Лісачка нямодная
Навасёлка ішла па лесе, прыглядалася, прыслухоўвалася. Усё тут было для яе незнаёмым, новым, незвычайным. Яна ведала, што нарадзілася ў лесе, жыла ў сям’і, нават цьмяна памятала нешта ярка-рудое, цёплае, ласкавае. Пэўна, гэта была мама... Што адбылося потым і як яна трапіла да людзей, для яе самой было загадкай.
Красуня знаёмілася з лесам. Шыльнік быў калючым для яе лапак, крапіва апякла нос, кусты малін падрапалі цікаўную мысачку, камары дакучалі. Малая зусім засумавала б, але раптам аднекуль зверху пачуўся гучны строкат. Лісачка хуценька схавалася за бліжэйшы куст і ўжо адтуль разглядала, хто ўчыніў нечаканую гукавую атаку. З вершаліны дрэва на ніжнюю галіну зляцела чорна-белая птушка.
Страшна? — засмяялася яна.
Проста знянацку! — адказала лісачка, але са свайго сховішча не выйшла.
Я сарока Ксюпа, ліс не ем! Вылазь, не пакрыўджу!
Красуня асцярожна выбралася з-за куста, але засталася блізенька каля яго.
— Дык ты, кажуць, гарадская? — птушка ўважліва разглядала аранжавую пухнатку.
Гарадская! — лісачка важна задрала нос. — У мегаполісе жыла, людзей ведала.
Сарока прыжмурылася:
Па табе зусім не бачна, што ты з цывілізацыі прыехала!
Чаму гэта не бачна? — абурылася Лісачка.
Ну… ты… ты нямодная! — нарэшце знайшлася з адказам Ксюпа.
— А ты, пэўна, першая модніца ў лесе! — Красуня дзелавіта склала лапкі. — Чорна-белая, быццам цябе расфарбаваць забыліся. А я вось яркая, аранжавая, як сонейка. Так што з нас дваіх дакладна я модніца!
— Знайшла чым хваліцца! Вавёркі таксама рудыя! — махнула крылом сарока. — А сапраўдныя модніцы розныя аксесуары носяць. Але ты пра гэта, пэўна, і не ведаеш!
Лісачка адышла ад куста.
Ведаю я ўсё! І аксесуары насіла! Ты такіх і не бачыла! Але мне гэтыя цацкі надакучылі проста. Я іх нават не забрала, сяброўкам гарадскім пакінула!
Красуня напышліва акінула позіркам суразмоўцу і дадала:
Ну і на табе, Ксюпа, я аксесуараў не бачу, так што ў самой няма нічога, а выхваляешся!
Як гэта няма?! — сарока абурана застракатала. — Пайшлі да мяне, пакажу!
І Ксюпа, саскочыўшы з галіны, паляцела. Лісачка, ледзь паспяваючы, пабегла следам. Яна ўжо не зважала на калючы шыльнік пад лапкамі, толькі час ад часу войкала, калі наступала на шышкі. Сарока нарэшце даляцела да разгалістай бярозы і села на край вялікага гнязда.
Гасцінна запрашаю! — сказала яна Красуні, якая, зморана высунуўшы язык, павалілася на траву.
Мы дабраліся? — хутка дыхаючы, запыталася лісачка.
Я на месцы, лезь сюды! — махнула крылом Ксюпа.
Куды? — госця пазірала на гаспадыню.
Наверх, у маё гняздо! — патлумачыла сарока.
А як жа я туды ўзлезу?
— Лісы ж добра ўмеюць лазіць па дрэвах! Ты не ведала? — запыталася Ксюпа.
Ну, гэта лясныя, дзікія лісы, можа, і ўмеюць, а я хатняя, на такое не здольная!
— Лезь! У мяне тут столькі цікавага! Сарока схавалася ў гняздзе, і з-за яго краю паказалася нешта бліскучае, потым рознакаляровае, за ім — іскрыстае. І так захацелася Красуні паглядзець на багацці сарокі, што яна, забыўшыся на стому, пачала караскацца на бярозу. Атрымлівалася дрэнна, дакладней, зусім не атрымлівалася.
Ну што ты там, маруда? Давай хутчэй! — сакатала Ксюпа.
Ніяк! — гаротна ўздыхнула лісачка, паціраючы падрапаныя аб кару лапкі.
Мо падсадзіць? — запыталася гаспадыня гнязда і зляцела долу.
Красуня хапалася лапамі за кару, а сарока спрабавала падпіхнуць яе. Але такі спосаб не падыходзіў. Тады Ксюпа гучна-гучна застракатала, і з розных куткоў зляцеліся іншыя сарокі. Яны і дапамаглі Красуні трапіць у гняздо — схапіўшы яе за хвост, усцягнулі на бярозу. Дабірацца такім чынам лісачцы было балюча і вельмі страшна. Добра, што сам шлях не быў доўгім.
Вітаю ў маім доме! — сказала Ксюпа.
Красуня пацерла хвост, які балеў ад цвёрдых сарочых дзюбаў, і агледзелася. Вялікае гняздо, сплеценае з мноства галінак-пруткоў, было калючым і жорсткім. Ні ў якое параўнанне не ішло з мяккім ложкам, на якім спала лісачка. Жыла сарока пад адкрытым небам, ад дажджу і ветру не схавацца. А ў самім гняздзе было столькі ўсяго!
Вось якія модныя каралі ў мяне! — сказала Ксюпа і выцягнула з кучы парваную нітку з буйнымі белымі пацеркамі. — Надзень!
Лісачка прыклала да сябе ўпрыгажэнне.
— Толькі паглядзі, які ў мяне модны ружовы плашч! Сарока выцягнула цэлафанавы пакет і накінула на сябе.
І капялюшык!
Аднекуль з нетраў наваленай кучы з’явіўся жоўты пластмасавы рондаль з набору дзіцячага посуду і апынуўся на чорнай галаве модніцы.
Бранзалеты! — сарока выхапіла некалькі рознакаляровых колцаў ад пластыкавых бутэлек.
Лісачка, акругліўшы ад здзіўлення вочы, глядзела на гэтыя «скарбы». А сарока так апантана дэманстравала свае модныя аксесуары, што Красуні было няёмка назваць усё гэта звычайным смеццем. Не магла яна так засмуціць новую прыяцельку.
Ну? Бачыш, якая я модніца! — лыпала чорнымі вачамі-гузікамі Ксюпа.
Ага, тая яшчэ… — усміхнулася лісачка.
У цябе былі калі-небудзь такія аксесуары? — запыталася сарока.
Такіх — ніколі! — шчыра прызналася Красуня.
Ну, раз мы цяпер сяброўкі і з нас дваіх я маднейшая, то дазваляю табе ўзяць пафарсіць, напрыклад, мой плашчык, — расшчодрылася Ксюпа.
Дзякую, але памер не мой. Сама фарсі! — адказала лісачка.
Бранзалет хочаш? — прапанавала гаспадыня.
— Не, табе больш пасуе! — хітра прыжмурылася госця.
Капялюшык? — не супакойвалася сарока.
На вушы не апранецца! — знайшла прычыну Красуня.
Пацеркі не дам! Гэта толькі для мяне! — адрэзала Ксюпа.
— Нічога, я ж казала, што хачу адпачыць ад аксесуараў. Нанасілася я іх! — у голасе лісачкі чуўся сум.
Ну, багацці мае ты пабачыла. Цяпер давай пачастуемся! Прашу да стала!
Сарока выцягнула з кучы кавалкі падзёўбанага сушанага яблыка, скарынку хлеба, скурку ад каўбасы.
Што табе прапанаваць? — пацікавілася гаспадыня.
Я б марожанца з’ела! — адказала лісачка. — А больш нічога і не хочацца. Ёсць у цябе?
А што гэта? — запыталася Ксюпа.
Смаката! Пакуль я ў горадзе жыла, то вельмі любіла марожанца і шакалады розныя.
Я таксама ў горадзе бывала і якімі толькі ласункамі ні частавалася, але такіх прысмакаў не запомніла, значыць, яны мне не спадабаліся! — абыякава махнула крылом сарока.
Ты іх проста не каштавала! — уздыхнула Красуня.
Не можа быць! — засакатала Ксюпа.
Птушка дзяўбла ўсё пакрыху, госця моўчкі назірала. Калі абед быў скончаны, дакладней, гаспадыня падсілкавалася, лісачка падзякавала за цёплы прыём і выказала намер пакінуць гасціннае жытло. Пухнатка высунулася з гнязда, і ў яе дыханне перахапіла.
Аёечкі! Як высока я сяджу! А як жа мне цяпер злезці?! — залямантавала яна. — Я вышыні баюся! Жах які!
Хто там крык усчыніў? — пачулася знізу. — На ўвесь лес галосяць! А я адпачыць прылёг! Цішэй там, калі ласка!
Сарока скочыла на край гнязда, лісачка не змагла перамагчы цікаўнасць і асцярожна зірнула ўніз. Пад бярозай прылёг вожык.
Што ты, стары калючань, раскамандаваўся? Белы дзень! Шумець дазваляецца! — сказала Ксюпа і вярнулася назад.
Красуня трымалася лапкамі за край і назірала за вожыкам. Ён паглядзеў угору і ўбачыў яе.
Не веру сваім вачам! Ліса на дрэве! Ну, я ведаю, што бываюць лятучыя лісы, але на свае вочы першы раз бачу!.. Цішэй там, калі ласка, я адпачыць хачу!
Ксюпа вырашыла прагнаць вожыка і не прыдумала нічога лепшага, як шпурляць са сваёй кучы ў яго тым, што патрапіцца пад лапу.
Што за справы? Якая нявыхаванасць! — вожык пакруціў галавой.
А ты, калючань, сюды ўзлезь і навучы, як трэба сябе паводзіць! — рагатнула сарока.
Навошта ты так? — абурылася Красуня.
А чаго ён раскамандаваўся?
Лісачка зноў зірнула ўніз. Вожык ішоў прэч ад бярозы, несучы на сваіх калючках тое, што паскідала сарока.
Нельга так! — ушчувала Красуня. — Дрэнна ты зрабіла!
І ты камандаваць надумала? — Ксюпа прыжмурылася, свідруючы госцю позіркам.
Мне дадому пара! — сказала лісачка.
Ідзі, я цябе не трымаю! — задрала дзюбу сарока.
А як жа мне спусціцца?
Ты ж чула, лісы лятучыя бываюць. Ляці!
Красуня была гатова зарумзаць, але вырашыла не паддавацца і не паказваць Ксюпе сваю разгубленасць. Прасіць птушку аб дапамозе не хацелася. Каб ізноў за хвост валаклі сарокі, пухнатка пагадзіцца не магла. Таму лісачка сабрала ўсю сваю смеласць і падабралася да таго краю гнязда, які быў бліжэй да ствала дрэва. Сарока ўтульна ўладкавалася, каб назіраць за ёй. Ствол быў побач, да яго, пэўна, можна было дацягнуцца. Галоўнае — не глядзець уніз. Лісачка сканцэнтравалася на ствале, стала на край гнязда, трымаючы раўнавагу, працягнула лапы… Яна амаль дакранулася да дрэва, але тут… Гняздо не вытрымала яе вагі і кульнулася. Красуня, ускрыкнуўшы, паспела скокнуць на кучу скарбаў. Перапалоханая Ксюпа лопнула крыламі і ўзляцела. А сарочае жытло захісталася і… звалілася з галіны. Лісачка ўчапілася лапамі ў сплеценыя пруткі. Бах! Прызямлілася яна разам з гняздом на галіну, якая была крыху ніжэй. Але не затрымалася на ёй і зляцела на наступны «паверх». Бах! Потым было яшчэ некалькі спускаў з характэрным «бахам». Праляцеўшы палову шляху, лісачка трапіла на галіну, нахіленую ўніз.
На гэтым «паверсе» дно часткова адвалілася, і стала відаць яшчэ далёкую зямлю. Са страху пухнатка што было моцы ўчапілася ў бакі гнязда пярэднімі лапамі, а заднімі пасунула ў прабоіну кучу скарбаў. Модныя аксесуары праваліліся і заскакалі па галінках, а вось ружовы плашч здолеў збольшага закрыць дно. Але цэлафан добра слізгаў па гладкай бярозавай кары! І гняздо, падобнае цяпер да цюбінга, на якім дзятва зімой з гары катаецца, таксама цудоўна ляцела па нахіленай галіне.
А-а-а-а-а-а-а-а-а-а!!! — віскатала лісачка.
Бярозавыя лісты на тонкіх пруціках звонка хвасталі яе, гняздо падскоквала на няроўнасцях, пяткі Красуні пякло ад трэння праз цэлафанавы модны плашч.
Галіна скончылася трамплінам, і звычайная лісачка стала… лісой лятучай!
Ды не проста лісой, якая мае крылы і ўмее лятаць. Наша лісачка ляцела разам з гняздом! Праўда, недалёка. Да бліжэйшага куста.
Шмяк! Прызямленне адбылося. Небарака баялася расплюшчыць вочы. Спачатку прыслухалася да сябе. Жывая. Рэзкага болю няма, толькі пяты пячэ. Нешта сціскае лапу. Красуня крыху расплюшчыла вочы і праз маленькую шчылінку паглядзела. Гэта кавалак парванага ружовага плашча накруціўся на лапу. Зняла. На другой лапе быў пластмасавы рондаль-капялюшык. Скінула. Вуха заткнуў недаедзены кавалак сушанага яблыка. Дастала. Бранзалет быў насунуты на нос. Чхнула — зваліўся. Лісачка выбралася з кучы пруткоў, якія зусім нядаўна былі гняздом, вылезла з куста.
Што ты нарабіла?! — стракатала на ўвесь лес сарока, якая ачомалася ад шоку.
Птушка падляцела да лісы і сарвала з яе шыі белыя каралі, якія самі сабой завязаліся падчас экстрэмальнага спуску.
Ты разбурыла мой дом! Ты знішчыла мае скарбы!
Я не хацела, — буркнула лісачка. — Ты сама адмовілася дапамагчы мне спусціцца!
Як мне жыць без дома? — лямантавала Ксюпа.
Новы пабудуецца! — уздыхнула Красуня.
Маіх скарбаў больш няма! — галасіла птушка.
Тое-сёе пад дрэвам валяецца. А твой модны ружовы плашч мне жыццё ўратаваў! Сапраўды, каштоўная рэч была, — паспрабавала лісачка супакоіць няшчасную.
Мой любімы плашч! Ты ж казала, ён не твайго памеру! — у роспачы ўскідвала крылы Ксюпа.
Але ён быў як раз памерам з прабоіну ў гняздзе! — адказала Красуня. — А цяпер я дадому пайду. Пакуль, сяброўка!
Лісачка крочыла кульгаючы, бо наступаць на сцёртыя пяткі было балюча, адчувалася калючая ігліца.
Сарока проста так не адпускала. Яна ляцела следам і на ўвесь лес сакатала пра тое, што ліса разбурыла яе гняздо, знішчыла скарбы, саму яе ледзь са свету не зжыла. Калі яны ўжо дабраліся да леснічоўкі, Ксюпа раптам хуценька развярнулася і паляцела ў лес. Красуня спачатку не зразумела, чаму так адбылося, а потым заўважыла вожыка, які скардзіўся мядзведзю. Буры ўздыхаў, прасіў прабачэння, ківаў галавой. І тут яны ўбачылі лісачку. Яе поўсць пакрывалі плямы бруду і зялёныя сляды ад бярозавага лісця. Малеча кульгала, ішла насупіўшыся і нешта незадаволена мармытала сабе пад нос.
Яшчэ раз прабач, дзядзька вожык! Разбяруся, пагавару, займуся выхаваннем! — абяцаў Буры, праводзячы калючага візіцёра.
Калі мядзведзь увайшоў у леснічоўку, лісачка сядзела на зэдліку і беспаспяхова старалася адцерці мокрай анучкай плямы з поўсці.
Колькі ж сораму я нацярпеўся! — пакруціў ён галавой. — Ты што нарабіла? Як ты магла так паступіць? Пакрыўдзіла старога паважанага вожыка! Ён сказаў, ты кідала яму прама на галаву арэхі і семкі! Які жах!
Усё гэта няпраўда! Па-першае, не арэхі і не семкі, а толькі шалупінне ад іх. Па-другое, не на галаву, а на іголкі, ну, і па-трэцяе — не я, а сарока. А я проста ў яе гняздзе гасцявала і бачыла, як яна кідала. Дарэчы, я сказала ёй, што так нельга рабіць.
Дзе ты гасцявала? — мядзведзь аж прысеў.
Я ж сказала — у гняздзе!
Дзядзька вожык пра гняздо не згадваў, проста скардзіўся, што ляцелі ў яго семкі ды арэхі і што ты кідала.
Ён знізу не бачыў Ксюпу, толькі мяне. Вось і падумаў, што гэта я.
А гняздо сарокі на дрэве? — удакладніў мядзведзь.
Вядома! Высока-высока!
І як ты туды трапіла?
І лісачка расказала, як апынулася ў гняздзе і як потым скакала ў ім па галінах, ехала, бы на цюбінгу, як ратавалася модным цэлафанавым плашчом і як ушчэнт разбурыла жытло сарокі.
Буры і перажываў, і войкаў, і смяяўся.
Знайшла прыгоды! Добра, што жывая і здаровая засталася! — падсумаваў ён і дадаў: — Дзядзьку вожыку разам усё патлумачым, для Ксюпы я гняздо звіць не магу, але нешта кшталту шпакоўні зладзім, а цэлафанавы плашч здабудзем — папросім, каб лесавік прынёс. Мо і ружовага колеру пакет знойдзецца.
Тым жа вечарам мядзведзь пачаў майстраваць жытло для Ксюпы, а лісачка прымала ванну. Буры паклапаціўся! Усталяваў вялікую мядніцу, нагрэў вады і нават знайшоў кавалачак духмянага мыла і пухнаты ручнічок.
А ўначы снілася Красуні, што яна лятаць навучылася.
Трэцюю частку прыгод Лісачкі-красуні чытайце на нашым сайце ў хуткім часе.