Самы лекавы з лекавых – гэта, вядома ж, альяс. Яго здаўна вырошчвалі ў сялянскіх хатах менавіта з гэтаю мэтаю. Падчас журналісцкіх вандровак па раёнах, бывала, та-а-а-акія экземпляры бачыла! Якім не адзін дзясятак гадоў. Яно і зразумела: чым старэйшы альяс, тым больш у яго карысных уласцівасцяў. Некаторыя даследчыкі кажуць пра тое, што да трох гадоў расліну лепей не чапаць: не той эфект будзе…
Ёсць альяс і ў мяне… Раней усё парывалася выкінуць, бо стаіць такая рагаза на падваконні… Тады – адшчыкнуць адросткі і вырошчваць ужо іх, акуратна фарміруючы прыгожы куст. У выніку тая каракаціца яшчэ так і расце. Рукі проста да яе не даходзяць. Ну, і раптам спатрэбіцца ўсё ж… Раней і мы лячыліся альясам… Але няма ўжо маёй мілай мамачкі…
Думаю, многія памятаюць: каб атрымаць лепшыя лекавыя ўласцівасці гэтай расліны, варта лісце выкарыстоўваць не адразу, а на некалькі дзён пакласці ў халадзільнік. Але калі сіл няма цярпець боль, а палячыцца хочацца менавіта альясам, можна браць адразу.
Каб пералічыць усю яго карысць, трэба шмат часу патраціць! І месца на партале! 🙂 Таму пра самае адмысловае! Лічыцца, што альяс умацоўвае імунітэт, паляпшае зрок, лечыць ад прастуды, дапамагае зажыўляць наступствы ўдараў, парэзаў, гнойных ранаў, дапамагае пры захворваннях скуры, рэгенеруе і амалоджвае яе, змагаецца з запаленнем і зудам… Абараняе ад УФ-промняў, дапамае пры сонечных апёках… І шмат-шмат чаго яшчэ!
Усё можна знайсці ў сеціве. Як і рэцэпты. Дадам яшчэ, што карысным з’яўляецца сок альясу. Менавіта яго здабываюць рознымі спосабамі з лісця.
Калісьці хтосьці (памятаецца цьмяна) даў нам калізію, больш вядомую, як залаты вус. І праўда, развядзенне вялікай колькасці вусоў, якія адыходзілі ад адной расліны, захапіла на доўгі час. Там ужо не гады існавання лічылі, а колькі «сустаўчыкаў» на «вусах». Ды яшчэ тыя адросткі-сцябліны абавязкова павінны былі быць фіялетавага колеру.
Апёкі, язвы, ачышчэнне ранаў ад гною?! Гэта не толькі да альясу, але і да залатога вуса! А яшчэ яго прымяняюць пры парушэннях абмену рэчываў (цукровы дыябет альбо атлусценне), захворванні суставаў, страўніка… І – так, імунітэт ён таксама павышае. Так што, атрымліваецца, альяс і залаты вус – браты родныя. 🙂
Настоі робяць з лісця альбо «сустаўчыкаў». І, вядома ж, пры прыёме ўнутр сочым за ўласным станам. Раптам алергія ці іншыя праявы?! З асцярожнасцю прымяняем.
А трэцяя расліна ў гэтую цёплую кампанію – індыйская цыбуля (птушкамлечнік хвастаты). Чымсьці нагадвае мае любімыя амарылісы ды гіпеаструмы. Выгляд падобны: цыбуліна – і лісце з яе. Тут ужо мне падабалася сачыць, як расліна выпускала стрэлку. А затым на ёй распускаліся беленькія кветачкі. Прыгожа…
Але гэтая расліна – ядавітая! Таму лісце не грызем, адвараў не робім… Толькі знешняе прымяненне!
Напрыклад, калі баліць галава, раяць сокам з лісця змазваць скроні. Калі радыкуліт альбо рэўматызм – расціраем лісце, змазваем паясніцу, ухутваемся шалікам і трываем пару гадзін. Але-але… Тут шмат што залежыць ад адчувальнасці скуры. Бо штосьці мне цьмяна памятаецца, быццам я пасля таго націрання… пяты кут шукала!
Было тое даўнавата. Індыйскую цыбулю мы аддалі ўжо. Так што стопрацэнтна не скажу. Асцярожней, словам. Бо камусьці і лісце хрэну нармалёва на паясніцу, а хтосьці і пяці хвілін не вытрымлівае…
А яшчэ індыйская цыбуля добра ачышчае паветра! Так што калі не думаеце яе выкарыстоўваць у лекавых мэтах, можна проста трымаць як кветку з такой уласцівасцю. Якая, да таго ж, прыгожа цвіце…
Даўняя любімая «забаўлянка» многіх – вырошчваць таўсцянку, больш вядомую па народнай назве «грашовае дрэва». Таксама была ў мяне. І ўжо няма. 🙂 Думаеце, мне грошы не трэба?! 🙂 Трэба! Але для гэтых мэтаў у мяне «даляравае дрэва» расце! Толькі пра яго – наступным разам.
А таўсцянка… Выдзяляе фінтанцыды, а таму: нармалізуе сон, паляпшае настрой і працаздольнасць, дапамагае змагацца з рэспіраторнымі хваробамі… Та-а-а-аак… Мабыць, давядзецца заводзіць па новай! 🙂
У народнай медыцыне яе выкарыстоўваюць для палягчэння стану пры апёках, дэрматытах, укусах насякомых, пашкоджаннях скуры, пазногцяў грыбком… Пры насмарку раяць змяшаць сок з лісця з вадой і альбо закапваць, альбо прамываць нос… Ну, гэта, як кажуць, на аматара. Каму што падыходзіць. У мяне, напрыклад, калісьці ад закапвання носа сокам альясу яшчэ горш рабілася…
Спецыялісты сцвярджаюць, што дапамагае грашовае дрэва і пры гемароі, і пры варыкозе, і ад прышчоў… Карацей, таксама вельмі карысная расліна! Ну, і на выгляд… З яе можна зрабіць нават… бансай! 🙂
Вось такія цудоўныя, а то і цудадзейныя расліны жывуць у нашых хатах ды кватэрах, а ў кагосьці, магчыма, і ў офісах. Праўда, цікава?! Працяг будзе…
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!