Site icon Слушна

Прошча. Святая крыніца Полаччыны

Крыніца, пра якую пойдзе гаворка, называецца Ільінскай і знаходзіцца непадалёк ад вёсак Стайкі, Царкавішча і Звонь Ушацкага раёна. Месца, дзе бруіць цудадзейная вада не простае, яно завецца ў народзе Прошчай. Лес вакол Прошчы – хваёвы і лічыцца Святым.

Кажуць, што ў ім нават авадні, камары і мухі не вядуцца. Побач Святое возера, куды паводле легенды правалілася Ільінская царква. Калі дзяўчына хацела хутка знайсці жаніха, ёй трэба было на Купалле акунуцца ў тую крыніцу.

дарога да крыніцы Прошча непадалёк ад вёсак Стайкі, Царкавішча і Звонь Ушацкага раёна

Святыня і сапраўды знаходзіцца ў адметным месцы. Пад гарой, на якой у канцы ХІХ cтагоддзя была ўзведзена драўляная царква ў гонар Святога Іллі. У беларускай народнай традыцыі кожны ўзгорак, які вылучаўся на мясцовасці, сімвалізаваў для тутэйшага люду сакральны цэнтр. У старажытныя часы на ўзвышшы месцілася свяцілішча, а ў хрысціянскія часы – храм. Свяцілішча або храм і крыніца пад узгоркам складалі адзіны культавы комплекс. А тут яшчэ і Святое возера побач...

Раней у царкве Святога Іллі знаходзіўся аднайменны абраз. Побач – дзве маленькія каплічкі і велізарны драўляны крыж. У самым пачатку ХХ стагоддзя каплічку ўзвялі і над крыніцай. Каля крыніцы заўсёды было людна, але асабліва шмат народу збіралася 2 жніўня – у Дзень Святога Іллі.

Паводле біблейскага падання, прарок Ілля жывым узнёсся на нябёсы. А паводле старадаўніх язычніцкіх вераванняў нашых продкаў, гэты святы замяніў сабою магутнага бога Перуна. Таго самага, які распараджаўся дажджом і навальніцамі, кіраваў вайсковымі справамі, апекаваўся земляробствам, абараняў ад усялякіх няшчасцяў. Людзі верылі: калі Ілля раззлуецца, дык можа наслаць навальніцы, град і сухмень.Таму яго яшчэ называлі Ілля-Грамоўнік.

З гэтым прысвяткам звязана мноства народных звычаяў і прыкмет. Пасля Іллі забараняецца купацца, нібыта з гэтага часу чэрці хаваюцца ад стрэл прарока ў ваду і могуць зацягнуць чалавека на дно, каб забраць ягоную душу. Лічыцца, што вада пасля Іллі становіцца халоднай. Казалі: “Ілля ўкінуў у ваду алядня (лёду)”. У дзень памяці святога ладзілі хрэсны ход і прасілі ў святога дажджу або яснага надвор’я. Працаваць у гэты дзень было непажадана, паколькі верылі, што святы можа пакараць чалавека за гэта няўродам і хваробамі.

Заўсёды лічылася, што крынічная вада ў гэты дзень валодае асаблівай лекавай сілай менавіта да абеду. Яна здымае ўсе хваробы, асабліва дапамагае пры хваробах вачэй. Лекуе і хатнюю жывёлу – змывае сурокі і ўпуды. Як плату за ваду, каля крыніцы клалі палотны, грошы, прадукты… А каб добра вяліся авечкі – воўну. Многія ў гэты дзень “бралі ахвяры”, што значыць паўзлі ад царвы да крыніцы на каленях і “загадвалі на хваробу“, напрыклад, казалі: ”прашу,каб вочы добра бачылі”.

Да крыніцы прыходзіла шмат моладзі. Пасля вадасвяцця ў лесе ладзілі танцы з гармонікам. Дзяўчаты вадзілі карагоды, а хлопцы мерыліся сілай – біліся каламі. Каб забяспечыць сябе добрай доляй і здароўем на ўвесь год, купаліся ў Святым возеры або абліваліся крынічнай вадой, асвечанай прысутнасцю святога Іллі-Грамоўніка.


У канцы 1930-ых гадоў царкву разабралі і перавезлі на пабудову калгаснай стайні. Крыж знішчылі. Але людзі працягвалі хадзіць да сваёй спрадвечнай святыні. Крыніца дапамагала ім ў жыцці. У пачатку 1990-х гадоў набажэнствы аднавіліся. На месцы былога храма паставілі вялікі драўляны крыж, крыніцу ўзялі ў зруб. У наш час у святочны дзень у Стайскі бор прыязджаюць вернікі з усёй Полаччыны.

На ўзгорку каля крыжа адбываецца ўрачыстае набажэнства, падчас якога ахрышчваюць не толькі дзетак, але і сталых людзей. Тут запальваюць свечкі і на паднос ахвяруюць грошы, успамінаюць тых, каго няма ўжо на гэтым свеце. Адбываецца асвячэнне вады. Калі вада асвечаная, спецыяльна выбраны чалавек з царкоўнага атачэння чэрпае ваду вядром, прынесеным з храма. Людзі напаўняюць посуд, многія адыходзяць і цалкам абліваюцца вадой.

Да калодзежа прымацавана спецыяльная скрыначка, куды ахвяруюць грошы. Пасля сем’ямі рассцілаюць абрусы ў навакольным лесе і палуднуюць. У гэты дзень раённае кіраўніцтва арганізуе сюды падвоз людзей спецыяльнымі аўтобусамі. У лесе працуе гандлёвы пункт райспажыўтаварыства.

У вёскі Стайкі, Звонь і Царкавішча Ушацкага раёна можна патрапіць толькі па вясковых дарогах.

Вёска Стайкі нават не на ўсіх картах ёсць. Але яшчэ не было такога, каб жадаючыя патрапіць у Стайскі бор-Прошчу не знайшлі туды дарогі. Славутую Ільінскую крыніцу ведае ды ўшаноўвае ўсё наваколле, і кожнаму падкажуць шлях да яе.

Exit mobile version