Надышоў, урэшце, той чаканы момант, калі Адэля аджыла пасля сезоннай стрыжкі!
— Спадарыня Наталля! Годзе нюні распускаць! Кідайце ўсё, прыязджайце да нас, будзем ладзіць тэатральныя вечарыны.
І пачалося ў нас новае жыццё! Бо Адэля не з тых асоб, якія гадамі выношваюць сваю ідэю, паўжыцця яе абмяркоўваюць, сумняюцца, набіраюцца сілаў і мужнасці… У Адэлі ўсё было проста: выбар пастаноўкі, шыццё заслоны, размеркаванне роляў. Па-за ўвагай не застаўся ніхто. Адэля дасылала запрашэнні ўсім знаёмым: хлопцам, што дапамагалі некалі ратаваць авечачку ад вакцыны супраць шаленства, дзяўчаткам, якія прыходзілі да яе на лужок, мастачцы, гадаванцам з фермы, дзе працавала Даліктуся, Рахманчыку, стрыгалям. Нават хацела адшукаць пані Клеапатру з козачкай Аліскай, але гаспадар упёрся. Ён сказаў:
— НІ-ЗА-ВО-ШТА!!!
Давялося пагадзіцца.
— Ну во, — цешылася Адэля, — цяпер нам некалі сумаваць! Будзе чым заняцца да самай вясны.
Нездарма я некалі адзначыла Адэліны арганізатарскія здольнасці. Яна так удала ўсё зладзіла, што па нейкім часе нават пан Пастарнак паверыў, быццам з гэтай задумкі нешта будзе. Не дзіва, што на адкрыццё тэатральнага сезона абралі казку «Воўк і сямёра казлянят». Уявіце сабе: ролю Ваўка згадзіўся граць Баранчык! Праўда, пасля доўгіх угавораў. Ён апранаўся ў гаспадарову камізэльку і выглядаў вельмі імпазантна. Маску ваўка ўзяўся рабіць з пап’е-машэ сам гаспадар. Баранчык цэлымі днямі рэпетаваў, намагаючыся надаць свайму голасу воўчую грубасць. Урэшце ён ахрып і цяпер ужо граў сваю ролю цалкам натуральна. Адэля захапіла сабе ролю маці-казы. Колькі ёй ні тлумачылі, што Малімонка ці Даліктуся справіліся б з гэтай роляй больш удала, Адэля стаяла на сваім.
— Не смяшыце мяне! Ні Малімонка, ні Даліктуся не могуць даць рады ваўку! А я – адной левай! Будзе ведаць ненажэра, як есці нашых казлянятак! – і ваяўніча паглядала на Баранчыка. Дарэчы, казлянятак у нас было ўсяго трое (Малімонка, Даліктуся і Рахманчык, якога гаспадары пусцілі-такі пагасцяваць на ферме «Каляроўка» у звязку з адкрыццём тэатральнага сезона).
Адкрыццё новых даляглядаў
Аднойчы на ферму завітаў прадстаўнік тэлебачання, які таксама атрымаў ад Адэлі запрашэнне.
— Дарагая Адэля! Шаноўная спадарыня Гэлена, пан Пастарнак! – урачыста пачаў ён, паглядзеўшы нашу рэпетыцыю. – Я рады вам паведаміць, што на нашым тэлеканале распачынаецца новы праект. Яго тэма – пошук свайго прызначэння ў жыцці, а героі – жывёлы, якія гэтае найвышэйшае прызначэнне шукаюць. Калі паўстала пытанне, каго прапанаваць на ролю вядоўцы, я адразу падумаў пра Адэлю. Дарма што яна тытулаваная асоба – я маю на ўвазе перамогу на Міжнароднай выставе, яна ж удзельніца руху Грынпіс, а да таго ж рэжысёр такой незвычайнай акцёрскай трупы! Калі вас зацікавіла мая прапанова, я гатовы нават сёння абмеркаваць умовы кантракта, якія мы прапануем нашай будучай вядоўцы.
— Мы яшчэ ніводнай тэатральнай пастаноўкі не зрабілі, — засмуціўся Баранчык. – А так рыхтаваліся…
Але Адэля шыкнула на Баранчыка:
— Ты што, кар’еру мне паламаць хочаш? – і павай выплыла на сярэдзіну пакоя.
— Ах, я заўсёды ведала, што стану знакамітай! Вядома, мы гатовы абмеркаваць вашу прапанову. Пан Пастарнак, што ж вы маўчыце? Запрашайце дарагога госця ў канферэнц-залу (вось так імгненна гасцёўня набыла новы статус). Пані Гэлена, зрабіце нам, калі ласка, кавы і далучайцеся да абмеркавання.
Крыху разгубленыя гаспадары фермы пакіраваліся за Адэляй, якая подручкі вяла тэлевізійніка. Яны, вядома ж, не сумняваліся ў талентах сваёй авечачкі, але і падумаць не маглі, што Адэля так высока ўзляціць.
Мы яшчэ крыху пасядзелі ў нашай імправізаванай тэатральнай зале, дзелячыся ўражаннямі і здагадкамі. Але, як перамовы зацягваліся, то ўсе неўзабаве разышліся.
Адэля патэлефанавала мне позна ўвечары.
— Спадарыня Наталля! Віншуйце мяне! Я падпісала кантракт! Буду ў зімовы перыяд працаваць на тэлебачанні!
— Адэля! Няўжо ты звальняешся з «Каляроўкі»?
— Ну што вы! На ферме я мушу працаваць на палову стаўкі. Гэта значыць, я буду вельмі старанна есці сенца і гадаваць воўначку ў перапынках паміж здыманнямі аж да вясны, а тады зноў буду пасвіцца на сваім лужку, бо ўлетку большасць тэлеперадач «ідзе ў адпачынак». Ах, колькі цікавых уражанняў, сустрэч і падарожжаў у мяне наперадзе! Я забылася сказаць: некаторыя сюжэты будуць рабіць за мяжой!
— Выдатна. Я так радая за цябе, Адэльку! Ты ж так марыла знайсці справу для сваёй творчай натуры. Гэта цудоўная мажлівасць. Ведаеш, хадзем паслязаўтра ў выдавецтва. Занясем рукапіс, пакуль у цябе не пачаліся рэпетыцыі ці здыманне.
— А от і памыляецеся! Мне ўжо заўтра трэба быць на тэлебачанні. Так што ідзіце адна.
— Ну што ж, добра. Поспехаў табе, Адэльку! Да сустрэчы!
— І вам усяго найлепшага! Не забудзьцеся: у выдавецтве вы павінны бараніць мае інтарэсы! Калі спатрэбіцца – з боем!
— Я думаю, Адэлька, усё выйдзе па згодзе.
— Ну глядзіце, спадарыня Наталля! Калі што не так…
— Супакойся, Адэлю, — перапыніла я авечачку. – Усё будзе ладна. А табе нельга хвалявацца – у цябе заўтра адказны дзень.
— І праўда! Да пабачэння! – гукнула Адэля і кінула слухаўку.
Праз хвілін пяць тэлефон зазваніў зноў.
— Спадарыня Наталля! – таямніча зашаптаў амаль непазнавальны Малімончын голас. – А можна я з вамі ў выдавецтва пайду? Я абяцаю, што паводзіць сябе буду проста адмыслова ціхенька і нікому не буду замінаць.
Я таксама міжволі перайшла на шэпт:
— Добра, Малімоначка, пойдзем. А чаму ты так ціха гаворыш?
— Я баюся, што Адэля пачуе і забароніць мне ісці. Яна і так упікае, што «водблескі яе славы» на нас падаюць. Навошта мне тая слава? Я проста хацела б пабачыць месца, дзе кніжкі выдаюць!
— Дамовіліся, Малімоначка. І не турбуйся, Адэля цяпер тэлебачаннем занятая. Яна нават не заўважыць, што ты са мной пайшла.
Вось так і выйшла, што на сустрэчу з выдаўцом я пайшла не з Адэляй, галоўнай гераіняй маёй кнігі, а з Малімонкай. Яна паводзіла сябе так ціха, быццам яе там і зусім не было, ды з найвялікшай цікавасцю разглядала ўсё навокал. А калі нехта з выдавецтва звярнуўся да яе з пытаннем, ці не яна галоўная гераіня кнігі, дык Малімонка так сумелася, што аж пачырванела.
Развітанне з Адэляй
Праз тыдзень мы праводзілі Адэлю ў яе першую тэлевізійную камандзіроўку. Адэля сядзела ў машыне з надпісам «Тэлебачанне» і важна паглядала на бакі. Група здымання мусіла вось-вось ехаць. Праводзіць Адэлю пазбіраліся гаспадары і гадаванцы фермы «Каляроўка». Прыбегла і Даліктуся. Ужо ўсе самыя шчырыя пажаданні былі выказаныя, расчуленая пані Гэлена прыціскала да вачэй насовачку, пан Пастарнак прыдзірліва аглядаў машыну, якая мелася везці Адэлю ў новае жыццё, а Баранчык і абедзве козачкі безупынна махалі ёй на развітанне.
— Адэлю! А як жа нашы пастаноўкі? – хваляваўся Баранчык.
— А я цябе прызначаю намеснікам рэжысёра, гэта значыць – сваім намеснікам — заявіла Адэля. – Рыхтуй пастаноўку, праводзь рэпетыцыі. Дэкарацыі даручаю Даліктусі. Чула? – строга запыталася яна ў ашчасліўленай козачкі.
Тая ўсцешана замэкала.
— А харэаграфіяй няхай займаецца Малімонка, касцюмамі — гаспадары. У вас усё выйдзе. Толькі не забывайцеся пільнавацца маёй канцэпцыі. (Ці памятаў хто, у чым яна палягала, але ўсе згодна заківалі.) І не хвалюйцеся! Я буду прыязджаць! – супакоіла Адэля сваіх сяброў.
Я таксама ўрэшце атрымала мажлівасць перамовіцца на развітанне з авечачкай. Скажу шчыра: за той час, калі пісалася кніга, я так прызвычаілася да Адэлі, што мне было шкада развітвацца з ёй.
— Ну вось, Адэльку. Неўзабаве выйдзе пра цябе кніжка. Трэба будзе арганізаваць прэзентацыю, а ты ад’язджаеш, — казала я.
— Не перажывайце, спадарыня Наталля! Спіс запрошаных ляжыць у мяне на камодзе. І некаторыя нататкі я зрабіла. Не хвалюйцеся, на прэзентацыю я абавязкова вырвуся. Хто можа мне перашкодзіць быць на такім мерапрыемстве?!
— Вельмі спадзяюся, Адэлька.
— Дарэчы, у мяне цяпер ёсць свой электронны адрас. Я ж зорка тэлебачання! Хай яго надрукуюць у кніжцы. Тады ўсе мае фанаты змогуць пісаць да мяне лісты. Мо я нават знайду час на іх адказваць, — Адэля падала мне ружовенькую паперку. Мне дзіўнавата, што адрас гучыць як «Адэля-зорка-сабака». Куды натуральней было б напісаць «Адэля-зорка-авечка»! Але колькі я не ўпарцілася, мне не дазволілі яго змяніць.
— Абавязкова дам твой адрас! – паабяцала я. – Выдатная ідэя! — Да сустрэчы, Адэльку! – і памахала на развітанне рукой.
— Да новых сустрэч, спадарыня Наталля! – падміргнула Адэля.
І да новых сустрэч з вамі, дарагія чытачы!
Вы ж не думаеце, што гэта ўсе Адэльчыны прыгоды? Правільна!
Неўзабаве я раскажу вам яшчэ сёе-тое пра Адэлю.
Спадзяюся, што новыя сустрэчы таксама будуць незабыўнымі!