Site icon Слушна

Прыгожы аксесуар ці неабходнасць? Навошта патрэбныя сонцаахоўныя акуляры

адуляры ад сонца

Ультрафіялетавае выпраменьванне можа нанесці сур'ёзную шкоду здароўю нашых вачэй. Менавіта таму, выходзячы ў сонечнае надвор'е на вуліцу, варта падумаць не толькі пра абарону скуры ад уздзеяння ўльтрафіялету, але і не забыцца прыхапіць з сабой сонцаахоўныя акуляры. Бо менавіта вочы павінны быць добра абароненыя ад УФ-выпраменьвання, пылу і іншых фактараў.

Сонцаахоўныя акуляры. Патрэбныя ва ўсе поры года.

Чаму важна абараняць вочы ад ультрафіялетавага выпраменьвання, чым яно небяспечнае, а таксама якім акулярам лепей аддаваць перавагу, журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла к.м.н., дацэнт кафедры атарыналарынгалогіі і вочных хваробаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Святлана Ільіна.

Чым ультрафіялет небяспечны для здароўя вачэй

Ультрафіялетавае святло нябачнае для вока чалавека, яно не можа неяк адчуць яго ўплыў. Дарэчы, для вачэй шкодны любы ўльтрафіялет – натуральны і штучны. Прычым наступствы такога ўздзеяння могуць даць пра сябе ведаць нават праз шмат гадоў.

Існуюць 3 тыпы ўльтрафіялетавых прамянёў: А, В, С. Яны розныя па даўжыні і сваім уздзеянні на чалавечы арганізм. Самыя кароткія – С-прамяні – уяўляюць самую вялікую небяспеку для чалавека, але яны затрымліваюцца азонавым слоем. В-прамяні таксама часткова рассейваюцца ў азоне, але частка з іх усё ж трапляе на зямлю.

Святлана Ільіна:

– Рагавіцы і слізістай абалонцы вока могуць нашкодзіць прамяні тыпу В. Пранікнуць у больш глыбокія структуры вочнага яблыка яны не ў стане. Хрусталік паглынае прамяні спектру А, аднак яны здольныя пранікнуць глыбей і нават пашкодзіць сятчатку. Пасля такога ўздзеяння, на жаль, яна не аднаўляецца. Акрамя таго, сятчатка можа пацярпець і ад бачнага (дзённага) святла, калі яно занадта інтэнсіўнае.

Клапаціцца пра абарону вачэй неабходна пастаянна, не толькі ў летні час. Рэкамендацыя насіць сонцаахоўныя акуляры не губляе сваёй актуальнасці ў любую пару года

Наступствы ўздзеяння УФ-прамянёў

Калі глядзець на сонца няўзброеным вокам, гэта можа прывесці не толькі да часовага пагаршэння зроку, але і да сур'ёзнага пашкоджання вачэй. Напрыклад, магчымае развіццё фотакератыту, узнікненне снежнай слепаты (сонечнае святло, адлюстраванае ад крышталяў снегу, прыводзіць да апёку кан'юнктывы і рагавой абалонкі), апёку сятчаткі, сонечнай рэтынапатыі (пашкоджанне сятчаткі), сіндрому сухога вока.

Сімптомы фотакератыту: боль і адчуванне іншароднага цела ў воку, боязь святла, зніжэнне зроку (узнікненне перад вачыма размытай плямы). Сонечная рэтынапатыя развіваецца, як правіла, з-за інтэнсіўнага ўздзеяння ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Нярэдка такія выпадкі фіксуюцца ў тых, хто назіраў сонечнае зацьменне без ахоўных сродкаў, і зваршчыкаў.

Святлана Ільіна:

– Доўгі ж уплыў УФ-выпраменьвання можа прывесці да развіцця цяжкіх афтальмалагічных паталогій, у тым ліку катаракты, узроставай макулярнай дыстрафіі, анкалагічных захворванняў, птэрыгіуму (анамальны рост слізістай абалонкі вока), пінгвекулы (жоўтае ўтварэнне на бялку вока) і хранічнага кан'юктывіту. Усе гэтыя паталогіі правакуюць значнае зніжэнне зроку і могуць стаць прычынай поўнай слепаты.

Прыродны ахоўны механізм

Чалавечае вока мае ўласную сістэму абароны ад ультрафіялетавых прамянёў. Паток святла, які паступае ў вочы, рэгулюецца з дапамогай павекаў і радужкі (спецыяльны мышачны слой радужкі пры неабходнасці звужае зрэнку, такім чынам памяншаючы колькасць святла). Часткова затрымліваюць ультрафіялет рагавіца і хрусталік.

Напрыклад, рагавіца з'яўляецца своеасаблівым бар'ерам на шляху УФ-выпраменьвання тыпу В, толькі невялікая частка гэтых прамянёў дасягае хрусталіка. Хрусталік затрымлівае прамяні тыпу А, якія свабодна пранікаюць скрозь рагавіцу, аднак некаторая іх колькасць усё ж такі дасягае сятчаткі.

Святлана Ільіна:

– У гэтым ахоўным механізме асаблівую ролю адыгрывае хрусталік. Ён – наш галоўны «баец» і прымае на сябе асноўны ўдар уздзеяння ўльтрафіялетавых прамянёў тыпу А. На жаль, з цягам часу гэта можа зрабіцца прычынай развіцця катаракты. Дарэчы, такая фільтруючая функцыя хрусталіка актывізуецца з узростам. Калі ў дзіцяці ў 10 гадоў да 75% УФ тыпу А пранікае праз хрусталік, дык у 30-гадовага чалавека – толькі каля 10%. Таму дзецям асабліва важна абараняць вочы ад сонца.

Хто павінен быць асабліва акуратным

Абараняць вочы ад уздзеяння ўльтрафіялету і яркага сонечнага святла неабходна ўсім, незалежна ад узросту, упэўненая спецыяліст. Разам з тым, у зоне павышанай рызыкі неспрыяльных наступстваў знаходзяцца:

  • Людзі, якія прымаюць лекавыя прэпараты, што павялічваюць святлоадчувальнасць (транквілізатары, дыўрэтыкі)
  • Аматары пазагараць у салярыі
  • Зваршчыкі
  • Пацыенты пасля лячэння катаракты (аператыўнага ўмяшання)
  • Спартсмены, асабліва тыя, якія займаюцца экстрэмальнымі відамі спорту.

Як правільна выбіраць сонцаахоўныя акуляры

Самая частая памылка – арыентавацца толькі на ступень прыцемненасці лінзаў акуляраў. Празрыстае шкло сонцаахоўных акуляраў можа добра паглынаць УФ-выпраменьванне. Калі ж няма спецыяльнага фільтра альбо ахоўнага пакрыцця, нават самае цёмнае шкло будзе абсалютна бескарысным для абароны ад яркага святла. Прычым у такой сітуацыі вочы будуць у большай ступені пакутаваць ад УФ-прамянёў, паколькі зрэнка знаходзіцца ў пашыраным стане.

Святлана Ільіна:

– Пры выбары сонцаахоўных акуляраў варта аддаваць перавагу тым мадэлям, на якіх ёсць пазнака UV. Прычым, калі побач з гэтай абрэвіятурай ёсць чысло 400, значыць, што лінзы блакіруюць амаль 99% прамянёў з даўжынёй хвалі 400 нанаметраў (дыяпазон прамянёў тыпу А). Маркіроўка UV 380 сведчыць пра тое, што лінзы адбіваюць 95% прамянёў. Але і гэты паказчык аптымальны. Адназначна не варта браць тыя акуляры, шкло якіх можа справіцца толькі з 50% УФ-прамянёў.

Немалаважная дэталь – пакрыццё шкла сонцаахоўных акуляраў. Існуе некалькі тыпаў пакрыцця, прычым іх некаторыя мадэлі маюць адразу некалькі:

  • Пры палярызацыйным тыпе пакрыцця акуляры блакуюць блікі
  • Здольнасць лінзаў акуляраў адлюстроўваць бачны спектр прамянёў кажа пра люстраны тып пакрыцця. Такія акуляры забяспечваюць свайму ўладальніку максімальны камфорт
  • Фотахромныя. Акуляры з такім тыпам пакрыцця могуць змяняць ступень прыцямнення ў залежнасці ад знешніх умоў.

Святлана Ільіна:

– Насіць працяглы час сонцаахоўныя акуляры не варта. Прыцемненыя лінзы спрыяюць таму, што зрэнка значна пашыраецца. У выпадку, калі пакрыццё шкла няякаснае і прапускае ўльтрафіялетавае выпраменьванне, пашыраная зрэнка паглынае яго мацней, чым звужаная, што ў сваю чаргу можа зрабіцца прычынай развіцця катаракты ў будучым альбо апёку рагавіцы. Таму, каб пазбегнуць праблемаў са здароўем вачэй пры набыцці такой оптыкі, варта выбіраць якасныя мадэлі з адмысловым пакрыццём.

Ці адыгрывае ролю колер шкла

Безумоўна, кожны выбірае акуляры, кіруючыся сваімі перавагамі. Разам з тым, колер лінзаў мае значэнне. Розныя адценні шкла акуляраў і дзейнічаць будуць па-рознаму.

Шэры колер лінзаў валодае высокім узроўнем святлопаглынання, пры гэтым каляровае скажэнне мінімальнае. Яны добра падыходзяць для аўтамабілістаў і для заняткаў спортам на вуліцы.

Жоўты альбо аранжавы колер добры для выкарыстання ў памяшканнях з цьмяным асвятленнем, ён павялічвае кантраснасць. А вось успрыманне колераў такія лінзы скажаюць.

Бурштынавае альбо карычневае адценне лінзаў павышае кантраснасць за кошт блакіравання сіняй часткі спектру. Малюнак дакладны, але каляровае ўспрыманне скажаецца.

Зялёны колер таксама фільтруе сінюю частку спектру, перашкаджае блікам. Такія акуляры забяспечваюць высокую кантраснасць і каляровы баланс.

Лінзы пурпурнага ці чырвонага колеру добрыя ва ўмовах сонечнага надвор'я пры ўмеранай воблачнасці. Але яны выклікаюць моцны каляровы дысбаланс.

Exit mobile version