Лісачка — прынцэса фон баранеса і вядзьмак
Лісачка абжывалася ў Дзівосным лесе, знаёмілася з яго насельнікамі, гуляла з лясной дзятвой. Раніцай яна любіла заходзіць да цётухны зайчыхі, бо, як толькі Красуня з’яўлялася на парозе, чым бы ні займалася гаспадыня, яна ўсё адкладала і частавала госцю рознымі прысмакамі, абы яна не была галодная. А падсілкаваўшыся, можна было і гуляць ісці. Пухнатка пазнаёмілася з іншымі зверанятамі, далучылася да іх вясёлага хаўрусу і спрабавала ўзначаліць яго. Але звяркі не вельмі хацелі падпарадкоўвацца нядаўняй гарадской жыхарцы.
— Гуляем у хованкі! — не прапанавала, а загадала Красуня.
— А чаму не ў даганялкі? — здзівіўся заяц Шэрык.
— Таму што ў хованкі цікавей! — настойвала лісачка.
— Не, проста ты бегаць не любіш, ад усіх адстаеш, вось і не цікава табе! — хмыкнуў Шэрык.
— Лухта! — задрала нос Красуня. — Бяжы сабе куды вочы глядзяць, і ўсё! Што ў гэтым цікавага? А ў хованкі каб гуляць, трэба ўмець схавацца, затаіцца. Тут кемлівасць павінна быць, а ў цябе яе проста няма! Абы лётаць па лесе!
— Ну, табе, аматарцы піражкоў ды блінцоў, бегаць цяжкавата! — пасміхнуўся заяц.
Лісачка надзьмула шчокі, пакрыўдзілася, але не саступала:
— Не хочаце ў хованкі, тады будзем расказваць жахлівікі!
— А чаму мы павінны цябе слухацца? Чаму гэта ты вырашаеш, у што мы гуляць будзем, і загады раздаеш? — насупіўся барсук Бруня.
Вочы дзятвы запытальна глядзелі на Красуню. Яна на імгненне разгубілася, а потым важна ўзлезла на высокі пень, абвяла прысутных паблажлівым поглядам і напышліва сказала:
— А чаму ж мне не раздаваць загады? Маю права! Бо я — прынцэса!
— Хто? — усміхнуўся янот Ярсік.
— Прын-цэ-са! — паўтарыла лісачка.
— Ну дык і я прынцэса! — сказала вавёрка Ліма і ўскочыла на пень побач з Красуняй. — Мяне так бацькі заўсёды называлі!
Лісачка, так і трымаючы каралеўскую выправу, заплюшчыла вочы. У яе галаве хутка круціліся думкі, пухнатка шукала выйсце, бо хацела быць самай важнай асобай!
— Ты проста прынцэса? Усё? — запыталася яна, зірнуўшы зверху ўніз на вавёрку.
— Так, я проста прынцэса! — адказала Ліма.
— А я — прынцэса фон баранеса! — урачыста аб’явіла лісачка.
І, быццам незнарок махнуўшы хвастом, скінула вавёрку з пня і села на яго, як на трон.
— Фон баранеса! — смяяліся звяркі.
Але Красуня не зважала на іх кпіны, яна сапраўды адчувала сябе каралеўскай асобай, самай значнай персонай ва ўсім Дзівосным лесе.
— Дык ты, прынцэса фон баранеса, жахлівікі прапанавала расказваць? — хітравата прыжмурыўся янот Ярсік.
— Так, гэта цікава! — адказала лісачка.
— А давай мы самі ў жахлівіку паўдзельнічаем! — працягваў янот.
— Гэта як? — у вачах Красуні заблішчала цікаўнасць.
— Наведаемся на злавесны хутар! Усе хорам завойкалі, зашапталіся.
— Што за хутар? — запыталася лісачка. — Да людзей пойдзем?
— Ну, не зусім да людзей! — загадкава прашаптаў янот. — На ўскрайку лесу ў старой хаціне жыве вядзьмак. Людзей цураецца, з драпежнікамі сяброўства водзіць, травы-зёлкі збірае, сочыва з паганак гатуе, а яшчэ ў ягоным кветніку растуць самыя рэдкія ў свеце званочкі. Кажуць, яны чароўныя! Калі такі званочак сарваць і жаданне загадаць, яно абавязкова здзейсніцца! Любое!
— А вы тыя званочкі бачылі? — задумліва запыталася лісачка.
— Не, яшчэ не бачылі! — адказаў Ярсік. — Гэта ж трэба прама да ведзьмака ісці! Ніхто з нас пакуль не наважыўся. І ты, баязліўка, вядома, не пойдзеш па званочкі?
— Пайду! — выгукнула Красуня хутчэй, чым паспела падумаць.
Яна сама спалохалася свайго голасу, спахапілася, што слова выскачыла паперадзе думкі, і паспрабавала выкруціцца:
— Разам з усімі вамі!
— Чакай, прынцэса фон баранеса, толькі ты адна пры ўсіх нас заявіла, што пойдзеш, астатнія прамаўчалі! — прамовіла вавёрка Ліма. — Сапраўдныя каралеўскія асобы сваё слова трымаюць, а самазванкі — парушаюць!
— Паказвайце, дзе хутар! — рашуча сказала лісачка.
Звераняты пашапталіся і рушылі дружнай кампаніяй у той бок, дзе жыў вядзьмак. Красуня ўздыхнула, саскочыла з ляснога трона і мусіла іх даганяць.
Лес стаў радзець, хутка паказаўся плецены тын, над якім узвышаліся перакуленыя чыгункі і збаны. Ста- рая хаціна ледзь не па вокны ўрасла ў зямлю, страха́ пакрылася зялёным мохам. А вакол будынка буялі кветкі, бачыўся дагледжаны гародчык, паводдаль раскінуўся сад.
— Вось тут і жыве вядзьмак! — прашаптаў янот Ярсік. — Ля хацінкі растуць званочкі. Табе трэба проста пайсці і сарваць!
— Гэта неяк няправільна, — засумнявалася Красуня. — Браць чужое без дазволу нельга!
— Чаму — чужое? Гэта лясныя званочкі, а вядзьмак іх за сваім плотам схаваў, не хоча, каб хтосьці, акрамя яго, жаданні загадваў! — растлумачыў Ярсік.
— Ну, калі яны лясныя і іх можна без дазволу сарваць, то я б хацела ўзяць некалькі кветачак у той час, калі ведзьмака дома не будзе, — удакладніла лісачка.
— А яго, пэўна, і няма! — зашапталі звераняты.
— Дакладна нам невядома. Прыйдзем іншым разам! — запярэчыла пухнатка і зрабіла некалькі крокаў з намерам вярнуцца дадому.
— Самазванка! — махнула лапкай Ліма. — Я так і ведала!
Лясная дзятва загаманіла, яны ківалі галовамі і насміхаліся з лісачкі.
— Годзе ўжо кпіць! — сказаў янот Ярсік. — Зусім няпроста пайсці ў логава ведзьмака! Каб падтрымаць нашу фон баранесу, я гатовы адкрыць сакрэтны спосаб, пры дапамозе якога можна дабрацца да званочкаў і застацца незаўважаным.
— Які яшчэ спосаб? — зацікавілася Красуня.
— Табе дапаможа… — Ярсік задумаўся, быццам згадваючы нешта, потым дадаў: — Расліна, якая ахоўвае ад ведзьмака! Трэба нацерціся сокам падтынніку, намазацца палыном і трымаць над сабой дамочкам два лісты лопуху. Гэта зробіць цябе нябачнай для ведзьмаковых вачэй. І нават калі ён нечакана вернецца, а ты будзеш у яго двары, ён цябе проста не заўважыць.
— Ну, гэта ўжо занадта лёгка! — хмыкнула Ліма. — Навошта ты расказаў ёй гэты сакрэт?
— Чаму ж не дапамагчы прынцэсе? — Ярсік злёгку пакланіўся лісачцы.
— Ды не пойдзе яна! — запэўнівала вавёрка. — Бо самазванка, а не сапраўдная каралеўская асоба!
— Пайду! — гучна сказала Красуня і аддала загад: — Нясіце мне супрацьведзьмаковыя травы!
Звераняты кінуліся збіраць неабходнае, а потым дружна намазвалі пухнатую аранжавую поўстку лісачкі жоўтым сокам падтынніку і шчодра націралі горкім палыном.
— Прыгажуня! — ледзь стрымлівала смех Ліма.
— Цяпер вочы ведзьмака дакладна няздольныя цябе разгледзець! — зрабіў выснову Ярсік, аглядаючы выпацканую ў жоўта-зялёны колер лісачку.
Заяц Шэрык сунуў ёй у лапы два вялікія лісты лопуху, барсук Бруня прыпадняў знізу плецены тын, і агульнымі намаганнямі яны хуценька падапхнулі пад яго лісачку-невідзімку. Мяжа была пераадолена. Дзіўна, але тут, у царстве ведзьмака, таксама свяціла сонца, спявалі птушкі, цвыркалі конікі. Красуня пастаяла крыху, агледзелася.
— Ідзі! — шапталі ёй звяркі.
Пухнатка зрабіла крок, потым яшчэ адзін і яшчэ. Цішыня, спакой… Нічога страшнага не адбывалася. Яна асцярожна пайшла па сцяжынцы ўбок хаціны. Шлях пралягаў праз грады, над якімі тугімі шарамі ўзвышалася капуста, з-пад пышных зялёных хвастоў бачыліся аранжавыя верхавінкі морквы, крыху далей з зямлі пазіралі цёмныя буракі, шапацеў сухаваты бульбоўнік. А ля хацінкі буялі кветкі. Лісачка апынулася ў нябачных аблоках іх салодкіх водараў. Рознакаляровыя бутоны злёгку калыхаліся ад ветрыку, і Красуні падавалася, што яны вітаюць яе. Пухнатка таксама ківала ім у адказ. Яна разглядала стракатую прыгажосць і ўслухоўвалася, ці не бомкаюць тыя самыя чароўныя званочкі, па якія яна прыйшла. Лісачка так залюбавалася, што забылася на асцярожнасць і нават не пачула, як рыпнулі дзверы хаціны і на ганак выйшаў гаспадар. Затое лясная дзятва за тынам знерухомела і ў здранцвенні назірала за тым, як вядзьмак спускаецца па прыступках ганка.
— Кхе-кхе! — закашляўся стары.
Лісачка азірнулася на гук і застыла, ад страху акругліўшы вочы. Дрыжачымі лапкамі яна падняла ўверх два лісты лопуху, утвараючы абараняльны дамок.
Вядзьмак прайшоў зусім побач з пухнаткай, сеў на лаву непадалёк ад яе, паставіў сваю кульбу і, нешта нягучна насвістваючы, пачаў павольна абводзіць позіркам двор.
— Ён яе сапраўды не бачыць! — дзівіўся янот Ярсік.
Вядзьмак некаторы час пасядзеў, потым зняў са спінкі лавы палатняны ручнік і пачаў разбіраць зблытаныя ветрам махры, што ўпрыгожвалі аблямоўку.
Лісачка спачатку моцна пералякалася, убачыўшы на ганку гаспадара. Але за той час, што ён сядзеў на лаве, супакоілася, бо яна, шчодра і старанна нацёртая сокам падтынніка і палыном, ды яшчэ з лапуховым дамочкам над галавой, сапраўды была для ведзьмака невідзімкай. Пухнатка наважылася нават падысці да яго, каб лепш разгледзець. Сівыя валасы, вусы і барада, сінія вочы са зморшчынкамі ў кутках, апрануты ў светлую даматканую кашулю і шэрыя льняныя нагавіцы. Нешта ціхенька насвіствае сабе пад нос, абапіраецца на кульбу. Стары яшчэ пасядзеў крыху, а потым падняўся і зноў прайшоў зусім блізенька ад Красуні, яна нават пакрочыла следам за ім, праводзіла да ганка.
Перад прыступкамі гаспадар павярнуўся, зноў агледзеў двор, а потым прысеў і сказаў, звяртаючыся да пухнаткі:
— Лапкі не стаміліся лопух трымаць?
Лісачка ад нечаканасці і жаху нават забылася, як дыхаць. Яна адчула, што вось-вось страціць прытомнасць. Лапкі з лістамі лопуху апусціліся, «невідзімка»» пачала спаўзаць на зямлю.
— Эх… — уздыхнуў вядзьмак, потым нахіліўся, падняў жоўта-зялёную перапэцканую і да здранцвення перапалоханую Красуню, пільна агледзеўся навокал і панёс няшчасную лісачку ў хаціну.
— Усё! Мы яе больш не ўбачым! — выдыхнуў перапалоханы Ярсік. — Зробіць з яе пудзіла і ў двары паставіць!
Звяркі ўсхвалявана завойкалі, Ліма зарумзала.
— Навошта мы яе адправілі? — у роспачы прашаптаў барсук Бруня.
— Ён не павінен быў яе ўбачыць! — чухаў патыліцу янот. — Падтыннік, палын, лопух — надзейная ахова ад ведзьмака!
— Байка гэта! Няпраўда! На нашых вачах ён яе, непрытомную, схапіў і панёс! — лямантаваў Шэрык.
— Трэба ратаваць лісачку! — усхліпнула вавёрка. — Мядзведзю раскажам, ён яе вызваліць!
— А нам вушы адарве! — уздыхнуў заяц.
Устрывожаная лясная дзятва доўга шапталася каля тына, абмяркоўваючы шляхі выратавання Красуні. Іх перапыніў бадзёры галасок:
— Пра што вы тут спрачаецеся? Малыя азірнуліся. Ля самага тына, зусім побач з імі стаяў вядзьмак. На руках ён трымаў лісачку. Красуня спакойна сядзела і нават лапкай трымалася за шыю старога. А на галаве яе была самая сапраўдная карона!
— Дык гэта тыя самыя сябры, што дапамаглі табе зрабіцца невідзімкай і адправілі па чароўныя званочкі? — пацікавіўся вядзьмак.
— Ага! — пацвердзіла пухнатка. — Гэта яны мяне ўсяму навучылі!
Стары ўсміхнуўся, перасадзіў лісачку праз тын і сказаў:
— Жаданне тваё спраўдзілася, прынцэса фон баранеса! Глядзі толькі карону не згубі! Ну, дзеці, бяжыце дадому, а то я магу перадумаць вас адпускаць!
Звераняткі кінуліся наўцёкі, а Красуня памахала старому лапкай і, важна ўзняўшы галаву, пайшла лясной сцежкай у бок леснічоўкі. Сябры чакалі яе за бліжэйшымі кустамі.
— Слухай, а вядзьмак з цябе пудзіла не хацеў зрабіць? — запытаўся Ярсік.
— Ніякі ён не вядзьмак! — гучна сказала лісачка. — Вельмі добры дзядуля-траўнік. Ён мяне частаваў гарбатай з лясных раслін і пернікамі. Спытаўся, чаго я ў яго сядзібу завітала, навошта перапэцкалася і лопухамі прыкрылася. Я яму ўсё распавяла! І пра сяброў сваіх цудоўных, і пра чароўныя званочкі. Паказаў ён мне тыя кветачкі незвычайныя, а я іх уласным носікам панюхала. Духмяныя! Дзядуля спытаўся, якое ў мяне запаветнае жаданне. Ну, я і сказала, што хачу, каб вы паверылі, што я — прынцэса фон баранеса. Тады траўнік мне зрабіў гэту саламяную карону і расказаў, што ў ёй незвычайныя залатыя каласы — каралеўскія. Ну што? Цяпер усім зразумела, што я сапраўдная прынцэса?
— Так, фон баранеса! — хорам адказалі звераняты.
— Мы так рады, што ён з цябе пудзіла не зрабіў! — шчыра прызналася Ліма і выцерла слязінку.
— Ды гэта вы мяне ў сапраўднае пудзіла ператварылі! Падтыннік, палын, лопух… Як цяпер адмыцца? — пакрыўджана бурчала лісачка.
Красуня з залатой каронай на галаве важна крочыла ляснымі сцяжынкамі, трымаючы грацыёзную выправу, а за ёй каралеўскай світай ішла лясная дзятва. Усе, каго яны сустракалі па дарозе, здзіўлена разглядалі перапэцканую жоўта-зялёную пухнатку. Першым ад групкі аддзяліўся янот Ярсік:
— Ну, мне дадому час вяртацца. Да заўтра!
Чым бліжэй падыходзілі да леснічоўкі, тым хутчэй разбягаліся сябры. Пэўна, не хацелі сустракацца з мядзведзем, бо ведалі: яму дакладна не спадабаецца, што яны расфарбавалі Красуню ў жоўта-зялёны колер і падбухторылі прагуляцца ў сядзібу ведзьмака па чароўныя званочкі.
У двор леснічоўкі пухнатка ўваходзіла адна. Мядзведзь адпачываў на ганку. Калі ён пабачыў сваю гадаванку, вочы сталі па яблыку:
— Што з табой?! Чаму ты ўся жоўта-зялёная?!
— А ў мяне сёння настрой такога колеру! — махнула лапкай Красуня.
— А што за карона?
— Гэта мая. Я ж прынцэса фон баранеса. Самая сапраўдная!
— Ну, тады, ваша вялікасць, паспяшаюся падрыхтаваць вам ванну! — мядзведзь схіліўся ў жартаўлівым паклоне.
Тым вечарам лісачка доўга сядзела ў мядніцы, напоўненай цёплай вадой, і старанна адмывала сваю шэрстку ад падтынніку і палыну. А побач на паліцы стаяла прыгожая саламяная карона з залатых каласкоў.
Папярэднія часткі казачнай гісторыі чытайце тут:
Прыгоды лісачкі Красуні. Частка 1 (казка) + аудыё
Прыгоды лісачкі Красуні. Гісторыя другая (казка) + аўдыё