Site icon Слушна

Псіхічнае здароўе дзяцей і падлеткаў. Фактары рызыкі, сімптомы, формы дапамогі

Наколькі стрэсагеннае сучаснае жыццё, добра сведчыць глабальная статыстыка СААЗ па распаўсюджанасці захворванняў. Пасля сардэчна-сасудзістых паталогій ідуць дэпрэсіўныя расстройствы. Прычым, у аднолькавай ступені гэта тычыцца як дарослых, так і дзяцей ды падлеткаў.

Улічваючы гэты факт, падчас Тыдня псіхічнага здароўя, які прайшоў у нашай краіне з 5 па 10 кастрычніка пад эгідай грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў», псіхічнае здароўе падлеткаў было пад асаблівай увагай.

Пісхічнае здароўе падлеткаў. Праца са спецыялістамі падчас Тыдня псіхічнага здароўя ў Беларусі.

Рэальнасць такая, што за апошнія 6 гадоў псіхічнае здароўе дзяцей і падлеткаў пагоршылася. Апытанне, праведзенае па ініцыятыве ЮНІСЕФ з удзелам 227,5 тысячы падлеткаў з 45 краінаў свету ва ўзросце 11, 13, 15 гадоў, паказала вынік, далёкі ад аптымістычнага.

Чвэрць з апытаных дзяцей паведамілі, што адчуваюць нервовае напружанне, прыступы раздражняльнасці і праблемы са сном не радзей за адзін раз на тыдзень. Амаль кожнае 5-е дзіця паказала дэпрэсіўную сімптаматыку, кожнае 4-е з агульнага ліку апытаных прызналася, што яго наведвалі думкі пра самагубства.

Характэрна, што з бацькамі сваімі перажываннямі дзеці дзеляцца далёка не ў першую чаргу. Таму дарослым варта праявіць асаблівую ўважлівасць, каб не прапусціць праблему, а часам – не дапусціць фатальнага развіцця падзей.

Пра сімптомы асноўных псіхічных расстройстваў сучасных дзяцей і падлеткаў распавяла псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера г.Мінска Вольга Маковіч-Праферэнка.

Сімптомы расстройстваў псіхікі ў падлетка

Згодна з вызначэннем СААЗ, псіхічнае здароўе – гэта стан дабрабыту, пры якім чалавек можа рэалізаваць свой уласны патэнцыял, спраўляцца са звычайнымі жыццёвымі стрэсамі, прадуктыўна і плённа працаваць, а таксама рабіць унёсак у жыццё сваёй супольнасці.

Калі ў дзіцяці цёплыя даверныя адносіны з роднымі, у сям'і яно адчувае сябе ў бяспецы, з задавальненнем ходзіць у сад ці школу, не адчувае вялікіх цяжкасцяў у вучобе і стасунках з аднагодкамі. З задавальненнем бярэ ўдзел у грамадскіх ініцыятывах і само іх праяўляе. Стыль яго паводзінаў не супярэчыць існуючым у грамадстве культурным перакананням і нормам. Тады можна меркаваць, што яго псіхічнаму здароўю нішто не пагражае.

Пытанні пачынаюцца, калі адзін ці некалькі пералічаных складнікаў даюць збой. З якімі расстройствамі псіхікі часцей за ўсё сустракаюцца дзеці і падлеткі і як зразумець, што патрэбная дапамога спецыяліста? Вольга Маковіч-Праферэнка пералічыла асноўныя фактары рызыкі і сімптомы.

  • Псіхатычныя станы, суіцыдальныя намеры і спробы.

– Псіхатычныя станы характарызуюцца тым, што дзіцяці штосьці падаецца, бачыцца, – тлумачыць эксперт. – Калі яно кажа, што чуе гукі, пры гэтым іх не чуеце вы, чуе галасы ўнутры сябе, бачыць нябачных звяркоў, нябачных сяброў альбо яго пераследуюць нейкія вобразы, якія палохаюць. Прычым, у інтэрпрэтацыі дзіцяці гэта рэальныя персанажы, якія прысутнічаюць у яго жыцці больш-менш рэгулярна.

Калі дзіця ці падлетак наўмысна наносіць сабе пашкоджанні (рэжа, драпае), кажа пра тое, што яму не хочацца жыць, дэманструе прыкметы дэпрэсіўнага стану, часта раздражнёны, вельмі неахвотна ідзе ў дзіцячы сад альбо школу, адмаўляецца кантактаваць і ўсяляк пазбягае стасункаў з аднагодкамі, сямейнікамі і іншымі сваякамі, гэта можа сведчыць пра суіцыдальныя намеры альбо спробы. У гэтых выпадках абавязкова патрэбная кансультацыя спецыяліста: псіхіятра, псіхатэрапеўта ці хаця б псіхолага, каб зразумець, чым выкліканы такі стан дзіцяці, і вызначыцца з тым, як яму можна дапамагчы.

  • Неўратычныя рэакцыі.

Пры такім стане ў дзіцяці ў першую чаргу пакутуе эмацыянальны фон, настрой заўсёды ці амаль заўсёды «на нулі».

– Калі вы бачыце, што дзіця ўвесь час сумнае, раздражнёнае, у яго знік апетыт, яно дрэнна спіць па начах, зрабілася апатычным, замкнёным і абыякавым, яму не прыносіць радасць тое, што звычайна цешыла, – гэта падстава задумацца пра стан яго псіхічнага здароўя і пракансультавацца ў спецыяліста, – папярэджвае Вольга Маковіч-Праферэнка.

  • Расстройствы развіцця школьных навыкаў.

Нягледзячы на намаганні педагогаў, бацькоў і самога дзіцяці, вучоба яму не даецца. Не дапамагаюць ні рэпетытары, ні дадатковыя заняткі. Дзіця грунтоўна не ўмее ні чытаць, ні лічыць, ні пісаць. І праблема, відавочна, не ў яго нежаданні вучыцца, бо яно прыкладае ўсе намаганні, а ў тым, што яно не ўспрымае і не засвойвае інфармацыю. Як ні дзіўна, прычына можа крыцца ў псіхічных парушэннях, і тут неабходная дапамога псіхіятра.

  • Расстройствы паводзінаў.

Сімптомы расстройстваў паводзінаў вельмі шматлікія, – кажа Вольга Маковіч-Праферэнка. – Ад паталагічнай няўседлівасці і няўважлівасці да крадзяжу ў школе і дома, агрэсіі ў адносінах да аднагодкаў, бацькоў, навакольных. У гэтым выпадку кансультацыя псіхіятра адназначна не пашкодзіць. Важна зразумець: зварот да спецыяліста зусім не азначае, што дзіця мае пэўныя сур'ёзныя псіхічныя парушэнні. Але калі ёсць пэўныя адхіленні, яны паспяхова карэктуюцца пры раннім выяўленні.

  • Праблемы выхавання.

Рознагалоссі паміж бацькамі ў метадах выхавання і частыя канфлікты, развод, «дзяльба» дзіцяці, складанасці ў пераходным перыядзе могуць негатыўна адбівацца на яго псіхіцы. Змена настрою і паводзінаў, пагаршэнне ў вучобе, страта апетыту, апатыя ці, наадварот, дэманстратыўна выклікальныя паводзіны на фоне апісаных падзей – нагода па меншай меры для гутаркі з псіхолагам.

  • Навязлівыя станы.

Навязлівы стан выяўляецца ў «рытуальных» дзеяннях і думках, якія патрабуюць іх абавязковай рэалізацыі. Напрыклад, падлетак часта і доўга мые рукі з дбайнасцю хірурга перад аперацыяй, бо панічна баіцца падчапіць інфекцыю. Ён робіць рытуальныя дзеянні пэўнага характару для таго, каб «абараніцца» ад навакольнага асяроддзя: напрыклад, ходзіць толькі па белых плітках тратуара, альбо яму трэба абавязкова тры разы павярнуцца вакол сябе, перш чым выйсці з дому, інакш здарыцца штосьці дрэннае, і г.д. Навязлівы стан – абавязковая падстава звярнуцца да ўрача па кансультацыю.

  • Энурэз (нетрыманне мачы) і энкапрэз (каламазанне).

– У аснове гэтых парушэнняў таксама можа быць псіхічны складнік. Але перш чым ісці да спецыяліста, неабходна прайсці дбайнае абследаванне па саматычным стане дзіцяці: у педыятра, гастраэнтэролага, хірурга і ўролага, бо энурэз і энкапрэз могуць быць выкліканыя рознымі саматычнымі паталогіямі, – тлумачыць эксперт. – Калі вузкі спецыяліст робіць заключэнне пра аб'ектыўнае фізічнае здароўе, толькі тады трэба звяртацца па дапамогу да псіхіятра.

  • Рэакцыя на стрэс.

Негатыўнае ўздзеянне на псіхіку могуць аказваць розныя стрэсавыя сітуацыі. Траўматычным для дзяцей можа быць вопыт сутыкнення з агрэсіўным (ці нават не) сабакам. І потым дзіця баіцца ўсіх сабак. Хтосьці з незнаёмых дарослых аблаяў ці нават пакараў, а бацькоў побач не было. Таксама можа быць стрэс і, адпаведна, рэакцыя на яго. Сварка бацькоў, смерць кагосьці вельмі блізкага, негатыўныя падзеі, якія адбываюцца ў краіне і свеце... Усё гэта можа выклікаць стрэс у дзяцей і падлеткаў.

– Рэакцыя на стрэс можа выяўляцца ў тым, што дзіця робіцца раздражняльным, спалоханым. Знікае апетыт, сон трывожны, дзіця задае не ўласцівыя для яго ўзросту і звычайнага настрою пытанні, – пералічвае Вольга Маковіч-Праферэнка. – Часам у такіх сітуацыях бацькі кажуць: «Я не магу пазнаць сваё дзіця». З аднаго боку, гэта можна спісаць на сталенне, з другога – гэта можа быць рэакцыя на стрэс, праявы расстройства паводзінаў, дэпрэсіўнага расстройства. Разабрацца можа толькі спецыяліст.

  • Расстройства прыёму ежы (адмова ад ежы, пераяданне).

Частае расстройства псіхікі ў дзяцей і падлеткаў. Па дадзеных ЮНІСЕФ, лішняя вага альбо атлусценне мае кожны 5-ы падлетак у свеце. Пераважна гэтая праблема распаўсюджаная сярод хлопчыкаў і падлеткаў малодшага ўзросту. Пры гэтым кожны 4-ы падлетак (асабліва дзяўчынкі) лічыць сябе тоўстым.

– Трэнд на стройнае, без «грама лішняга тлушчу» цела дагэтуль папулярны ў свеце. Худзізна як прыкмета прыгажосці настойліва транслюецца папулярнымі сярод сучасных падлеткаў сацсеткамі, – лічыць урач.

І дадае:

Пачынаючы ўжо з узросту 12-13 гадоў, многія падлеткі свядома абмяжоўваюць сябе ў ежы. У некаторых развіваецца харчовае расстройства, якое патрабуе дапамогі ўрача-спецыяліста. Адмова ад сумеснага прыёму ежы з сям'ёй з розных прычынаў, рэзкае пахудзенне, дрымотнасць, слабасць, апатыя, паход у прыбіральню адразу пасля прыёму ежы – усё гэта павінна насцярожыць бацькоў і, у канчатковым выніку, пры неабходнасці прывесці з падлеткам на кансультацыю да псіхатэрапеўта альбо псіхіятра.

Псіхалагічная і псіхіятрычная дапамога дзецям і падлеткам

Дапамогу дзіцячага псіхолага альбо псіхатэрапеўта можна атрымаць у любым горадзе, дзе пражывае падлетак.

Перш за ўсё, практычна пры кожнай дзіцячай паліклініцы працуюць Цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў, дзе на ўсе пытанні можна атрымаць кансультацыю як ад псіхатэрапеўта, псіхолага, так і ад «вузкіх», профільных урачоў-спецыялістаў.

У кожным абласным цэнтры ёсць псіханеўралагічныя дыспансеры, дзе прыём вядуць таксама і дзіцячыя спецыялісты.

У Мінску дзіцячыя псіхіятры, псіхатэрапеўты і медыцынскія псіхолагі вядуць прыём на базе Гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера па адрасах: вул.Лучыны, 6; вул.Адзінцова, 63, корп.2.

Запісацца на прыём і атрымаць дадатковую інфармацыю можна па тэлефонах: +375 (17) 320-88-71, +375 (17) 397-37-15,  альбо на сайце www.gkdpnd.by

Акрамя таго, працуюць тэлефоны даверу і экстранай псіхалагічнай дапамогі: +375 (17) 263-03-03, 8-801-100-16-11.

Званкі абсалютна канфідэнцыяльныя і ананімныя. Патэлефанаваць на тэлефон даверу ці экстранай псіхалагічнай дапамогі можа як сам падлетак, так і дарослыя, якія маюць цяжкасці ў стасунках са сваімі дзецьмі і іх выхаванні.

Медыцынскія псіхолагі, якія працуюць на лініі, дапамогуць вырашыць праблемы альбо, пры немагчымасці аказання завочнай дапамогі, падкажуць, куды звярнуцца па атрыманне вочнай кансультацыі.

– Не трэба баяцца прыёму ў псіхіятра. Пераважная большасць расстройстваў псіхікі паспяхова карэктуецца і ніяк не ўплывае на будучыню дзяцей і падлеткаў, – перакананая Вольга Маковіч-Праферэнка. – Чым раней бацькі і дзеці прыйдуць на прыём да спецыяліста, тым хутчэй будзе распачатае лячэнне, тым вышэйшыя шанцы на поўнае аднаўленне. І, мушу сказаць, што частка дзяцей і падлеткаў, якія звярнуліся да нас на прыём, не маюць псіхічных расстройстваў і лёгка пазбаўляюцца ад праблемаў падчас работы з псіхолагам.

Exit mobile version