Па даных навукоўцаў, больш за 70% натуральнай радыяцыі, назапашанай чалавекам, прыпадае на прадукты харчавання і ваду. Органамі і ўстановамі дзяржаўнага санітарнага нагляду ажыццяўляецца кантроль за прадуктамі, што ўжываюць жыхары рэспублікі, на ўтрыманне радыенуклідаў. Найбольшую насцярожанасць выклікаюць ягады, грыбы, а таксама мяса дзікіх жывёл і рыба мясцовага ўлову.
Ягады
Узровень забруджвання ягад радыенуклідамі залежыць ад біялагічных асаблівасцей расліны. Больш за ўсё радыенуклідаў назапашваюць журавіны і чарніцы, далей ідуць каліна, рабіны, суніцы, ажына, маліны, брусніцы, дурніцы. Нарыхтоўка дзікарослых ягад дапускаецца ў лясах са шчыльнасцю забруджвання глебы да 2 Кі/км? (з абавязковай праверкай на ўтрыманне радыенуклідаў).
Займаючыся нарыхтоўкай лясных ягад, неабходна памятаць:
- пры аднолькавай шчыльнасці забруджвання глебы назапашванне цэзію-137 вышэйшае ў ягадах, што растуць у вільготных умовах;
- пры аднолькавай шчыльнасці забруджвання глебы назапашванне цэзію-137 вышэйшае ў ягадах, што растуць у хваёвых лясах (мінімальнае назапашванне радыяцыі адзначаецца ў ліставых);
- перад ужываннем неабходна ачысціць ягады ад імху, глебы і некалькі разоў прамыць пад праточнай вадой;
- прыгатаванне варэння і кампоту не змяняе агульнае ўтрыманне цэзію-137.
Грыбы
Большасць відаў ядомых грыбоў нават у адносна «чыстых» лясах здольныя канцэнтрыраваць радыенукліды ў дозах, небяспечных для здароўя. Асноўная колькасць радыенуклідаў змяшчаецца ў верхнім слоі лясной падсцілцы таўшчынёй 3-5 сантыметраў, астатняя частка – ў верхнім слоі глебы.
Па здольнасці назапашваць цэзій-137 грыбы дзеляць на чатыры групы:
1) грыбы-акумулятары (гаркуша, каўпак кольчаты (курачка), свінуха, грыб польскі, масляк, махавік жоўта-буры). У пладовых целах гэтых грыбоў нават пры забруджванні глебы, блізкіх да фонавага значэння (0,1-0,2 Кі/км?), ўтрыманне цэзію-137 можа перавышаць дапушчальны ўзровень; збор не рэкамендуецца;
2) грыбы, што моцна назапашваюць (грузды, ваўнянка ружовая, зялёнка, сыраежкі). Збіраць можна пры шчыльнасці забруджвання глебы да 1 Кі/км? з абавязковым радыеметрычным кантролем;
3) грыбы, што сярэдне назапашваюць (лісічка, радоўка, белы грыб, падбярозавік, чырвонагаловік);
4) грыбы, што слаба назапашваюць (апенька восеньская, грыб-парасон стракаты, порхаўка жамчужная).
Пры нарыхтоўцы грыбоў неабходна памятаць:
- у капялюшыках канцэнтрацыя цэзію-137 вышэй, чым у ножках;
- перад прыгатаваннем неабходна пачысціць грыбы ад імху, глебы; у некаторых відаў неабходна зняць з капялюшыка скурку;
- знізіць утрыманне радыенуклідаў можна, калі адварыць грыбы ў салёнай вадзе з даданнем воцату альбо лімоннай кіслаты. Пры гэтым зліваць адвар трэба праз кожныя 15 хвілін. Пры такой апрацоўцы сыраежак, зялёнак, радовак і ваўнянак на працягу 30 хвілін канцэнтрацыя радыецэзію зніжаецца ў 2-10 разоў. Трубчастыя грыбы (падбярозавік, баравік, польскі грыб, чырвонагаловікі) адварваюць 45 хвілін;
- пры сушцы ўтрыманне радыенуклідаў не зніжаецца.
Рыбалка
Дазваляецца на тэрыторыі з шчыльнасцю забруджвання глебы радыецэзіем да 15 Кi/ км?. Рыбу рэкамендуецца лавіць у рэках і праточных вадаёмах. Больш за ўсё цэзію-137 назапашваюць прыдонныя і драпежныя рыбы (карась, карп, лінь, акунь, шчупак, сом), менш – насельнікі верхніх слаёў вады (лешч, судак і інш.). Перад прыгатаваннем рыбу трэба старанна ачысціць, вымыць, абавязкова выдаліць галаву, плаўнікі і ўнутранасці.
Паляванне
Дапускаецца на тэрыторыях з шчыльнасцю забруджвання да 5 Кі/км?
(З выбарачным кантролем мяса дзікіх жывёл). У паляўнічых угоддзях з шчыльнасцю забруджвання ад 5 да 15 Кi/км? праверка мяса на ўтрыманне радыенуклідаў абавязковая. Мяса дзікіх птушак з-за іх міграцыі на вялікія адлегласці неабходна правяраць на ўтрыманне радыенуклідаў нават пры здабычы на тэрыторыі з шчыльнасцю забруджвання глебы цэзіем-137 да 1 Кі/км?. Ва ўгоддзях з шчыльнасцю забруджвання глебы цэзіем-137 звыш 15 Кi/ км? паляванне забаронена.
Пры апрацоўцы мяса дзікіх жывёл неабходна памятаць:
- канцэнтрацыя цэзію-137 ва ўнутраных органах вышэйшая;
- ўзровень радыеактыўнага забруджвання можна знізіць шляхам засолкі мяса;
- рэкамендуецца прамываць мяса пад праточнай вадой, а таксама вымочваць у саляным растворы;
- сала змяшчае менш радыенуклідаў, чым мяса;
- знізіць канцэнтрацыю радыеактыўных рэчываў можна пры дапамозе адварвання. Зліваць адвар абавязкова пасля 10-хвіліннага кіпячэння.
Кантроль радыяцыі
Пасля чарнобыльскай катастрофы ў рэспубліцы створана сістэма радыяцыйнага кантролю, што ўключае:
- дзяржаўны кантроль;
- ведамасны кантроль (лабараторыі міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, лясной гаспадаркі);
- грамадскі кантроль (мясцовыя цэнтры радыяцыйнага кантролю).
Дзякуючы працы каля 1 000 лабараторый радыяцыйнага кантролю цалкам выключаная пастаўка для гандлю прадуктаў, што утрымліваюць радыенукліды звыш дапушчальных узроўняў.
Дзе вызначыць забруджванне прадукцыі:
- у цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі;
- лабараторыях радыяцыйнага кантролю лясгасаў, размешчаных на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, што займаюцца вымярэннем утрымання радыенуклідаў у лясной прадукцыі;
- лабараторыях радыяцыйнага кантролю, размешчаных
на кірмашах; - мясцовых цэнтрах радыяцыйнага кантролю.
Правілы набыцця на кірмашы
- Пераканайцеся, што ў прадаўца ёсць сертыфікат на прадукцыю, выдадзены лабараторыяй радыяцыйнага кантролю кірмашу.
- Не набывайце прадукцыю (асабліва дары лесу) на стыхійных кірмашах альбо ўздоўж трас (ніхто не дасць гарантыю, што ўтрыманне радыенуклідаў будзе ў дапушчальных межах).
- Пры набыцці ў прадаўцоў, якія не маюць сертыфіката, самі праверце прадукты ў бліжэйшай лабараторыі радыяцыйнага кантролю.
Аўтар: Валерыя Самкова, урач-гігіеніст аддзялення радыяцыйнай
гігіены і бяспекі РЦГЭіГЗ.