Гэта адна з народных прыкмет на сёння, 15 лютага, калі святкуюцца Грамніцы, альбо Стрэчанне. Але нягледзячы на абяцаны сіноптыкамі плюс на гэты дзень і дні наступныя, усё ж трэба знімаць рукавіцы ды пальчаткі з асцярогай.
Лютаўскае сонца, нягледзячы на ўсю яго прыгажосць, досыць падманлівае. А халадовую алергію, як не так даўно ўпэўнілася асабіста, «злавіць» цяпер зусім нескладана…
Паводле іншых народных назіранняў, «Грамніцы – палавіна зіміцы, маразоў палавіцы». Прыгадваючы злосны «Хаўер», які наляцеў на нас у сярэдзіне сакавіка 2013 года, цудоўна разумеем, што снег яшчэ можа быць не толькі ў першы, а нават і ў апошні вясновы (!!!) месяц. І маразы – таксама. Таму і пры значнай адлізе, дзяўчаты, не спяшаемся даставаць кароткія куртачкі ды спаднічкі. Зарана яшчэ.
Дык што ж гэта за свята – Грамніцы?
Паводле меркавання адных, назва паходзіць ад паганскага бога Грамаўніка (Грамоўніка), больш вядомага нам пад імем Пярун. Гэта бог веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыяюць усялякай расліннасці.
Паводле пераканання іншых, у гэты дзень Юр’я быццам бы выпрабоўвае свае стрэлы, кідаючы іх у нячыстую сілу. Таму 15 лютага можна пачуць і першыя грымоты. А ўвогуле, у народзе лічылі, што ў гэты дзень Зіма з Летам сустракаецца.
Як заўважалі нашы продкі, «калі на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, дык на Юр’я (6 мая) вол наесца травіцы». У гэты дзень сапраўды на даху бываюць та-а-а-акія ледзяшы, што нават хочацца прыгадаць дзіцячую звычку і пакаштаваць іх на смак! Але, вядома ж, мы і самі не будзем гэтага рабіць, і за дзецьмі прасочым. Бо калі пры ранейшай экалогіі і загартоўцы ўсё гэта магло прайсці без следу, дык зараз… Асабліва падчас сезону захворвання на ВРІ і грып… Лепей не выпрабоўваць лёс, праўда?!
Даўней сяляне прыкмячалі:
Як на Грамніцы адліга, з ураджаю будзе хвіга».
Зрэшты, настолькі зараз усё памянялася ў прыродзе, што і даўнейшыя прыкметы не заўсёды супадаюць з рэальнасцю. На жаль. Бо сапраўды шкада губляць мудрасць нашых продкаў, ад якой і сам робішся мудрэйшым, разважлівым, спакайнейшым… Ды і здаравейшым – таксама.
У гэты дзень у цэрквах асвячаюць свечкі, якія называюцца грамнічнымі. Іх захоўваюць у хатах (а цяпер і ў кватэрах) цэлы год, бо лічыцца, што яны абараняюць жыллё ад перуна (навальніц з грымотамі). Але калі зараз мы набываем гатовыя тонкія царкоўныя свечкі, дык раней нашы продкі рабілі напярэдадні свята і больш тоўстыя, а тады неслі іх на асвячэнне. Зрэшты, сучасныя могуць выглядаць і так.
Людзі здаўна лічылі агонь свяшчэннай стыхіяй. Яго баяліся, яму пакланяліся, ашчадна захоўвалі ў ачагу… І полымя свечкі, як сцвярджаюць вучоныя, вельмі карыснае для здароўя. Апрача іншага, яно павышае энергетыку чалавека. Ля яго карысна знаходзіцца пры алергіі, гіпертаніі, неўрозах, дэпрэсіях, стрэсах. А калі глядзець на запаленую свечку перад сном, дык чалавек супакойваецца. Усё дрэннае, назапашанае за дзень, быццам згарае ў тым агні. І сон будзе больш моцным.
Апрача пералічаных народных прыкмет, у шэрагу мясцовасцяў Беларусі існавалі і свае, адмысловыя звычаі і абрады.
Галоўнае – гэты дзень не праходзіў незаўважаным. Пасля яго сяляне-мужчыны ладзілі ўжо сохі і бароны, рыхтуючыся да веснавых палявых работ, а сялянкі-жанчыны сядалі за кросны.
А мы сёння назіраем за надвор’ем, усё прыкмячаем і запамінаем. Альбо нават занатоўваем. А тады чакаем вясны-лета, каб праверыць, ці спраўдзіліся народныя прыкметы!