Ат, хіба ж для нас гэта дзіва?! Тое гніллё (чытай – дажджы, мокрадзь), якім нас літаральна заваліў сёлетні ліпень?! Ды нам жа не прывыкаць, праўда? А вось тое, што столькі дзён халодных было ў другім летнім месяцы... Вось гэта па-сапраўднаму крыўдна. Але ж не выправіш, не пакамандуеш і хмары рукамі, як у песні, не разгоніш, на жаль...
Так што сустракаем, сябры, сёння Іллю – дзень, які здаўна ў народзе ўспрымаўся, як... заканчэнне лета і пачатак восені! Ну вось мы і прыплылі – у прамым і пераносным сэнсе. А хіба ў нас лета было?! Такое сапраўднае?! Куды нам восень??? Рана!!!
Памятаю смешны выпадак колькі гадоў таму. Да нас у рэдакцыю раёнкі зайшоў мой колішні вучань, які на той час узначальваў адну з моладзевых арганізацый у раёне. Ілля якраз-такі. Перагаварыў з маімі калегамі па справе, а тады так ваа-а-ажна заявіў:
– Ну, пайду ўжо займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі.
– А куды ж, Ілля?!
– Ды на Натальеўскае возера.
– ??????
– Ну як – навошта?! Гнілля пайду ў ваду накідаю...
Дружны рогат! 🙂
Але якія б ні здараліся анекдатычныя ды іншыя сітуацыі, усё ж прыгожае гэтае імя – Ілля. Усіх яго носьбітаў сёння мы шчыра віншуем з імянінамі! Спадзяюся, вы ведаеце, сябры, у гонар каго вас так назвалі?!
Першы – гэта вядомы ўсім паганскі (язычніцкі) бог Пярун. Дакладней, не сам, а яго асобныя рысы, якія ён Іллі перадаў. Напрыклад, валоданне маланкамі-грымотамі-перунамі. А другі – біблейскі прарок Ілля. Ёсць меркаванне, што ён быў узяты на Неба жывым.
А яшчэ Ілля лічыцца апекуном земляробства. І пра яго шмат вядома народнай мудрасці. «З Іллі працаўніку дзве ўгоды: ноч доўгая ды вада халодная», «На Іллю да абеду лета, а пасля абеду восень», «Ілля жніво пачынае, а лета канчае», «Ілля ваюе з чартамі, б’е іх перунамі», «Да Іллі на сене пуд мёду, а на Іллі пуд гною», «Ілля пытае, ці гатова ралля, а Успенне, ці гатова насенне».
Нашы продкі ў гэты дзень збіралі дажджавую ваду, каб пасля ёю мыцца. Памятаю, яшчэ ў дзяцінстве бабуля таксама сцвярджала, што ўвогуле карысна мыць валасы менавіта такой вадой, яна робіць іх мяккімі... Ну, пры той экалогіі яшчэ ў 1970-х-пачатку 1980-х – так. А пры нашай... І яшчэ сяляне стараліся ў гэты дзень не працаваць, каб навальніцы не сталі прычынай пажару. Не хацелі гнявіць таго Іллю...
Што ж датычыцца народных назіранняў, дык калі быў 2 жніўня дождж, лічылася, што маланка... папаліць арэхі. Добрае надвор’е абяцала ў будучым і добры сенакос. А калі раптам спякота, дык чакалі працяглай зімы. Вось што-што, а апошняе нам, здаецца, і не пагражае па гэтых прыкметах...
Так што назіраем сёння за надвор’ем і робім высновы, сябры! Лепей іх занатаваць, каб пасля, праз некалькі месяцаў, праверыць, ці працуюць яшчэ даўнейшыя народныя прыкметы нашых продкаў.