Site icon Слушна

Прысвячэнне Шчамялёву. Як ідэі творчасці мастака адлюстраваны ў работах беларускіх жывапісцаў

Леанид Шчамялёў. Партрэт

100-годдзе Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва — стала адпраўной кропкай для шэрага культурных мерапрыемстваў, якія адбыліся і адбудуцца па ўсёй краіне.

У лютым ужо прайшло адкрыццё парсанальных выставачных праектаў творцы ў Нацыянальным мастацкім музеі, галерэі твораў матака. А на мінулым тыдні ў Палацы мастацтваў прэзентавалі рэспубліканскую экспазіцыю «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне», у якой узялі ўдзел мастакі са ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

Уладзімір Тоўсцік і Наталля Шаранговіч на адкрыцці выстаўкі

Прадстаўленая выстаўка — прыклад агульнага творчага натхнення, эмацыйнага ўспрыняцця жывапісных адкрыццяў Леаніда Дзмітрыевіча. Шмат знакамітых мастакоў краіны, прааналізаваўшы тэмы творчасці аўтара, напісалі свае мастацкія работы з глубокім адчуваннем павагі і настальгіі па часе, калі можна было паразмаўляць з гэтым таленавітым чалавекам.

Вялікая зала з высокімі столямі гарманічна ўмясціла ў сябе больш за 100 унікальных работ, прасякнутыя духам і думамі пра народнага мастака. Так скажам, парадная зона для адкрыцця ўпрыгожана задуменным партрэтам, а далей прастора нібы падзяляецца на мастацкія галіны, дзе знайшлося месца і рэалізму, і адбстракцыі, і шматграннай фантазіі беларускіх творцаў.

Леанід Шчамялёў стаіць у шэрагу тых мастакоў, творы якіх займаюць вызначальнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі. Яго творчасць называюць летапісам эпохі. Ён заўжды шчыра захапляўся краявідамі родный Беларусі, ствараючы ўзнёслыя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў.

Люстэрка эпохі. У Мінску адкрылі выстаўку да 100-годдзя Леаніда Шчамялёва

Мастак з кранальнасцю пісаў паэтычныя партрэты сваёй сям’і, сяброў, калег, аднадумцаў. Букеты кветак, якіх так шмат у Леаніда Дзмітрыевіча, займаюць адметнае месца ў яго творчасці.

Яго талент вызначальны сваёй жыццядзейнай сілай: мастак быў здольны перадаць асабістае ўсхваляванае адчуванне прыгажосці ад кожнага схопленага імгення, ад сустрэчы з чалавекам, ад беларускіх даляглядаў дзівосна светлымі і яркімі фарбамі.

Леанід Дзмітрыевіч пранікнёна любіў жыццё. Якія б тэмы ён не паднімаў, у кожным палатне ёсць эпічнае адчуванне прыгажосці зямлі і чалавека, магутны вобразны пошук, імкненне спазнаць свет, задумацца аб сутнасці гэтага свету.

Леанід Дмітрыевіч пакінуў нашаму мастацтву запавет: трэба жыць з шырока адкрытымі вачыма, каб бачыць свет такім, які ён ёсць, і адкрываць іх яшчэ шырэй, каб убачыць свет іншым, чым ён ёсць, і яшчэ шырэй, каб убачыць свет яшчэ больш лепшым. І гэты запавет гучыць у работах сучасных беларускіх аўтараў —  удзельнікаў выстаўкі «Леанід Шчамялёў. Прысвячэнне».

Трэба аддаць належнае Беларускаму саюзу мастакоў і супрацоўнікам Палаца мастацтваў за якаснае і цікавае размеркаванне экспазіцыі і вялікую колькасць удзельнікаў — цікавых і арыгінальных мастакоў рознага ўзросту. Менавіта выстаўкі даюць магчымасць знаёміцца жыхарам і гасцям абсалютна любой мясцовасці з развіццём сучаснага мастацтва, з яго імёнамі і этапамі станаўлення.

Леанід Шчамялёў — народны мастак Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі Саюзнай дзяржавы. Ён быў настаўнікам, які выхаваў некалькі пакаленняў беларускіх мастакоў. Яго смела можна назваць майстрам пэндзля, карціны якога з поспехам экспанаваліся ў Канадзе, ЗША, Францыі, Італіі, Ізраілі, Фінляндыі, Германіі, Аўстрыі, Іспаніі, а таксама набывалі вядомыя галерэі і музеі свету.

Жывапісец стаіць у шэрагу тых мастакоў, творы якіх складаюць скарбніцу выяўленчага мастацтва Беларусі. Ён праслаўляў краіну, ствараючы ўзвышаныя, паэтычныя, гераічныя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў.

https://bel.24health.by/kalyarovyya-emocyi-yakim-zhyccyo-na-svaix-palotnax-pisau-leanid-shchamyalyou/

Exit mobile version