Як засцерагчы сябе ад заражэння каранавіруснай інфекцыяй? Ці бяспечна доўга насіць маскі? Ці можна спыніць распаўсюджванне COVID-19? Сваім меркаваннем на гэты конт падзяліўся падчас анлайн-прэс-канферэнцыі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik член камітэта па сацыяльнай палітыцы Савета Федэрацыі РФ, заслужаны ўрач Расіі Уладзімір Круглы.
Чаму трэба насіць маскі?
Паводле яго слоў, праблему пандэміі каранавіруснай інфекцыі не трэба перабольшваць, але і не трэба прымяншаць. Разам з тым, вельмі важна кожнаму сапраўды захоўваць меры індывідуальнай абароны.
На пытанне, ці можна заразіцца каранавірусам на вуліцы, эксперт адказаў, што такая верагоднасць існуе. Асабліва, калі побач знаходзіцца чалавек, які вылучае шмат віруса. Таму, на думку, Уладзіміра Круглага, маску варта насіць і на вуліцы. У якасці прыкладу ён прывёў вопыт КНР, дзе ўвесну без іх нельга было з'яўляцца на вуліцы.
Наколькі маскі эфектыўныя, ці трэба ўвогуле іх насіць, ці засцерагаюць яны ад заражэння? Як распавёў спецыяліст, зусім нядаўна было апублікаванае даследаванне, якое прайшло ў Японіі.
Паводле яго вынікаў, калі абодва чалавекі знаходзяцца ў масках, дык рызыка заражэння зніжаецца да 80%. Калі адзін чалавек носіць маску, дык, адпаведна, у два разы меней. Самую вялікую рызыку 100% заражэння зарэгістравалі, калі абодва не носяць маску. З гэтага можна зрабіць выснову, падсумаваў Уладзімір Круглы: нашэнне масак рэальна засцерагае ад каранавіруснай інфекцыі.
Ці можа доўгае нашэнне масак быць шкодным?
Уладзімір Круглы перакананы, што пры працяглым нашэнні масак небяспека гіперкапніі (атручэнне вуглякіслым газам) моцна перабольшаная. Нашэнне маскі на працягу доўгага перыяду не прывядзе да таго, што чалавек будзе пакутаваць ад недахопу кіслароду.
Калі вірус муціруе, прышчэпка зробіцца бескарыснай?
Сур'ёзных доказаў, што вірус муціруе, пакуль няма, сказаў Уладзімір Круглы. Разам з тым, калі падобнае будзе даказана, спецыяліст выказаў здагадку, што склад вакцыны зможа змяняцца па аналогіі з прышчэпкамі супраць грыпу (штогод састаў такіх вакцынаў змяняецца ў адпаведнасці з прагназуемымі варыянтамі штамаў віруса грыпу). Але пакуль казаць пра гэта заўчасна, падкрэсліў эксперт.
Калі скончыцца пандэмія?
На думку Уладзіміра Круглага, скончыцца гэта можа толькі пасля масавай вакцынацыі людзей і дасягненні калектыўнага імунітэту. Калі атрымаецца хутка вакцынаваць вялікую колькасць людзей, прыкладна 50-60% насельніцтва, гэта дазволіць спыніць пандэмію. Калі гэтага не зрабіць, спадзявацца, што яна знізіцца сама па сабе, як гэта адбылося, напрыклад, з іспанкай, можна, але верагоднасць невялікая.
Як падтрымаць імунітэт?
Моцны імунітэт у цяперашняй сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруса мае важнае значэнне, упэўнены ўрач. Чым яго падтрымаць? Саветы простыя і банальныя. Ужываць дастатковую колькасць вітамінаў, у прыватнасці, вітамін Д. Паўнавартасна харчавацца. Весці здаровы лад жыцця, часцей гуляць на свежым паветры, праходзіць штодня не менш за 10 тысяч крокаў. Калі не атрымліваецца столькі, спецыяліст раіць хадзіць хаця б 6 тысяч, але на выхадных абавязкова дасягаць 10 тысяч. Асабліва гэта тычыцца людзей ва ўзросце 65+.