Шчыра вітаю ўсіх наведвальнікаў сайта! Рада магчымасці называць вас не таварышамі, не грамадзянамі і нават не панамі ды паненкамі, а цёплым словам “сябры”. І зрэдчас – шаноўным спадарствам. Дамовіліся?! Буду ўдзячна за каментары і абмеркаванні, за пытанні і прапановы, за актыўную жывую сувязь. Дзяліцеся, сябры, вашымі радасцямі і засмучэннямі, праблемамі і настроем.
Давайце разам зробім нашу суполку сонечнай і цёплай. Каб зранку, зайшоўшы сюды з тэлефона ці камп’ютара, ноутбука альбо планшэта, вы б мімаволі шчыра ўсміхнуліся і адчулі цеплыню сэрца іншага. Можа, далёкага, недасяжнага, і не толькі па геаграфічнаму прынцыпу. А можа, таго, хто зусім побач з вамі. Толькі вы пра гэта нават не здагадваецеся. Такое ж бывае, праўда?
Ці заўважалі вы, як нам апошнім часам не стае прыемных момантаў у жыцці? Разумею, што гэта далёка не арыгінальнае назіранне. Але ж акрэсліць праблему, прызнаць яе наяўнасць услых – хіба гэта не першы крок да яе вырашэння?!
А ці кожны з вас можа назваць сябе добрым чалавекам? Вось без усялякіх умоў? Добрым усюды і заўсёды, з усімі? А хто добры па вялікаму рахунку? Ці 50х50? У залежнасці ад абставінаў?
Асабіста ў мяне, прызнаюся, хутчэй спрацоўвае апошняе. Незнарок пакрыўдзіш чалавека, а пасля перажываеш, перажываеш. А папрасіць прабачэння ой як цяжка... Ці не так?!
А можна ж паспрабаваць проста стрымацца. Не адказваць грубасцю на грубасць. Не біць балюча словам. Слова ж таксама пакідае свае адбіткі... Не-не, гэта зусім не лекцыя! Разважанні, думкі ўслых. Мне прыемна будзе пазнаёміцца тут з сапраўды добрымі людзьмі. І калі ў вас ёсць якіясьці, скажам, прыёмы па стрымліванню сябе... Падзяліцеся імі, калі ласка, з усімі.
Гляджу на назву сайта, а ў галаве круціцца ўвесь час слоган: “Быць здаровым – здорава!” А што для вас значыць – быць здаровым? Толькі фізічна? Фізічна і маральна? Правільна харчавацца? Наведваць трэнажорную залу ці фітнэс-клуб? Вельмі хацелася б прачытаць вашы думкі і разважанні на гэты конт.
Дарэчы, абяцаю, што наступны пост будзе не такім... м-м-м... афіцыйным ці што. Гэта я яшчэ проста саромеюся. Даруйце... Але задаваць пытанні – маё захапленне па жыцці! Гатова таксама адказаць на зададзеныя вамі.
І на заканчэнне – крыху пра сябе. Мяне завуць Святлана. Я журналіст і блогер. Жыву ў горадзе Чэрвені Мінскай вобласці. Давайце знаёміцца?! І яшчэ хацелася б даведацца, чым зацікавіў вас наш сайт “Здаровыя людзі” і хто, як і я, карыстаецца беларускай мовай у паўсядзённым ужытку.
Усім – прыемнага дня і сонейка ў душы!