Рак поласці носа і каляносавых пазух – не самая распаўсюджаная паталогія ў нашай краіне, але мае вельмі цяжкія наступствы. Каб выдаліць пухліну, людзям выконваюць аперацыі, якія калечаць, абязвечваюць твар. І гэта не абараняе ад рэцыдыву – у кожным другім выпадку рак можа вярнуцца. Але калі звярнуцца да анколага на першай і другой стадыях захворвання, такая траўмуючая аперацыя не спатрэбіцца, якасць жыцця будзе захавана і праз тыдзень можна будзе ісці на працу. Бяда ў тым, што на ранняй стадыі звяртаюцца толькі 30% пацыентаў.
Якія сімптомы павінны насцярожыць? Хто ў групе рызыкі? На якое лячэнне можна разлічваць сёння? Распавядае Міхаіл Макарэвіч, анколаг-хірург РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім.М.М.Аляксандрава.
Рак поласці носа
Усяго на ўліку ў РНПЦ АМР знаходзіцца больш за 350 чалавек з ракам каляносавых пазух і поласці носа, а ў год выяўляецца больш за 70 новых выпадкаў. 70% пацыентаў звяртаюцца да анколагаў на трэцяй і чацвёртай стадыі хваробы. Чаму так адбываецца?
– Гэтае захворванне характарызуецца доўгім бессімптомным цячэннем. Часта пацыенты позна звяртаюцца па дапамогу, маўляў, падумаеш, нос увесь час цячэ, і ідуць да ўрача толькі калі зусім не могуць дыхаць або пачынаюцца болі, – тлумачыць Міхаіл Макарэвіч. – Аднак і ранні зварот не заўсёды гарантуе вынік з-за няправільнай дыягностыкі ў першасным звяне аховы здароўя. У паліклініках нашых пацыентаў могуць доўга і безвынікова лячыць ад рынітаў, сінусітаў і гаймарытаў. Хранічныя запаленчыя змены слізістай абалонкі носа і прыдатачных пазух якраз могуць быць фонам для развіцця пухліны. Таму варта прызначаць дадатковыя даследаванні з выкарыстаннем камп'ютарнай і магнітарэзананснай тамаграфіі, рынаскапіі і фібраскапіі, выконваць біяпсію. У сукупнасці з візуальным аглядам пацыента, пальпацыяй шыі і твару гэта дасць поўную карціну. Адсутнасць онканасцярожанасці ў отарыналарынгалогіі, саміх людзей і прыводзіць да таго, што пацыенты трапляюць да нас у запушчаным стане.
Аперацыі
Захворванне лечыцца толькі хірургічна.
– Гэтыя пухліны характарызуюцца распаўсюджваннем на суседнія органы, – кажа ўрач. – Пры чацвёртай стадыі захворвання выконваюцца адкрытыя аперацыі: адлучаюцца тканкі твару, выдаляецца пярэдняя сценка верхнясківічнай пазухі, каб дабрацца да пухліны. Гэта вельмі траўмуючыя аперацыі, пасля якіх якасць жыцця значна пагаршаецца. Чалавек дыхае, але нос ужо не выконвае сваіх функцый, бо ўсе яго анатамічныя структуры выдаленыя, пад ім – пустата. З-за гэтага дэфармуецца твар, пашкоджанне альвеялярнага нерва вядзе да страты адчувальнасці верхніх зубоў. Пасля аперацыі праводзіцца прамянёвая і хіміятэрапія. Гэта абмяжоўвае магчымасці наступнай рэабiлiтацыi: да прыкладу, немагчыма рэканструяваць твар, бо зноў перамешчаныя тканкі дрэнна прыжываюцца.
Лячэнне раку на першай, другой і часткова трэцяй стадыі – не такое траўматычнае. Новае эндаскапічнае абсталяванне ў РНПЦ АМР дазваляе сёння рабіць аперацыі праз поласць носа, гэта значыць, без разрэзаў на твары, якія абязвечваюць, і выдалення касцяных структур, максімальна беражліва да навакольных тканак.
– Прымяненне эндаскапічных методык дапамагае максімальна захаваць анатамічныя структуры носа. Пасля такіх аперацый практычна праз тыдзень чалавек можа выйсці на працу. Якасць яго жыцця радыкальна не пагаршаецца. Але гэта магчыма толькі на ранніх стадыях захворвання, таму так важная своечасовая дыягностыка, – падкрэслівае Міхаіл Макарэвіч.
Небяспечныя сімптомы раку носа
Што павінна насцярожыць людзей?
– У першую чаргу, працяглая закладзенасць носа або працяглы насмарк, – тлумачыць доктар. – Насмарк, сінусіт павінны праходзіць за 1-2 тыдні. Калі ж, нягледзячы на прызначанае медыкаментознае лячэнне, закладзенасць і выдзяленні з носа не знікаюць, трэба насцярожыцца і звярнуць на гэта ўвагу лор-урача. Самалячэннем у такіх выпадках лепш не займацца. Таксама раннімі сімптомамі пухліны могуць быць гнойныя смуродныя вылучэнні з носа, болечкі на яго слізістай, перыядычна з'яўляюцца спантанныя насавыя крывацёкі, парушэнне ўспрымання пахаў, пачуццё іншароднага цела ў носе, запаленне сярэдняга вуха (атыт). Калі пухліна носа пачынае прарастаць у суседнія органы, могуць узнікаць болі ў вобласці насавых пазух, пагаршацца зрок. Зубны боль у здаровых зубах таксама можа сведчыць пра рост пухліны. Бывае, пацыенты пралечаць усе зубы, а боль у сківіцы не праходзіць. Звярніце ўвагу ўрача на гэта, няхай вам прызначаць КТ.
Памятайце пра горшае – тады ў вас усё будзе добра, раяць анколагі. Своечасова лячыце і выдаляйце новаўтварэнні поласці носа, якія маюць тэндэнцыю да злаякаснасці (пераходна-клеткавая папілома і адэнома).
Групы рызыкі
Асабліва пільнымі варта быць людзям, чыя праца звязана з драўняным пылам, нікелевымі рудамі, лакамі і фарбамі, а таксама тым, хто паліць.