў Любані ў 1996 годзе. Тады ён атрымаў 1-е месца, – расказала доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская, якая таксама была сярод гледачоў.
Пасля спектакля Вольга Аляксандраўна даслала фотаздымкі Мацея Пячонкі за працай са згаданага конкурса – чытачы партала маюць унікальную магчымасць убачыць іх.
Застаецца дадаць, што перадпрэм’ера спектакля “Мацей” адбылася ў памяшканні старэнькай клуні – сельскагаспадарчай пабудове. Але круціцца кола жыцця, мяняюцца трэнды – і вось ужо колішні хляўчук, начынены сучаснай аудыё- і -відэатэхнікай, прымае захопленых гледачоў і ажно трасецца ад апладысментаў. Хіба не цуд?
Да названых вышэй чараўнікоў, якія яго стваралі, дадам: рэжысёр пастаноўкі – заслужаная артыстка Беларусі Тамара Тэвасян, мастачка – Марына Марчук, музычнае афармленне рабіў Ігар Паляшэнка.
У галоўных ролях, як заведзена ў «Стулах» — заслужаныя артысты вёскі Стойлы Ларыса і Аляксандар Быцко.
Бацькі і дзеці. Як новы спектакль віцебскага тэатра «Лялька» уплывае на сямейную псіхалогію