Site icon Слушна

Прыгоды Вожыка. Частка 2 (казка) + аўдыё

Ёжик на полянке

 

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/11/Prygody-vozhyka-chastka2.mp3?_=1

 

І зноўку Вожык быў змушаны пусціцца наўскокі. Нёсся хутчэй асенняга ветру.  І раптам як урэжацца ў прыбярэжны камень (адкуль толькі ён з’явіўся на яго шляху?!). І як кіне Вожыка на яловы сук, а той адспружыньвае і шпурляе яго, нібыта з катапульты, у лясны ставок. Ён з крыкам і енкам плюхаецца на яго сярэдзіну воднага люстэрка.

Ад нечаканага госця расквакаліся жабы, загагаталі гусі, загугыкалі совы, засвісталі чаплі, застракаталі спрасонку цікаўныя сарокі, закаркалі нахабныя вароны. Глуш начы разлеглася шматвёрстная, што сполах і яго, Вожыка, браў.

Перапалоханы Вожык, сам таго не чакаў, але сабраўся з сіламі і лоўка адштурхнуўся заднімі лапамі, і – бултых! Ды так шлёпнуўся ў парослы чаратамі ставок, што і качкі, і кулікі, і ўся рыба, якая была ў ім, разбегліся хто куды, як ад авіяцыйнай бомбы.

Вожык і жабка

І бачыць ён, што акурат на яго кіруецца карычнева-чорны, мардаты з добрае парася, з доўгімі вусамі і шырокімі лапамі, звер. Кропля ў кроплю падобны на таго невядомага яму звера, які цікавіўся калючым панцырам маленькага  Вожыка. І які ад сваёй залішняй цікавасці тады акрывавіў свае лапы. Многія звяры запомнілі яго візг. Дзіўна тое, што тое здарэнне адбылося сярод белага дня.

Вожык быў начным адкрывальнікам недарэчнасцей. Але і сярод цемры, як бы хто скіраваў у яго бок моцны пражэктар, высвеціўшы тую самую цікаўную мордачку.

Гэта быў памагаты Вожыка – сярэбнарогі месячык. Ён выслізнуў з-за хмар і белым яркім святлом асвяціў наваколле. Вольны месяц свяціў усё ярчэй, хаця наўсцяж гусцелі прыцемкі. І тое святло яго васількамі рассыпалася па вадзяной сіні. І падала на таго самага цікаўнага звера.

– Ах, так! – Ну, я зараз пакажу табе, цікаўны ты мой! Прысутнасць госця ў вадзе інтрыгавала Вожыка.

– Я павінен даказаць сабе, што я самы смелы! – І з гучным сапеннем і фырканнем першым рушыў на госця.

– Ай, ей! –О-ой, ёй,ёй! – енчыў вадзяны жыхар. – І адкуль тут калючыя і злыя звяры водзяцца? – голасна ад балючых калючак крычаў той. І тут жа даў нырца, кідаючыся то ў адзін, то ў другі бок. Праз лічаныя хвіліны знік, затаіўшыся ў прыбярэжных чаратах.

– Ну і хто з нас самы смелы, га?

Але на гэтае Вожыкава пытанне ніхто не адказаў.

Ён падміргнуў такому ж начному вандроўніку – вольнаму месячыку, перакуліўся на спіну і паплыў. Ад павеву ветрыка цела Вожычка залюлялі хвалі. Яму ж падалося, што ён на воблаку плыве…

Зараз Вожык ляжаў у ложку, успамінаў і ўсміхаўся. Але і засмучаўся. Нездарма ж кажуць, што месцы, дзе ты быў самым шчаслівым, аднойчы таксама будуць выклікаць смутак…

– Успаміны, успаміны… Але мусіць пара збірацца, – зноў ленавата пацягнуўся.

Намаганнем волі нехаця ўстаў. Схамянуўся ад думкі, што спазняецца і даў знікнуць на нейкі час  чамусьці надзвычай радаснаму.

Пратэпаў да выхаду, шчылінкай заспаных вачэй выглянуў у цемру:

– Так,  пара рушыць за здабычай, а тое хутка ног не пацягну!

Вылез са свайго  мяккага і ўтульнага, высланага маладой сухой атаваю, мохам і сухой лістотай  гняздзечка, якое зрабіў сабе пад каранямі вывернутай сухадрэвіны.

Сабраўся ўжо выходзіць, але вярнуўся, прыхінуўшы за сабою штору.

Падышоў да люстэрка, паправіў чупрыну, нібы франт які значны. Павярнуўся ўлева-управа, зняў колькі лісцяў ды травінак са сваёй калючай спіны. Іголкі пры гэтым заігралі-засвяціліся бураватым адлівам з цёмнымі папярэчнымі палоскамі. Пакруціў сваёй выцягнутай мордачкай з рухомым і пастаянна вільготным носам. Затым пстрыкнуў сябе па правым цёмна-карычневым вушку. Усміхнуўся, паказаўшы свае вострыя зубы, быццам папярэджваючы тых, хто будзе яму ў гэтым замінаць.

–  Вось цяпер пара!

Скіраваўся ў бок калгаснага поля. Тут учарашняя ноч была вельмі ўдалай. Пасля цёплага дажджу ажывіліся чэрві ды слізні, якімі добра паласаваўся. Затым гняздзечка нейкай птушачкі не здолеў абмінуць: усю кладку уперазаў. Пасля і сад з салодкімі яблыкамі ды малінамі па дарозе надарыўся. А калі ўжо падыходзіў да свайго жытла тлустая, але дурненькая жабка сама пад ногі кінулася. Наперазаўся будзь здароў!

Зараз хоць і цёмная ноч была, але наваколле жыло сваім звычайным паўнакроўным жыццём.

Ішоў Вожык, сустракаў і чарвякоў дажджавых, і са дзве мышы ўпаляваў. А яшчэ яго чуйныя слых і пах скіравалі да вялікай сямейнай арцелі хрушчоў майскіх жукоў. Вось ужо свята свайму трыбуху справіў!

І было ўжо амаль на расвецці, калі спахапіўся Пых-пых дадому вяртацца. Заспяшаўся цераз рэчку ўброд пераадолець. Адкуль вазміся вялікі і Страшны Пугач з шклянымі вачыма як завухкае дзесьці зусім побач, што прымусіла вясёлага і сытага  Вожыка пужліва здрыгануцца.

Вялізная шэрая сава пікіравала акурат на яго, смяялася, нязвыкла і пугаючы сваю ахвяру і сваім голасам, і што самае дзіўнае - вяртлявай як не на 180 градусаў галавою. Калі Вожыку ўдавалася на імгненне знікнуць з яе поля зроку, чуліся не толькі шчаўчкі дзюбаю, як у бусла, але раздаваўся нібыта сабачы брэх.

Вожык ведаў, што Пугач, як і Няясыць Барадатая здатныя ўпаляваць не дзіва якую птушку ці вавёрку. Нават хутканогія зайцы трапляюцца. А які шанец на яго ўласнае выратаванне? Хоць у бубен бі, хоць двайнікоў-трайнікоў кліч, а вырашаць яму.

Жыццём гадаваны, досведам і працай навучаны, Вожык раптам спыняецца, тармозіць, вырыўшы сваімі вострымі кіпцюрамі разору напалову конскае падводы. А сам зварочваецца ў клубок, затаіўшы дыханне.

Зоркае вока Пугача асабліва не правядзеш, але пільнасць на нейкі час прытупілася. І калі злая птушка абляцела тую разору, высачыўшы сваю ахвяру, ужо дэсанціравалася на яго дрыготкае цела, пятнаццаць тысяч моцных і доўгіх калючак Вожыка ўпівалася ў апярэнне драпежніка. І сам Вожык, нібы адспружынены ад зямлі, сядзеў на карку Пугача.

– Хаця ты, Пугач, і страшны, і самы зыркі начны паляўнічы, я за цябе смялейшы. І разумнейшы!

– Чаго ты хочаш?

– Не радуйся чужой бядзе, бо свая ззаду ідзе. – Яшчэ пачую калі меншых пакрыўдзіш… калючкі мае ўсюды цябе дастануць. Зразумеў?

– Так.

– А цяпер нясі мяне дахаты!

Доўга ці хутка Пугач пераадолеў тыя са тры кіламетры, што за ноч нагамі накруціў рызыкоўны Вожык, глядзіць, ажно калючага пасажыра чакаюць Вавёркі, Зайцы, ды іншыя суседзі.

Перапужаўся Пугач, што Вожык распавядзе пра паляванне на яго. Тады ўж, відаць, без разборак не абыдзецца. Ён рэзка ўзняўся ўгору, вясёлы пасажыр і зваліўся.

Многа яшчэ дзівосаў і прыгод – пешых і на розных жывёлах і птушках распавёў у той дзень Вожык. Я таксама чуў іх, каб давесці вам у дэталях.

Можа нехта і каштоўную параду атрымае, і жыццёвую навуку замацуе. Я ж, ваш казачнік, буду прыслухоўвацца да ўсяго жыццёвага і карыснага і вам пераказваць.

Прыгоды Вожыка (казка)+аўдыё. Частка I

Exit mobile version