Я хачу, мае дарагія дзеткі, расказаць вам адну казачную гісторыю пра вельмі цікаўных конікаў, якія заўжды спяшаліся паперадзе ўсіх. Гэта можа і неблага, калі ёсць такое жаданне быць першым. Але той факт, што паперадзе нават сваіх гаспадароў. Бывала ў глыбокі і цёмны гаспадарскі склеп першым бяжыць. І не баіцца! Як і ў цяністым лесе. Уяўляеце?..
А ў лесе…Толькі чуеш пошум старых дрэў і тонкі піск маладых бярозак, што ціха стаіліся за камлямі высачэзных стромкіх ёлак і гонкіх соснаў. Страшнавата, а раптам хто нападзе з-за дрэва?
Тады давай разам з табою выправімся ў далёкае падарожжа, дзе толькі адзін конік па клічцы Прывід і быў. Малодшага брата свайго ён аставіў з гаспадарамі. Мала чаго можа здарыцца ў дарозе, ведаеце, малое-дурное.
І трапіў Прывід у тое далёкае падарожжа зусім неспадзявана. Усё скакаў і скакаў па хмарках. Забаўляўся то з кудзеркамі белых, то стараўся дагнаць шэрыя, а тое і на чорных хмарках танчыў. І раптам пачулася моцнае рэха раскацістага грому ўслед за страшэннымі чырвона-чорнымі злымі языкамі маланкі. І конік з неба знік. Прапаў, як і не было яго там.
У далёкі і цяністы лес Ігрунок забрыў не адзін і зусім невыпадкова. Дзядуля Рыгор і бабуля Ганна вырашылі не сядзець і сумаваць, а па дровы ў лес з’ездзіць. Зіма ідзе, а ў хаце ўсяго некалькі паленцаў засталося.
Запраглі старога Сільвера і рушылі. Ідзе сабе конь, ідзе. Дзед усё прыспешвае: «Давай шпарчэй! А тое дзень зараз як камарыны нос».
– Шкада яго брата: утрох ім так хораша было б! – І як тады мы не ўпільнавалі Прывіда? – недаўменна і спачувальна казала старая. – Гэта ты ва ўсім вінаваты!
– А табе толькі на мяне любую шкоду перанесці, – незадаволена азваўся дзед. – Ці ж ён першы раз так забаўляўся і знікаў?
– Але ж і з’яўляўся. – Прывід. Толькі Прывід! Знайшоў клічку для коніка! Не, каб назваць Баронам ці хаця б Кондарам, – не сунімалася старая Ганна.
– А можа лепш Труха?
Абое заўсміхаліся.
– Пагарцуе і вернецца. Нідзе не дзенецца, – абнадзейваў і сябе, і жонку дзед Рыгор.
– Яму зараз падтрымка сябра так патрэбна, – не сунімалася старая. –Штораніцы Ігрунок выбягае на зарадку, затым бяжыць у ражок агародчыка на росную траўку. Паскубе, паскубе і зноў скача, забаўляецца. А пасля падбяжыць і круціцца пад рукамі. Гэта каб грыўку яму чароўным грабеньчыкам расчасала. Ну, як усё роўна малое дзіця! А ты нават кавалачак цукру як не штодня насіў.
– Насіў і насіў. І што? – незадаволена агрызнуўся дзед. – Усім даваў і даваць буду! А ты глядзі лепш, каб мядзведзь з калёс не сцягнуў. А то кажуць паўсюль іх і ў нашых мясцінах развялося.
– Хутчэй кучара мяккай лапаю абдыме.
– Сачы лепш за Ігрунком, – казаў дзядуля, і сам прыўставаў, углядаючыся наўперад.
– Гэты не сыдзе! Ён так чакае, што брат яго вось-вось з'явіцца. Як не штодня пытаецца: ці хутка ўжо яны разам будуць?
– Чаму толькі ён?
– А што, можа і ты змаркоціўся па ім? Усе мы чакаем, не дачакаемся, што тое хутка адбудзецца. І ўсе гадаванцы нашы разам будуць.
– А свайму Ігрунку, – працягвала распачатую гутарку бабуля, – я рабінавыя каралі на шаўковую нітачку нанізала б і пачапіла. Каб ведалі, што ён сапраўдны жаніх.
– Не смяшы, старая! Любімчыкі зазвычай самаўпраўныя і пагардлівыя: што ўздумае, тое і вытварыць.
– А вось і не заўсёды так! Памятаеш, як яшчэ летась на луг пайшлі са сваімі конікамі пазабаўляцца. Як сярод летняй спёкі мяцеліца унялася. Разгуляўся душысты вецер і белая мяцеліца разгулялася. А нашыя конікі бегаюць па квяцістым дыване, радуюцца пушынкам, што ззяюць, ляцяць і садзяцца на кветкі, дрэвы, на траву, на людзей.
Тады Ігрунок як заспявае песеньку: «Лета, ах лета. Лета звонкае будзь са мной…»
Звонкае і рознагалосае рэха паўтарае песеньку. Тады Ігрунок спытаў у Рэха: «А ці змоўкнеш ты?» А яно не прыціхла, тут жа адказала: «Маўчыш ты!»
– Значыць, разумееш маю мову? – казаў ён і заходзіўся ад радасці раздолля.
А пасля сам сцішыўся і слухае.
Дзед з бабаю і браты Ігрунка смяюцца. І ўсё наваколле звініць ад смеху. Толькі Ігрунок маўчыць, аттапырыўшы вушы, быццам хтосьці нашэптвае які сакрэцік.
А рознакаляровая Вясёлка ўсё набірае і набірае свае фарбы. І вось ужо ўсё наваколле ахоплівае зманлівая дуга.
Ігрунок стаяў як укапаны. Быццам яго хто зачараваў. Нагледзецца не можа на чароўную прыгажосць Вясёлкі..
Але што гэта? Раптам ён зрываецца з месца і бяжыць за рэчку. Імчыцца цераз ваду, лугі і поплаў да возера. Адтуль п’е цёплую ваду Вясёлка.
– Трымайся, рознакаляровая прыгажуня! Я цябе зараз паланіць буду!
– А гэта магчыма? – крычаць дзед і баба.
– Яшчэ як магчыма! І як засвішча ў ноздры свае маладыя! Як пабяжыць-пабяжыць па вадзяной роўнадзі, быццам вымашчанай сцежцы.
І раптам – цемень паўсюль, хоць вока выкалі.
Знік і наш Ігрунок. Мажліва ў змрочнай Тартары апынуўся, дзе толькі сырасць і цемень. Хаця нічога дрэннага з ім там не павінна здарыцца. Бо і ростам ўдвая вышэй за Сільвера, старэйшага брата, і сіла яго намнога пераўзыходзіла сілу абодвух братоў і гаспадароў разам узятых. Ніхто не быў роўны з Ігрунком сваёй імклівасцю. Можа, толькі сярэдні Прывід пераўзышоў яго. Сваёй грознай зброяй – усімі чатырма капытамі валодаў так спрытна, што ніколі не прамахваўся.
Раптам зноўку закружылася белая мяцеліца. Закукавалі зязюлі, салаўі зацёхкалі – зашумеў-загаварыў лес і ўсё наваколле ажыло.
– Але што гэта?
Старыя нагрузілі поўны воз сухадрэвін, як да іх цягнецца злы Воўк. Зубамі шчоўкае, хвастом віляе, вушамі водзіць. Адным словам, страх наганяе. Але ж і старыя не спужаліся. Толькі пераміргнуліся. А дзед Рыгор толькі штосьці прашаптаў у сваё рукаво, а потым як свісне ў кулакі, ажно лісце і шылкі з усіх дрэў пасыпаліся. І закружыліся, быццам восеньскай непагаддзю.
У адно імгненне вока з’яўляюцца і Прывід, і Ігрунок.
– Хто вас крыўдзіць, дзядуля?
– Вунь, паглядзіце на тога сівога дахадзяку! – паслугач Чорнага Вока, – дзед тыцнуў пальцам у бок Воўка.
– А, гэта наш стары знаёмы! Толькі днямі ён як не паўфермы авечак выразаў. Няўжо забыўся на нашыя забавы з пацалункамі.
І як падбяжыць да шэрага, як трэсне пярэднімі капытамі па зубах. А потым імгненна раскруціцца і заднімі яшчэ дабавіць так, што той не паспявае і вякнуць. Але на гэтым забава з драпежным зверам не заканчваецца. Малодшы Ігрунок, каб таксама паказаць сваю зухаватасць, падбягае і закідвае на свае плечы нядыхаючае, здавалася б, цела Воўка і шпурляе на самае высачэзнае дрэва.
– Вось гэта і ёсць наш пацалунак! А ці будзеш шкодзіць, служка цёмных сіл і нягоднік?
У адказ ні табе слова, ні паўслова не замармытаў. Толькі зубы пасыпаліся на зямлю, што навокал ні ступіць. І тады дзед Рыгор кажа іншым ваўкам: “Каб да нашай хаты гэткімі ж камянямі, як зубы вашага сабрата, дарога была вымашчана! Бо ў наступны раз астатніх не пашкадуем!”
І работа закіпела. Адкуль столькі ваўкоў набралася! Усё затрашчэла, загуло.
Пакуль іх конікі глядзелі драпежнага звера, дарога была гатовая.
– Калі ласка! Карыстайцеся! І няхай людзі больш не хвалююцца: не сунемся больш на вашыя падворкі.
– Гэта добра! – адказаў дзед Рыгор і звярнуўся да коніка Прывіда.
– Прывід, даражэнькі, раскажы лепш дзе ты адсутнічаў? Нам з бабай вельмі цікава. Здаецца, не бачна нідзе, а з’яўляешся імгненна, га?
– Там дзе быў, нікому не раю патрапіць.
– Толькі Чорнае вока здатны на такое! – раптам прамовіў дзед, хітра прыжмурыўшысвае выцвілыя вочы.
– А ты адкуль ведаеш пра таго злыдня, дзед?
– Ат, жыццё я немалое пражыў. Многае пабачыў на свае вочы, многае пачуў. Хутка ты і сам даведаешся… А што, ён, Чорнае Вока?
– Так, – распачаў сваю споведзь конік Прывід. – Ведаеце, а тады, калі я забаўляўся на лузе, сам нават не прыкмеціў як забрыў у непралазны гушчар. Дома ж не сядзелася. Ды хто ж у маладыя гады дома сядзіць? Трэба сябе паспытаць, вырашыў я. Думаў, можа шчасце знайду.
Угаварыў сябе. Выправіўся. Толькі…
Блукаў, блукаў сярод незнаёмых дрэў і хмызнякоў. Пад вечар вельмі стаміўся. Нічога не заставаллася, як заначаваць у незнаёмым лесе.
Тым часам усё сцішылася. Кветкі галоўкі апусцілі, пялёсткі закрылі. Пчолкі не зумкаюць, птушкі спяваць перасталі. Голле над сцяжынкаю навісла, неба затуліла. Маркотна на душы стала.
Хаця выгляд у коніка быў зухаваты. Шырокагруды. Незямны выгляд ён меў не толькі ад таго, што адчуваў сваю сілу, але хутчэй горды рыцарскі і нават геркулесаўскі.
Залез на яліну, зрабіўшы з яе галінак утульнае і нават файнае сядло, прыдрамаў.
Ноччу, калі я ўжо добра прыдрамаў, чую як штосьці побач зашыпела, задыхалася. Прыадкрываю адно вока… І не веру, другое – дзве агромністыя і таўшчэзныя змяі, быццам чыгуначны састаў у сто вагонаў. Во! Толькі ад аднаго погляду на тыя пачвары прытомнасць ледзь не страціў. Пачвары набліжаліся. Як на ўздзіў, нідзе побач не чулася ніводнай жывой істоты, ніводнай жывой душы, хто мог бы прыйсці на дапамогу. Ну, хаця б які цікаўны Зайка прабег ці, нарэшце сонная Сава прашмыгнула. Усё жывое збегла ў жудасным страху ад убачанага.
– Слухаеце?
– А то як! – Давай, не цягні гуму!
– Дык гэта самае… Я прыціх, быццам нежывым прыкінуўся. Тым часам пачвары ўжо дыхалі прама ля мяне. У адзін момант, калі смялейшая альбо старэйшая з іх пачала абнюхваць мяне, злаўчыўся і што было сілы ўлупіў заднімі капытамі, якія надоечы знаёмы каваль параіў падкаваць самымі моцнымі падковамі. Улупіў так, што іскры пасыпаліся са шкуры пачвары. Потым, як пачуў невясёлае выццё яе, ураз пасмялеў і зноўку дуплетам як усмалю-усмалю па другой пачвары. Маланкаю бліснула яліна і громавым разрадам свіснула па галаве Змяі. Тая яшчэ колькі часу пазвівалася, пастагнала. Я кінуўся на яяе і абхапіў яе сваімі дужымі нагамі. І задушыў. Галавешкамі, што засталіся ад яліны, прысмаліў галовы абедзьвюх. Каторы час яны ўсё ж павыпруджваліся, і сканалі. Стлелі, і няма больш страху.
Адразу лес ажыў. Павылазіла, павылятала звяр’ё і птаства, вялікае і малое. Дзякавалі за геройства і перамогу над пачварамі.
Але ніхто не пацікавіўся, як Прывід патрапіў у іх край. І толькі адзін маленькі Зайка спытаў.
– Ды заблудзіўся я, Зай! – Забаўляўся, забаўляўся ды патрапіў у незнаёмы лес. Ішоў, ішоў, а ўрэшце тут аказаўся.
– Ты малайчына! Сапраўдны Геракл! – падбадзёрыў яго.
– Не трэба, Зай! – Пакажы лепш дарогу дадому.
– Я дапамагу табе! – Непадалёку ад гэтых мясцін ёсць палянка, так-так, самая звычайная палянка! Гэтым нікога не здзіўлю, але яна пачынаецца таксама раптоўна, як і заканчваецца. На ёй жывуць дзівосныя жывёлы, падобныя да цябе.
– Конікі? – здзіўлена спытаў Прывід.
– Так-так, маленькія конікі – пацверддзіў Зайка. – Я магу адвесьці цябе да іх.
– Але ж я жыву не на лясной палянцы, а на ўскрайку лесу, у шыкоўнай стайні. І ніяк не магу здрадзіць сваім гаспадарам – дзядулю Рыгору і бабе Ганне, - заўважыў пераможца Прывід.
– Можа быць ты захочаш, каб чароўныя конікі праводзілі цябе? – Яны вельмі прыгожыя і ласкавыя, і ведаюць усё на свеце!
– Ну, добра! – пагадзіўся. – Другога выйсця ў яго не было, і ён пакорліва пакрочыў следам за Зайкам.
Палянка тая насамрэч была падобная лапіку сярод гушчароў. Як толькі Зайка выскачыў на яе сярэдзіну, насустрач яму выбег Конь-ваяр. Увесь у залатой збруі, на ілбе яго красавалася дзіўная дыядэма з конікам пасярэдзіне. Ён строга глядзеў на падыходзячых падарожнікаў, выпускаючы з ноздраў густую пару. Грозна тупаў капытамі.
Ад страху Зайка ажно запішчаў. Нават буяны і горды Прывід спыніўся. Але штосьці яго насцярожыў выгляд ахоўніка. Няйначай дыядэма зацікавіла. “Дык я такую ж бачыў … у нашай бабулі. Адкуль …Але ўсё потым. А зараз…”
– Добры дзень, жыхары Чароўнай палянкі! Мы прыйшлі з мірам! Нам вельмі патрэбна ваша дапамога, – распачаў Прывід. Зайка стаяў воддаль і не мог супакоіцца.
Конь-ваяр прыблізіўся да іх.
– У наш край чужаземцам уваход забаронены!
– Але ж нам патрэбна ваша дапамога, – асмеліўся і нават запратэставаў Зайка. Ужо колькі часу мой сябра, – ён паказаў на Прывіда, – не можа знайсці дарогу дадому.
– І вы насамрэч не хочаце зрабіць нам штосьці кепскае? – быццам бы і грозна, але з прыязнай усмешкаю спытаў Конь-ваяр.
– Так! – Я толькі прашу вашай дапамогі вывесьці мяне з гэтай пушчы, – падцвердзіў Прывід.
І павёў іх Конь-ваяр да самага Галоўнага.
Насустрач выйшаў надта маленькі конік, што Прывід ледзь стрымаў сябе, каб не рассмяяцца на ўсе свае сорак зубоў.
На ілбе ў самага Галоўнага таксама красавалася дзіўная дыядэма з мноствам шматкаляровых камянёў, а сам увесь у залатой збруі. На шыі яго вісеў лаўровы вянок.
Самы галоўны загадаў накарміць-напаіць падарожнікаў, распытаў пра іх здарэнне. Затым паклікаў у званочак, і тут жа з’явіўся яго верны памочнік – маленькі, але рухавы конік. «Дык гэта чысты рыхтык малодшага брата Ігрунка», – падумаў Прывід.
– Гэта Зніч, - прадставіў важак. – Ён атрымаў загад праводзіць вас дадому. І не блудзіце болей.
Зніч лагодна ўсміхнуўся, як зранку ўсміхаецца маладое сонейка і прапанаваў:
– Калі ласка, след у след за мной! Тут паўсюль – служкі Чорнага Вока снуюць. Усю нашу вялікую сям’ю па свеце параскідаў…
Прывід слухаў і маўчаў.
Зніч вёў спадарожнікаў у вядомым толькі яму кірунку. Без дадатковых тлумачэнняў і перасцярог з боку госця.
Якіх-небудзь гадзіну-другую і яны былі на ўскрайку лесу, адкуль ужо бачна была хаціна гаспадароў Прывіда. Ён так узрадаваўся! Зніч правёў праз гушчар і вакол балот так хутка, быццам ведаў у ім кожнае дрэўца, кожны кусцік і травінку.
Калі Прывід ужо падышоў да Зніча, каб падзякаваць, той першым зрабіў крок наперад і ўручыў нечаканаму госцю сваю налобную дыядэму.
– Гэта перадай гаспадарам сваім, - сказаў Зніч. Акурат да рабінавых караляў… – Яны ўсё зразумеюць.
– Дзякуй. Абавязкова перадам.
https://bel.24health.by/lyasnoe-syabroustva-kazka/