Site icon Слушна

Снегіры – птушкі дзяцінства

Снягір

«Ну калі ласка, няхай ты акажашся снегіром!» – маўкліва ўпрошвала я птушку, якая сядзела практычна на самай макаўцы дрэва з «завушніцамі» насення.

Вызначыць, хто гэта – гарэза-верабей, шчабятуння-сінічка ці сапраўды чырванагруды снягір, пакуль не ўяўлялася магчымым. Бо далекавата было. І высакавата. Да таго ж, на мяккіх лапах паціху падкрадаўся змрок. І толькі абрысы птушкі былі бачнымі на фоне блакітнавата-шэрага нізкага неба…

А мне так хацелася, каб гэта ўсё ж такі быў снягір!

Галоўнае, менавіта на гэтых дрэвах, што растуць паабапал вуліцы Барыкіна ў Чэрвені, яны дазваляюць пабачыць сябе ўжо некалькі гадоў запар. Хаця знаёмыя з многіх гарадоў, у тым ліку і правінцыйных, не бачылі гэтых заваблівых птушачак ужо даволі даўно.

Між тым, адлегласць паміж мной і дрэвам імкліва скарачалася, бо я ўсё паскарала хаду, баючыся, што птушка проста паляціць. Але не! Яна мяне дачакалася. Снягі-і-і-і-ір! Урр-р-р-рр-а!!! Гэта сапраўды аказаўся ён! Сядзеў ужо ў паўзмроку ў гордай адзіноце. Ці то чакаў сваіх сябрукоў, ці то проста пераводзіў дух перад пералётам у іншае месца.

А вы любіце назіраць за снегірамі?! І як даўно бачылі іх? Гэта ж колькі станоўчых эмоцый яны выклікаюць! І радасць, і шчасце, і задавальненне… А якая асалода для вачэй! Здаецца, і сэрца пачынае біцца шпарчэй, бы на спатканні з каханым чалавекам. І ўсе нягоды сапраўды некуды адыходзяць…

Вось так бы стаяла б і любавалася ім – доўга-доўга! Але ж змяркалася. І так людзі, пабачыўшы мяне з задранай галавой, пачыналі глядзець туды ж. Маўляў, што там цікавага?! Хто не бачыў, той проста пытаўся. А пачуўшы, што да нас нарэшце прыляцелі снегіры, мімаволі ўсміхаўся. Абыякавых не было! Як і сярод сяброў-блогераў, з якімі я ўжо традыцыйна дзялюся сваёй радасцю ад прылёту гэтых птушак.

…Год таму іх было даволі шмат на нашых дрэвах на вуліцы Барыкіна. Спадзяюся, сёлета іх не меней, і я яшчэ абавязкова пабачу ўсіх. А летась гэта выглядала так.

А ўвогуле, у мінулым годзе снегіры здзівілі нас яшчэ і ўвесну! 27 сакавіка прыляцелі пад самае наша акно! Уселіся на старую алычу і там фактычна абжыліся. Так прыемна было назіраць за імі!

Усё ж такі валодаюць гэтыя птушкі нейкай дзівоснай магіяй. І мы вельмі ўдзячныя ім за тое шчасце, што яны дораць адным толькі з’яўленнем. Са сваімі чырвонымі грудкамі снегіры выглядаюць так урачыста і святочна! Здаецца, нават выпраменьваюць  цяпло…

А яшчэ выклікаюць прыемныя ўспаміны дзяцінства. Калі снягі былі вялікімі і пульхнымі, а снегіры ў вёсцы – не гасцямі, а гаспадарамі. Кожную зіму. Тады дрэвы ці кусты былі літаральна ўсыпаны шэра-чырвонымі шарыкамі. А гронкі рабіны ці каліны абавязкова нарыхтоўваліся з восені – для снегіроў. І мы з нецярплівасцю чакалі, калі ж у кармушкі можна будзе пакласці гэты пачастунак. І радаваліся, калі ён аказваўся запатрабаваным…

А да вас прыляцелі ўжо снегіры?!

Exit mobile version