Лета толькі-толькі пачалося! Цёплае і сонечнае. Мы гулялі з авечкай Адэляй па ціхіх вуліцах. Адэля-то добра напесцілася пад ласкавым сонейкам за цэлы дзень, але ж трэба было мяне “выгуляць”.
– Ах, спадарыня Наталля! – мройна ўздыхала яна. – Прыходзьце да мяне на лужок з кампутарам і пішыце пра мяне новыя захапляльныя гісторыі…
– Ага… Памятаеш, я спрабавала прыходзіць на лужок з кампутарам. І што з гэтага выйшла? – збянтэжана нагадвала я.
Адэля толькі пырскала ў капыток.
– Такое забудзешся! Вы разамлелі на сонцы і заснулі! Ды яшчэ і сонечны ўдар атрымалі.
Так і было. Пасля таго выпадку на лужок я хадзіла толькі адпачывць, бо ў той дзень напісала хіба што паўстароначкі. Затое Адэля ўзяла на сябе клопат пра маё здароўе. Таму ўвечары авечка выводзіла мяне на шпацыр. Мы весела і бесклапотна абмяркоўвалі свае справы, дзяліліся ўражаннямі мінулага дня, як раптам…
Не! Такога відовішча я раней не бачыла ніколі! Мы з Адэляй аслупянелі. Проста перад намі ў звычайным гарадскім двары стаяла МАШЫНкА! От дзіва, скажаце вы! Такога дабра ў горадзе – процьма. Не! Гэта МАШЫНкА была адзіная і непаўторная! Яна ззяла, на сонцы, нібы само сонца. Ажно вачам было балюча! Як зачараваная, раскінуўшы ножкі нібы для абдоймаў, Адэля пайшла на гэтае ззянне. Я – за ёй. Уявіце: МАШЫНкА была ўбраная бліскучымі стразамі. Праўда – ЎСЯ! Зверху да нізу. Ад крыла да крыла. Ад капота да багажніка. Ад пярэдняга бампера да задняга бампера. Ну, акрамя шкла, люстэрак і колцаў.
Я паспрабавала ачуціць Адэлю, таргануўшы за пасмачку воўны. Дзе там! Неверагодны бліскучы цуд прыцягваў авечачку да сябе нібы магніт. Адэля наблізілася да МАШЫНкІ і пацягнулася капытоком, каб дакрануцца…
– Стой! – з грозным воклічам напярэймы Адэлі кінуўся лысы вусаты дзядзька ў цёмных акулярах. Ён быў вялізны! І засланіў сабой ледзь не ўсю цуда-машынку.– Куды лезеш? Гэта мая МАШЫНА. МАЯ прыгажунька. Мая ЛЯЛЕЧКА… -- і пяшчотна пагладзіў капот машыны.
Сваім грозным выглядам ён напужаў бы каго заўгодна. Толькі не Адэлю.
– А дзядзечка! – голасам, што перарываўся ад хвалявання, запрасілася Адэля. – Дай пакратаць! Хоць адным капытком…
– Не лезь! – дзядзька павярнуўся да нас спіной, выцягнуў з кішэні мяккую анучку і ўзяўся націраць, начышчаць і паліраваць кожны стразік. Быццам магчыма было, каб яны ззялі яшчэ больш сляпуча.
– Дзя-я-я-дзечка! – умольна склала капыткі Адэлька.
Дзядзька як не чуў! Відаць, ён заняўся ўлюбёнай справай і ніхто не зможа адцягнуць яго ўвагу. Ясна! Ён нават пальчыкам не дасць дакрануцца да сваёй машынкі. Нікому і нізавошта! Ого! Такі вялізны і самавіты чалавек, а бліскучае любіць не меньш чым мая гламурная прыяцелька.
Трэ было нешта рабіць з Адэляй. Я сілком пацягнула яе ад КАЗАЧНА ПРЫГОЖАЙ Машынкі. Адэля ўпіралася, брыкалася, сварылася.
– Пусціце! Куды вы мяне цягніце? Гвалт! – галасіла яна. З вакон выторкваліся людзі і паглядалі на мяне вельмі няўхвальна. І толькі некаторыя – са спачуваннем.
А пасля пачаліся мае штодзённыя пакуты. Адэля кожны вечар рвалася ў двор да цуда-прыгажунькі. Яна спрабавала падкрасціся бліжэй, каб хаця пакратаць… Безвынікова! Гаспадар быў заўсёды на месцы: паліраваў, націраў… Канешне, не толькі Адэля прыходзіла палюбавацца на машынку, цікаўных было мноства. Але зразумеўшы, што наблізіцца да машынкі не выпадае, перасталі ёй цікавіцца. А мы з Адэляй хадзілі ў той двор, як на дзяжурства! Я не магла кінуць прыяцельку ў стане такога душэўнага ўзрушэння. Хаця, па шчырасці, спробы былі.
– Адэля, пойдзем сёння ў парк гуляць? – прапаноўвала я змяніць маршрут.
– Які парк, спадарыня Наталля! Здзекуецеся? Трэба ж на ЛЯЛЕЧКУ хоць адным вочкам зірнуць!.. – і я зноў паныла цягнулася за Адэляй глядзець на “ЛЯЛЕЧКУ”. (Адэля падхапіла гэтае слоўца ад гаспадара МАШЫНкІ, і ўжо інакш пра яе не гаварыла).
Недзе праз тыдзень Адэля ўварвалася да мяне з ваяўнічым воклічам:
– Спадарыня Наталля! Колькі ў вас там грошай на картцы?
– Каля тысячы, – скоранька адказала я, бо не чакала ад Адэлі ніякага круцельства.
*Папярэджваю вас, мае дарагія: такія звесткі вы маеце поўнае права не давяраць нікому!
– Гэта вельмі мала, спадарыня Наталля! – катэгарычна заявіла Адэля. Я толькі плечуком паціснула: маўляў, мне досыць.
Наступным разам Адэля прыцягнула з сабой прыгожую скарбонку ў выглядзе авечкі і урачыста паставіла яе на стол.
– Ну, пані Наталля, даставайце грошы, пойдзем ЛЯЛЕЧКУ купляць!
– Што ты, Адэлю! Ты ж збірала грошы на новыя бранзалеты і кліпсачкі!
– Якая розніца, на што збірала. Цяпер мне патрэбна ЛЯЛЕЧКА і нічога больш! Нясіце інструмент!
– Адэля, у цябе не хопіць грошай, каб купіць такую цудоўную машыну.
– А мы вашых грошыкаў дабавім. Праўда, і ў вас іх не вельмі многа… То прысмакі сабе купляеце, то ўборы. Хай бы лішнюю капейчыну прыбераглі.
Ого! Адэля мяне ўжо эканоміць вучыць!
Я хацела абурыцца, але прамаўчала, глянуўшы на яе змрочную міну, і пайшла за інструментам. Падобна, Адэля дайшла да адчаю. Нават разумеючы, што гаспадар нізавошта не прадасць сваю “лялечку”, яна збіралася паспрабаваць.
Варта было мне ўзняць над прынесенай скарбонкай малаток, як Адэля віхурай падскочыла і выхапіла яе з-пад маіх рук. Удар малатка ўсё ж абрынуўся. Не на скарбонку. На мой стол. Дзінь! – жаласна дзінькнула нешта ў гадзінніку, які стаяў побач.
– Што вы тут кувалдай махаеце? Я вас за чым пасылала?
– За інструментам, – пакорліва адазвалася я, скеміўшы, што скарбонку ў выглядзе авечкі Адэля разбіць не дазволіць.
– За інструментам – гэта значыць за пінцэтам! Бачыце, адтулінка якая вузкая. Грошыкі з такой адтулінкі толькі пінцэтам і выцягнеш!
Мы цягалі і цягалі пінцэтам праз вузкую шчылінку скарбонкі грошыкі. Іх было не вельмі многа. На такую шыкоўную машыну дакладна не хопіць. Ды Адэля і слухаць пра гэта не хацела. Сабраўшы ўвесь наш скарб, мы зноў накіраваліся ў запаветны двор.
Дзядзька нават не зірнуў на грошы. Каб мы з Адэляй прыцягнулі б бочачку залатых манет, ён усё адно на нас не глянуў бы.
– Хаця б пакатацца! – галасіла Адэлька, умольна працягваючы дзядзьку грошы.
– Яшчэ чаго! Я нават сабе гэта шчасце толькі па вялікіх святах дазваляю! – адрэзаў гаспадар ЛЯЛЕЧКІ.
Сітуацыя зайшла ў тупік. Асабліва для мяне. Бо Адэля, відаць, яшчэ спадзявалася на нейкі цуд.
Выратаванне ЛЯЛЕЧКІ
Вы калі-небудзь чулі пра Фартуну? У старажытным Рыме так называлі багіню ўдачы. Уяўляеце, гэта капрызлівая багіня да нас з Адэляй раптам павярнулася тварам. Ну во, хацела вам невялічкую філасофскую лекцыю падсунуць, аж зноў Адэля патрабуе, каб я ўсё кінула і ішла з ёй. Пайшлі. Вядома, зноў да ЛЯЛЕЧКІ. Скажу шчыра, мне гэта апракудзіла. Я падбірала найбольш далікатныя словы, каб растлумачыць Адэлі, што сёння мы ідзём туды апошні раз, больш я не збіраюся марнаваць сваё жыццё, штовечар назіраючы, як мая прыяцелька падрывае сваю нервовую сістэму.
– Паслухай, Адэлька, – пачала я здалёк, – табе ўжо даўно пара заказаць сабе новы партрэт, ці запісацца на якія курсы…
– Ат, спадарыня Наталля! Не тлуміце галавы! Вы ж бачыце, мне цяпер ні да чаго няма справы. Я ледзь знаходжу сілы, каб умовы кантрактаў выконваць, працаваць і на ферме, і на студыі .
– Тым больш, Адэлю! Пара нам з табой перастаць бегаць штовечар да гэтай машынкі. Усё роўна яе гаспадар…
Тут Адэля як зашыкала на мяне! Як затупала ножкамі!
– Ні слова болей, спадарыня Наталля!
Адэля пакіравалася далей ледзь не подбегам. Што было рабіць? Я – за ёй.
Машынка яшчэ здалёк асляпіла нас сваім нясцерпным ззяннем. Але нешта было не так! Гаспадар – гэты вялізны грозны дзядзька – ляжаў на капоце, абхапіўшы машынку рукамі, быццам прыціскаючы да сэрца, і галасіў так, што ажно па скуры мурашкі папаўзлі. Адэля на імгненне замёрла побач са мной, а пасля, кінуўшыся да машынкі, загаласіла яшчэ жудасней.
– А мая ты ЛЯЛЕЧКА! А мая ж ты родненькая! – выводзілі яны на два галасы. І было столькі любові і шкадобы ў іх галашэнні, што я ледзьве стрымалася, каб не падтрымаць іх.
…ЛЯЛЕЧКА была пабітая! Увесь левы бок ад пярэдняга бампера да задняга быў памяты! Напэўна, удар быў моцны, бо месцамі стразікі абсыпаліся цэлымі лапінамі. Гаспадар шчыра гараваў над пакалечанай ЛЯЛЕЧКАЙ, і нават не адганяў Адэлю, якая таксама трымала машынку ў сваіх абдоймах. Падумаць толькі: Адэля столькі дзён марыла хаця б дакрануцца да машынкі! І вось, маеш! Ніхто не ганяе, дакранайся колькі хочаш, а галосіць мая авечачка на пару з гаспадаром ад роспачы, а зусім не ад шчасця. Колькі часу прайшло, пакуль мне ўдалося ачуціць хаця б Адэлю. На дзядзьку часу пайшло разы ў два больш, але і не дзіва. Ён жа быў гаспадаром машынкі. Пасля ўсіх бясконцых абмахванняў, апрыскванняў, нашатыру пад нос і ўгавораў, з няшчаснага ўладальніка пакалечанай прыгажунькі ўрэшце ўдалося выціснуць, што за трагедыя адбылася з яго любіміцай.
Нейкі вадзіцель так спяшаўся патрапіць дамоў, што не звяртаў увагі на стому. І дарма! Ужо каля самага пад’езду, паркуючыся і засынаючы за рулём, чалавек не справіўся з кіраваннем і садануў сваёй машынай якраз у левы бок нашай красуньцы. Канешне, галасілі сігналізацыйныя сірэны. Канешне, знайшлося два-тры сведкі. Ды і сам вадзіцель не адмаўляў сваёй віны. Ён толькі збянтэжана паўтараў прадстаўнікам ДАІ, што яго моцна асляпіў бляск стразаў. А яшчэ бясконца прабачаўся перад гаспадаром пашкоджанай машыны, абяцаў усю магчымую дапамогу. Ды гаспадар быў несуцешны. Ён абзваніў усе без выключэння рамонтныя майстэрні ў горадзе. Паўсюль яго спагадліва выслухвалі, але, даведаўшыся, якой незвычайнай машыне неабходны рамонт, адказвалі: “Прабачце, мы нічым не дапаможам”.
Вось такую сумную гісторыю давялося нам з Адэляй пачуць. Дарэчы, гаспадар машынкі прызнаўся: каб набыць сваю прыгажуньку, ён патраціў усе грошы, якія пашчасціла зарабіць у вельмі складанай і працяглай камандзіроўцы. Але ні хвілінкі пра гэта не пашкадаваў. ЛЯЛЕЧКА прыносіла яму столькі радасці, была спраўджанай марай яго жыцця!
Усхліпы і галашэнні аднавіліся. Бачылі б вы Адэлю! Яна так спачувала гаспадару машыны, што села побач з ім проста на асфальт, выцягнула з маёй сумачкі маю любімую насовачку і выцірала вялізныя слёзы, што градам каціліся з яго вачэй. Авечачка і сама не забывалася шчыра аплакваць лёс ЛЯЛЕЧКІ.
– Спадарыня Наталля, нечага румзаць, – заявіла мне Адэля пасля шматгадзіннага галашэння. Хаця якраз я ні слязінкі не праліла, што, пэўна, гаворыць не на маю карысць. Затое я зноў збегала ў краму па ваду і ў аптэку за супакаяльнымі кроплямі. Мне таксама шкада было і машынку, і сплаканага дзядзьку, і няшчасную Адэльку. Але хто б іх ачуціў, каб і я далучылася да прыгалошванняў?
– Трэба нешта прыдумаць! – тузала мяне за рукаво авечачка.
– Што я магу прыдумаць, – здзівілася я. – Рамантаваць машыны не ўмею. Ды вунь нават славутыя майстэрні адмовіліся…
Адэліны вочкі, яшчэ поўныя слёз, бліснулі гнеўна і дакорліва.
– Якая вы бездапаможная! Трэба знайсці выйсце! Трэба ратаваць нашу ЛЯЛЕЧКУ!
Я ўзяла ў рукі мабільны і набрала нумар адказнай сакратаркі, з якой колісь ліставалася Адэля. Абмаляваўшы сітуацыю папрасіла, каб у Вельмі Важнай Газеце, дзе працавала гэтая дзяўчына, далі аб’яву, што патрабуюцца адмысловыя майстры, якія могуць дапамагчы. Адказная сакратарка не была б адказнай, калі не рабіла б сваю справу выдатна. Ужо ў наступным нумары патрэбная нам аб’ява выйшла. І на апублікаваныя тэлефоны пазванілі некалькі майстроў. Гаспадар машыны на кожны званок адказваў з заміраннем сэрца. Але ўсё паўтаралася. Майстры прапаноўвалі памяняць пашкоджаныя крылы, выпрастаць памятыя дэталі. І ў адзін голас падкрэслівалі, што зноў убраць машынку стразікамі не змогуць. Тады дзядзька хапаўся за сэрца, а Адэля вырывала з яго рук слухаўку і сварылася на майстроў.
– Няўмекі! Недавучкі! Халтуршчыкі! Вам такі гонар прапаноўваюць! Ды вы не здольныя нават дзіцячы ровар адрамантаваць!
Майстры гэткай нахабнасцю абураліся, на тым перамовы і заканчваліся.
Як вы ўжо заўважылі, Адэля з гаспадаром ЛЯЛЕЧКІ за гэты час паспелі стаць сябрамі. Кожны вечар яны садзіліся каля машынкі, дзядзька гартаў альбом з яе фотаздымкамі і расказваў, дзе і калі яны былі зробленыя, а Адэля толькі тужліва ўздыхала.
Прайшло некалькі дзён… Аднойчы гаспадар машынкі сустрэў нас яшчэ больш прыгнечаны. Ён урэшце атрымаў прызначэнне на пасаду, якога даўно чакаў і вымушаны ехаць працаваць за мяжу. Тут Адэля выразна ікнула. (Ад страху, патлумачыла яна мне пазней. Спужалася, што дзядзька ЛЯЛЕЧКУ забярэ, і яна ніколі больш яе не пабачыць). Для дзядзькі самая гаркота была ў тым, што ранейшы план – ехаць за мяжу на сваёй лялечцы – цяпер спраўдзіцца не мог. Даводзілася кідаць любіміцу, але на каго? Цяжка ўздыхаючы, дзядзька паведаміў, што вырашыў прадаць машынку, бо іншага выйсця няма. І нібыта ўжо пакупнік знаходзіцца.
Адэля вынесці гэтага не магла…
Але ж напачатку гэтай гісторыі я абяцала расказаць, як Фартуна павярнулася да нас тварам. Ну, і дзе той паварот Фартуны, спытаецеся вы?
– Спадарыня Наталя, – зноў і зноў тузала мяне Адэля, – Лялечка не павінна трапіць у чужыя рукі! Гэта проста немагчыма! Трэба нешта рабіць! – Адэля ўзрушана бегала па маім пакойчыку, раз-пораз заскокваючы ў кухню, каб схапіць са стала што-небудзь смачненькае.
– Так! Думайце! Каго можна далучыць да вырашэння праблемы? У вас ёсць знаёмы банкір?
Я развяла рукамі.
– Хто б сумняваўся! А сярод нафтавых магнатаў?
Я адмоўна пакруціла галавой.
– А сярод гаспадароў аўтамабільных салонаў?
– Не.
– Якая вы непрадбачлівая асоба! Не, каб займець знаёмцаў сярод паважаных і уплывовых людзей!
– Адэлю, затое мае сябры – цудоўныя і сардэчныя людзі. І паважаныя! Многія з іх маюць творчыя прафесіі.
– Так! Гэта думка! Хто ж там у вас? Мастакі? Не падыходзяць! Кнігавыдаўцы? Таксама. Паэты, пісьменнікі, настаўнікі, журналісты, рэдактары з тэлебачання… О! У вас ёсць сяброўка-рэжысёр! Званіце!
– Адэлька! – адбівалася я. – Так, сяброўка-рэжысёр ёсць, але яна займаецца толькі сацыяльна значнымі тэмамі!
– А… што гэта?
– Яна здымае дакументальныя фільмы пра выхаванне мастацтвам, пра дзяцей-сірот, пра інвалідаў, пра праблемы адукацыі. Згадзіся, што гэтыя тэмы непараўнальна важнейшыя.
– Так! Дайце мне нумар, я сама з ёй пагавару!
Адэля выхапіла мабільны з маіх рук.
Амаль паўгадзіны Адэля ўпрошвала, тлумачылы, задабрывала, падпускала лёстачкі. Але мая сяброўка-рэжысёр заставалася непадкупнай! І не думайце, што ад абыякавасці. Проста Любачка была апантаная сур’ёзнымі ідэямі і здымала толькі сапраўды важныя сюжэты. Такая праца вымагае вялікіх намаганняў. Я-то выдатна разумела, што Любачцы не да Адэліных прыгалошванняў пра абдзёртыя стразікі. Але Адэля гэтага не разумела!
– Вы чэрствая і жорсткая асоба, спадарыня Любачка! – раздражнёна заявіла яна маёй сяброўцы, калі тая наадрэз адмовілася займацца ратаваннем ЛЯЛЕЧКІ. – Дарма пані Наталля запэўнівае, што насамрэч вы чулая і працавітая! Што ж, пачакайце! Калі-небудзь захочаце зрабіць сюжэт пра мяне, славутую авечку Адэлю, а я адмоўлю вам! Вось!
Адэля вярнула мне мабільны. Яна яшчэ колькі хвілін незадаволена сапла, а пасля з жалем прамовіла:
– Эх, шкада! Пагарачылася я. Па-праўдзе, чым бы магла памагчы ваша сяброўка-рэжысёрка? Нічым. Ну вось, так неаглядна сапсавала адносіны з чалавекам, які мог бы прыдасца ў будучым. Добра, няхай здымае пра што заўгодна, але вы павінны абяцаць, што дапаможаце наладзіць з ёй нармальныя стасункі.
– І як гэта зрабіць, Адэля? Ты толькі што абвінаваціла чалавека ў тым, што ён не кінуў сваю працу дзеля тваёй прыхамаці, нагаварыла непрыемнасцяў!
– Ат, спадарыня Наталля! Што-небудзь прыдумаем! Для пачатку падарыце ёй кнігу пра мяне! Абавязкова з нашымі аўтографамі. Яна прачытае, урзіцца маёй асобай і абавязкова захоча зняць сюжэт са мной!
– Адэлю! Што ты за Любачку ўчапілся? Павінен жа нехта працаваць над сур’ёзнымі сюжэтамі. Тым больш, што ў яе гэта робіць выдатна. А ты і без Любачкіных рэпартажаў ужо зорка тэлебачання!
Адэля ажно падскочыла.
– Во! Спадарыня Наталля, нарэшце светлай думкі ад вас дачакалася! Так, дзе мой нататнік? Тэрмінова званю на сваю студыю!
Перамовы з куратарам праекта, у якім удзельнічала Адэля, доўжыліся хвілін дзесяць, не больш. Адэля запэўнівала суразмоўцу, што для тэлебачання набыццё такой прыгожай, такой казачна незвычайнай, такой брутальнай машыны – жыццёва неабходны крок. Без гэтага тэлебачанне страціць для гледачоў усялякую прыцягальнасць… Карацей, я перастала прыслухоўвацца да таго, што пляце Адэлька, бо ні на шэлег не верыла ў поспех гэтых перамоў. І дарэмна! Спадар з тэлебачання абяцаў падумаць і даць адказ раніцай. Адэля паклала трубку і з палёгкай перавяла дух.
– Ну во, спадарыняя Наталля! Сэрцам чую – будзе толк! Але ж якіх нэрваў мне гэта каштавала! Трэба падсілкавацца!
Адэля шмыгнула на кухню і вярнулася з вялізным бублікам і маленькай шакаладкай. (Большыя яна злызгала яшчэ раней).
– Усё, пані Наталля! Сёння апошні раз ем!
Я машынальна глянула на гадзіннік. Без пяці хвілін апоўначы.
– Так, Адэлька. Сёння ты і сапраўды не паспееш пад’есці яшчэ раз.
Адэля таксама зірнула на гадзіннік і згодна рассмяялася.
А вось вам і абяцаны паварот Фартуны!
Тэлебачанне выкупіла ЛЯЛЕЧКУ! Дзядзька, усцешаны тым, што яго красуню паабяцалі зняць адразу ў некалькіх модных серыялах і гламурных перадачах, з’ехаў у замежжа. Адэля ж, неверагодна задаволеная неабмежаваным доступам да машынкі, зноў і зноў нагадвала ўсім ахвотным паслухаць, што гэта яна так абачліва распарадзілася лёсам ЛЯЛЕЧКІ. І абавязкова падкрэслівала – ўжо яна-то абавязкова паўдзельнічае ў здымках разам са сваёй ЛЯЛЕЧКАЙ. Канечне, уважаючы на памяты бок машынкі, здымалі яе толькі ў пэўных ракурсах, але на гэта ніхто не наракаў.