Site icon Слушна

Прыгоды маленькай Машынкі. Частка першая

Я раскажу вам пра прыгоды маленькай Машынкі. Яе зусім нядаўна сабралі на заводзе, паставілі рухавік, залілі бензін, і магутная машына адвезла малую ў вялізны гараж. Машынка была такая прыгожая, бліскучая, што адразу ж знайшліся дзве дарослыя паважаныя машыны,  якія ўзяліся апекавацца над ёю, пакуль малая падрасце ды паразумнее. Яны і сталі Машынцы Мамай і Татам.

У гаражы

Машынцы вельмі карцела даведацца, як яна выглядае. Малая скасавурыла ў люстэрка адно вочка-фару, потым другое – убачыла свой жоўценькі бачок. І ўсё. Агледзелася  навокал: ага! Вунь якое вялікае люстэрка ў суседкі.  Машынка ціхенька падкацілася амаль упрыцірку да незнаёмкі. Пакруцілася так і гэтак, нават на дыбачкі стала, не ўтрымалася і піхнула суседку.

— Хоршанька! — занепакоілася тая.

Але Машынка не зразумела і ціснулася далей.

— Ты чуеш што я кажу? Асцярожна! Усю фарбу з бакоў паздымаеш. Няўжо месца не хапае?

— Прабачце, — піскнула Машынка. — Я спачатку не зразумела. Мне толькі хацелася ўбачыць, якая я. У мяне ёсць свае люстэркі, але ў  іх амаль нічога не відаць. Цікава: навошта мне люстэркі, калі я сябе ў іх не бачу?!

— А, дык ты ў нас зусім новенькая! Люстэркі мы носім для сваіх вадзіцеляў, — патлумачыла машына. — Каб яны маглі бачыць, што робіцца на дарозе з бакоў і ззаду, — дзеля бяспечнасці руху. А сябе разгледзець ты зможаш у  шкляныя дзверы, што збоку ад выезду з гаража. Толькі памятай: перамяшчацца без вадзіцеля нам, машынам, строга забаронена. Таму не трапляйся на вочы людзям адна.

Машынка падзякавала і паціху, хаваючыся за большыя машыны, рушыла да выхаду. Толькі-толькі яна падкралася бліжэй да дзвярэй, як у гараж нехта зайшоў. Машынка кінулася з перапуду ўбок і стаілася, прымушаючы свой маторчык працаваць як мага цішэй. Хутка гараж зноў апусцеў. Машынка агледзелася  навокал і зусім побач заўважыла вельмі ж дзіўную машыну, таксама жоўценькую і невялічкую. Але тая была ўся нейкая нязграбная, выцягнутая ўшыркі. І колы яе былі крывыя і паплюшчаныя. Машынка нясмела гукнула:

— Што з табой? Чаму ты такая пакамечаная?

Адказу не было, і Машынка вырашыла падкаціць бліжэй. Але не паспела яна праехаць і некалькі метраў, як ткнулася бамперам ў гладкую бліскучую паверхню бочкі, паблізу якой апынулася, хаваючыся. Машынка ўважліва прыгледзелася…

— Авой! Няўжо гэта я? Такая няўклюдная і касабокая?

Ад роспачы ў Машынкі  ажно клаксан уключыўся і засігналіў на ўсю моц. Машыны, якія адпачывалі ў гаражы, заварушыліся, занепакоіліся. А да малой ужо спяшалася Мама.

— Цішэй, маленькая.  Што тут у цябе здарылася?

Машынка, усхліпваючы, паказала на бочку.

— Мама, я паглядзела ў гэта люстэрка…

— Ну-ну, супакойся. Гэта проста вялікая бочка. З-за таго, што бакі яе скругленыя, адлюстраванне скажаецца. Вось я цябе правяду да дзвярэй, і ты зможаш на сябе палюбавацца.

Што і казаць, пасля перажытага перапуду Машынцы страшнавата было. Але яна ўсё ж рашылася і глянула на сябе. Зграбненькая, бліскучая, з рознакаляровымі фарамі, з прыгожымі круглымі колцамі – цяпер Машынка ўпэўнілася, што людзі на заводзе нездарма радаваліся, збіраючы яе:

— Ах, прыгажунька! На такой машыне ездзіць будзе прыемна і весела.

Знаёмства з вадзіцелем

 Машынка ўжо некалькі дзён стаяла ў гаражы. Яна пазнаёмілася з усімі машынамі, што тут жылі. Тыя вельмі прыязна паставіліся да малой. А вечарамі расказвалі такія цікавыя гісторыі! Але кожную раніцу ўсе выязджалі на працу. Машынка заставалася адна. Яна агледзела ўсе закуточкі гаража і знайшла сабе забаўку: круцілася перад бліскучай бочкай, смеючыся са свайго скажонага адлюстравання, якое яшчэ нядаўна так напалохала яе. Аднак гэта хутка надакучыла, і цяпер ёй было сумна. Машынка не магла дачакацца таго моманту, калі можна будзе самой выехаць за вароты. Там жа – цэлы свет!  І аднойчы яна амаль наважылася парушыць самае галоўнае правіла: ніколі не выязджаць адной…

Толькі-толькі Машынка збіралася выслізнуць ціхенька з гаража, як тут жа яе прыпыніла Мама:

— Ты куды, даражэнькая?

— Хачу пракаціцца, пагуляць.

— Адна? Не-не, трэба пачакаць твайго вадзіцеля. Разам паедзеце. Ды не абы-куды, а ў школу, вывучаць правілы дарожнага руху.

— А навошта тыя правілы, калі ў мяне будзе свой вадзіцель? — здзівілася Машынка.

— Ах, мая ты маленькая. Правілы дарожнага руху патрэбны, каб не трапіць у аварыю. Іх павінны ведаць усе: і людзі, маленькія і вялікія, і машыны, і веласіпеды. Вось я неяк чула радыёперадачу, у каторай апавядалі пра вадзіцеля, які не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў дрэва. І менавіта таму, што машына, якая ленавалася вывучыць правілы, не паслухалася вадзіцеля.  Ох, несалодка ім прыйшлося. Вадзіцель трапіў у бальніцу, а машыну ледзь адрамантавалі. Ну, мне ўжо пара на працу. Ты тут не сумуй і памятай, што я табе сказала.

І Мама хуценька выехала з гаража. А Машынка стала бліжэй да дзвярэй, каб хоць праз шчылінку бачыць, што робіцца знадворку. Яна паглядала, як выязджаюць за вароты вялікія машыны, і думала:

Ну хутчэй бы ўжо! Чаму гэта Мама не хоча адпускаць мяне адну? У мяне ж чатыры колцы, і я трывала на іх стаю”.

Але доўга чакаць не прыйшлося. Да Машынкі падышоў малады ўсмешлівы хлопец, прыязна паляпаў яе па капоце і сеў за руль. Машынка ўзрадавалася, бо вадзіцель ёй адразу спадабаўся. Што ні кажыце, а ўсё ж вельмі важна, хто табой кіруе. Завёўся матор, і Машынка рванулася з месца. Відаць, вадзіцель меў не больш вопыту, чым яна сама. І таму рухавік амаль адразу ж захлынуўся: кхе-кхе-кхе і заглух.

— Гэй, Толік, ты што гэта вырабляеш! Хто ж так кранаецца? Можа, ранавата табе машыну даверылі, ды яшчэ такую прыгожую! — закрычаў пажылы вадзіцель, які якраз праходзіў міма.

Так Машынка даведалася, што яе вадзіцеля завуць Толікам. А  яшчэ зразумела, што наведацца ў школу ім і сапраўды не зашкодзіць. Ну што ж, тады паехалі!

І яны рушылі з месца, але цяпер ужо павольненька.

Працяг казкі пра маленькую Машынку можна будзе пачытаць на нашым партале ў хуткім часе.

Прыгоды авечкі Адэлі. Казачная прыгажуня пад надзейнай аховай (казка) + аўдыё

Exit mobile version