Сёння ў Falcon Club у 14.00 пачнецца канферэнцыя «Грамадства для людзей усіх узростаў». Там абмяркуюць праблемы старэння і паляпшэння якасці жыцця людзей старэйшага пакалення.
У рамках мерапрыемства арганізуюць майстар-клас «Як правільна (не) старэць па-беларуску». Асноўная задача канферэнцыі – вызначыць самыя эфектыўныя спосабы прыцягнення ў працоўнае і грамадскае жыццё сталых людзей, а таксама зразумець, як стварыць грамадства, сяброўскае для ўсіх узростаў.
Адзін з напрамкаў сацыяльнай палітыкі – падтрымка людзей старэйшага пакалення. Сярод яе мэтаў – пляпшэнне сацыяльнай абароненасці, павелічэнне працягласці і якасці жыцця, выкарыстанне ведаў і вопыту ўзроставых грамадзян.
Зараз некамерцыйныя грамадскія аб'яднанні імкнуцца актыўна ўзаемадзейнічаць са старэйшым пакаленнем.
У мерапрыемстве ўдзельнічаюць парламентарыі, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама, прадстаўнікі фонду «Узаемаразуменне», Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў «Адукацыя праз усё жыццё», грамадскай дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі Хэсэд-Рахамім, універсітэтаў трэцяга ўзросту Гродна, Віцебска, Мінска.
Запрасілі і людзей 70+, якія вядуць актыўны лад жыцця. Яны раскажуць, што рабіць, каб стаць доўгажыхарамі.
Будуць працаваць выставы «Сямейная гісторыя», «Твар вёскi», «Рука», «Творчасць сталых».
А 29 верасня пройдзе круглы стол «Рэсурсны патэнцыял старэйшага пакалення». Мерапрыемствы прымеркаваныя да Міжнароднага дня сталых людзей. Іх арганізуе Беларускае рэспубліканскае геранталагічнае таварыства пры падтрымцы НАН Беларусі, Беларускага таварыства Чырвонага крыжа.