Шмат каму вядомы аграгарадок Ракаў у Валожынскім раёне Мінскай вобласці за 30 км ад сталіцы. Упершыню паселішча з такой назвай згадваецца ў XIV стагоддзі як вялікакняскае ўладанне, а ўжо ў сярэдзіне XVI стагоддзя – як мястэчка. Але тут мы не будзем распавядаць гісторыю. Нас цікавіць цудадзейны абраз Божай Маці і не менш цудадзейная крыніца.
Пачнём з апошняй. Яна знаходзіцца на ўсходняй ускраіне Ракава. Каля дарогі Ракаў – Кучкуны, якая злучае населены пункт з аўтамагістраллю Мінск – Гродна. А ад Мінска да Ракава ўсяго 20 хвілін на аўтамабілі.
Мясцовая легенда адносіць узнікненне крыніцы да XV стагоддзя і распавядае пра адзінокага хворага і сляпога чалавека. У роспачы ад сваёй бяды ён пайшоў на ўсход ад мястэчка і, заблукаўшы ў лесе, стаў маліцца. Раптам пачуў цурчэнне вады.
Гэта была лясная крынічка, якая прабілася з-пад дрэва. Сляпы спатоліў смагу, прамыў твар і стаў відушчым. На дрэве, з-пад якога бруілася крыніца, ён убачыў абраз Божай Маці з немаўлём на руках, ад якога сплывала незвычайнае святло.
Другі варыянт старадаўняй легенды ўдакладняе, што сляпому ўва сне пачуўся голас самой Дзевы Марыі. Яна загадала яму ісці ў патрэбным напрамку, спыніцца каля высокага дрэва і капаць там зямлю. Што чалавек і зрабіў. А як толькі ён усадзіў у зямлю рыдлёўку, адтуль умомант забруіла крынічка. Далей усё, як і ў першым варыянце.
Потым легенда распавядае пра тое, што стары пабудаваў на месцы, дзе адбылося ягонае цудадзейнае ацаленне, невялікую цэркаўку і змясціў туды абраз Божай Маці, упрыгожаны срэбнай рызай і разьбяным акладам. З тых часоў людзі пачалі хадзіць сюды лекаваць хворыя вочы.
Сцвярджаюць таксама, нібыта аднекуль здалёк прыязджала да крыніцы зусім сляпая княгіня і, калі прамыла вочы, адразу ж
зрабілася відушчай.
Як сведчаць архіўныя дакументы, у XVIII стагоддзі ўніяцкі мітрапаліт стварыў нават камісію па даследаванні сапраўднасці цудаў гэтай крыніцы і дазволіў пабудаваць тут новую Крыжаўздзвіжанскую царкву. Пачынаючы ад Вялікадня і да Уздзвіжання з мястэчка ад Спаса-Прэабражэнскай царквы да крыніцы ішоў хросны ход кожную маладзіковую нядзелю. Асабліва шмат людзей збіралася наУздзвіжанне – па праваслаўнаму абраду 27 верасня.
Яшчэ ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя крыніца служыла людзям. Тут стаяла драўляная царква і агароджа з цагляных слупоў і жэрдак. А над крыніцай была ўзведзена адкрытая мураваная каплічка. На жаль, у часы хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі царкву і каплічку зруйнавалі.
Крыніцу таксама некалькі разоў спрабавалі знішчыць: праводзілі вакол меліярацыйныя работы, падкопвалі яе, атручвалі ваду хімікатамі. Але крыніца выстаяла, не знікла і працягвае сёння лячыць людзей. Больш за тое, вада з яе нікуды не ўліваецца: з’яўляецца з зямлі і праз 150 м зноў сыходзіць у зямлю.
У 2008 годзе крыніца была абвешчана помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Сёння яна бярэ пачатак з-пад вярбы і плынню выбіваецца на лузе, дзе ўзята ў трубу перад адкрытай мураванай капліцай з крыжам усярэдзіне. Побач прыступкі і рэшткі старога падмурка ад разбуранага храма. Жыхары Ракава гэтую мясціну называюць “У Крыжы”. Апошнія гады храм і браму-званіцу пачалі адбудоўваць.
Правялі хімічны аналіз вады, ён выявіў шматлікую колькасць іонаў срэбра. Колькасць нітрытаў і нітратаў апынулася значна ніжэйшаю за дапушчальную канцэнтрацыю для пітной вады. Тэмпература вады ў крыніцы заўжды 10,8 градусаў па Цэльсію. Як і раней, так і сёння людзі ўпэўнены: вада дапамагае хворым вачам.
А што з цудатворным абразом Ракаўскай Божай Маці?
Па некаторых звестках, абраз мог быць каранаваны, і яго ўшаноўвалі людзі розных хрысціянскіх канфесій.
На жаль, арыгінал яго бясследна знік. Падчас Першай сусветнай вайны святыню эвакуявалі ў Расію, і з тых часоў яе больш ніхто не бачыў. Затое цяпер у ракаўскім Спаса-Праабражэнскім храме захоўваецца копія гэтага цудатворнага абраза, зробленая ў ХІХ—ХХ стагоддзях. І з тых часоў, як сцвярджаюць вернікі, святыня дапамагае людзям пазбыцца хвароб вачэй. Але не толькі.
Просяць у яе ацалення ад розных напасцяў. Сярод іх і анкалогія, і алкагалізм, і наркаманія, і сардэчна-сасудзістыя захворванні, і бяздзетнасць, і шмат што іншае. Вернікі ўпэўнены: што ні папросіш у святыні, яна дапаможа. Толькі прасіць трэба шчыра і з вераю – шчырая малітва цуды робіць.
Ну і безумоўна, людзі не забываюць пра другую ракаўскую святыню – цудадзейную крынічку. Абраз жа з’явіўся менавіта на ёй! Таму гэтыя дзве каштоўнасці непадзельныя адна ад другой. Яны аднолькава суцяшаюць усіх, хто трывае душэўныя і фізічныя пакуты, збочыў з праведнага шляху, пакутуе ад самотнасці.