Site icon Слушна

Чым чапляе новы праект Андрэя Вераб’ёва і Аксаны Еўдакіменка?

У мінскай арт-гасцёўні «Высокае месца» адкрылі выстаўку скульптуры і жывапісу «Перл». На ёй прадстаўлены больш за 40 работ майстроў з Магілёва. Філасофскія разважанні знайшлі ўвасабленне ў скульптурах Андрэя Вараб'ёва і на палотнах Аксаны Еўдакіменка.

Выстаўка

Выстаўка рознапланавая. У ёй аб'яднана скульптура, якая ў асноўным закранае дзве тэмы — аўтапартрэт і тэму кахання. У жывапісе Аксаны Еўдакіменка прадстаўлена на вельмі многіх работах яе дачка Адэлаіда, а таксама адлюстраваны пейзажы і абстрактныя работы.

Большасць карцін выкананы ў аднойкаляровай гаме, ад гэтага яны становяцца яшчэ цікавей, бо нягледзячы на іх агульны візуальны канцэпт, усё роўна адрозніваюцца. І ў кожнай рабоце наведвальнікі могуць разгледзець штосьці ўласнае, патаемнае.

Перл – неверагодна шматзначнае слова. Паходзіць ад французскага perle – жамчужына. Андрэй Вераб’ёў і Аксана Еўдакіменка налічылі больш за 10 яго значэнняў. Два з іх лепш за ўсё адлюстроўваюць канцэпцыю выстаўкі.

Перл – гэта каханне мужчыны і жанчыны, якое матэрыялізавалася ў новай асобе, па-свойму падобнай да абодвух, іх улюбёнае дзіця, лепшае за іх, як ім падаецца. Перл – гэта мастацкі твор, жывапісны альбо скульптурны, які прайшоў стадыі пакут, пошукаў, сумненняў, побытавых праблем, тэхналагічных працэсаў, але здзейсніўся.

Андрэй Вераб’ёў – выпускнік Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.  Сам мастак пра сваю творчасць кажа так: «Аўтапартрэт для мяне – нагода паразважаць пра жыццё. Пра маё жыццё і пра жыццё кожнага чалавека. Пра хуткаплыннасць гэтага жыцця, пра яго непаўторнасць, тонкасць і прыгажосць».

Па словах скульптара, лінія кахання – гэта разважанні пра з’яднанне ў адно цэлае, пра святасць, пра палёт, пра прыгажосць, пра гармонію двух падобных і адначасова супрацьлеглых істот. Апроч тонкіх філасофскіх і пачуццёвых работ Андрэй Вераб’ёў знакаміты шэрагам гарадскіх скульптур, якія палюбіліся жыхарам Магілёва, Быхава, Шклова і іншых гарадоў. Магілёў упрыгожваюць каля дзясятка скульптур Андрэя Вараб'ёва, а таксама мемарыяльныя дошкі ў гонар вядомых дзеячаў культуры.

У кожную работу скульптар уклаў часцінку сваёй душы. Прыдумляючы сюжэт кампазіцыі, ён разважае як чалавек мастацтва, які бачыць прыгожае нават у самых штодзённых рэчах.

У мастачцы Аксане Еўдакіменка спалучаюцца знешняя далікатнасць і ўнутраная сіла, жаночы і мужчынскі пачаткі. І сама аўтар, і яе работы захапяюць пяшчотнасцю з першага погляду. Лёгкія, нібыта празрыстыя сны, жывапісныя творы выпускніцы мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя П.М. Машэрава быццам пранізаны ўнутраным святлом, няспешным сузіраннем рухаў душы. Пейзажы мастачкі выклікаюць адчуванне тайны і чараўніцтва, а абстрактныя карціны дэманструюць рухлівую, насычаную, жывую каларыстыку.

Выставачны праект мастакоў атрымаўся не толькі цёплым і прыгожым, але яшчэ і філасофскім. Творцы разам вылучаюць моцную энергію дабрыні, якая прасочваецца ў кожнай дэталі, у кожным колеры. Іх сумесная выставачная дзейнасць заўсёды ввклікае вялікую цікавасць і ажыятаж у аматараў мастацтва.

Баланс паміж жаноцкасцю і творчасцю. Выстаўку беларускіх мастачак прадставілі ў галерэі «Арт-фабрыка»

Exit mobile version