«Фраза «мірны атам» для нас не клішэ, а сапраўды праца, калі з дапамогай іянізуючага выпраменьвання мы дамагаемся паляпшэння вынікаў у лячэнні пацыентаў анкалагічнага профілю», – адзначыў на прэс-канферэнцыі галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансэра Уладзімір Каранік. Ён дадаў, што сучасная прамянёвая тэрапія дазваляе палепшыць лячэнне анкалагічных пацыентаў у цэлым на 10%. Улічваючы лічбы захворвання, гэта тысячы выратаваных жыццяў.
Паводле яго слоў, у 2017 годзе ў анкадыспансэры быў уведзены ў эксплуатацыю новы радыелагічны корпус, на базе якога сёння функцыянуе найбуйнейшае ў Еўропе аддзяленне ядзернай медыцыны. Пры яго праектаванні і будаўніцтве ўлічваліся асноўныя пастулаты бяспекі – бяспека навакольнага асяроддзя, персаналу і пацыента. На сёння ў гэтым корпусе дзейнічае самая сучасная сістэма бяспекі і жыццезабеспячэння, якая атрымала высокую ацэнку ў ходзе нядаўняга маніторынгу МАГАТЭ.
Уладзімір Каранік распавёў таксама, што сёння ў дыспансэры вядзецца актыўная работа па ўводу ў эксплуатацыю новага корпуса, дзе будзе размешчаны вялікі парк дыягнастычнага і лячэбнага радыелагічнага абсталявання.
Гаворка ідзе пра тры камп'ютарныя тамографы, чатыры лінейныя паскаральнікі. Гэта дазволіць забяспечыць даступнасць дыягнастычнай і лячэбнай дапамогі не толькі для насельніцтва Мінска, але і бліжэйшых рэгіёнаў.
Пра самы сучасны метад дыягностыкі захворванняў, у першую чаргу анкалагічных – пазітронна-эмісійнай тамаграфіі – распавёў загадчык Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Валерый Сінайка.
Метад сумяшчае даследаванне анатамічнай структуры і функцыі органа або тканкі. Выкарыстанне ў дыягностыцы ПЭТ дазваляе выявіць змены пухліннага працэсу яшчэ на стадыі, калі адбываюцца толькі функцыянальныя змены непасрэдна ў самой пухліне. Дарэчы, на пачатку гэтага года такую дыягностыку прайшло больш за 18 тыс.пацыентаў.